Минчане в Лепеле

img_8006Ну, не зусім каб мінчане, але з Міншчыны, а калі быць дакладным, то з Вілейкі. Абодва, Яна і Максім Шорац, апынуліся на ціхмянай нашай сінявокай Лепельшчыне, можа, і выпадкова, а можа, і не зусім. Аднакласнікі, землякі, яны не так даўно пажаніліся. Яна крыху раней закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і паспела ўжо нейкі час папрацаваць выхавальніцай у Вілейскім дашкольным цэнтры, пакуль яе абранніка, выпускніка Акадэміі авіяцыі, не накіравалі ў Заслонава на службу.
Вядома ж, як нітачка за іголкаю, жонка паехала за мужам, і сям’я Шорац пераехала на месца Максімавай працы. Здымаюць у Заслонаве кватэру. А тым часам Яна на ўласнай машыне штодня ездзіць на працу ў Лепель. Работу знайшла ў яслях-садзе №4, дзе ўладкавалася выхавальніцай.
У Яны Уладзіміраўны самая малодшая група і, можа, самы складаны ўзрост, пад час якога закладваюцца асновы ў чалавеку. А якія ж яны пацешныя! А як жа сур’ёзна і з якой непрыхаванай цікавасцю разглядваюць мой фотаапарат, пакуль збіраюся іх сфатаграфаваць на памяць разам з выхавальніцай. Не любіць такіх маленькіх чалавечкаў, ну, проста немагчыма. Яна любіць сваіх выхаванцаў і ў кожным з іх бачыць будучую асобу. Гэта так важна для педагога, з дзецьмі якога ўзросту ён бы ні працаваў. Працы яна аддае, не будзем казаць усю, але шмат сябе, і таму ў яе ўсё атрымліваецца. І за тое паважаюць яе ў калектыве. Зрэшты, як я ўжо казаў, калектыў у дзіцячым садзе №4 надзвычай удалы. І Яна Уладзіміраўна яшчэ раз гэта пацвярджае, кажа, што працуе сярод людзей светлых, у атмасферы зычлівасці, дзе няма варожасці, зайздрасці, а людзі дапамагаюць адзін аднаму. І таму працаваць тут лёгка і хочацца.
Праца, праўда, крыху далекавата, ды што баяцца адлегласці, калі сама ты за рулём. Малайчына, яна даўно ўжо асвоіла тэхніку, атрымала правы і, што б там ні казалі пра жанчыну за рулём, можа даць фору не аднаму вадзіцелю. Машыну, пакуль што адзіную ў сям’і, дзеляць з мужам. Зрэшты, ёй, тэхніка, вядома ж, патрэбна болей. Максіму тры крокі да працы. А часам машына аб’ядноўвае. Напрыклад, калі едуць адпачываць на азёры. Муж — апантаны рыбак, сама ж Яна можа парыбачыць хіба крыху, для ветлівасці, і то калі рыбка ловіцца. А вось адпачываць на азёрах любяць абодва.
shoracІ тут, можна казаць, ім пашанцавала. Ну што там у Вілейцы — вадасховішча ды рэчка Вілія. А тут, на Лепельшчыне, бачылі іх колькі! Аж стракаціць наш край родны блакітнымі вачыма азёр. Толькі за Заслонавым іх, невялікіх, схаваных у лясах і балотах, кажуць, не меней за пятнаццаць, а якія ж прыгожыя азёры ў Лепелі! Асабліва падабаецца маладой сям’і адпачываць на возеры Святым, дзе і лес побач, і ўзбярэжжа прыгожае, і пакупацца можна, а то і грыбоў у лесе сабраць. Любяць абодва, і Яна, і Максім, паблукаць па лясных гушчарах, парупіцца на “ціхім паляванні” ў грыбах. Любяць і пападарожнічаць. Праўда, муж прынцыповы праціўнік заморскага адпачынку, яму падавай сваё, роднае. Таму часцей усё ж падарожнічаюць па Беларусі. Яну ж вандроўкі прывабілі яшчэ ва ўніверсітэцкія гады, калі яны, студэнты факультэта дашкольнага выхавання, хадзілі ў зімовыя зорныя паходы. Снежнымі зімамі — на лыжах. Збіралі фальклор, знаёміліся з тутэйшымі людзьмі, проста цікава і весела адпачывалі.
А калі застаюцца дома, Яна абавязкова штосьці цікавенькае ды прыгатуе. Вось, напрыклад, запячэ мяса па-французску. Матчына навука. Толькі што маці з ананасам гатуе, а дачка супраць мясной слодычы, таму ананас замяняе грыбамі.
А яшчэ Яна Уладзіміраўна любіць… расфарбоўваць. І кажы пасля гэтага, што прафесія не пакідае адбітак на характары чалавека. Вось жа, зусім як дзіця, любіць расфарбоўваць, толькі не маленькія дзіцячыя карцінкі, а вялікія, “дарослыя”.
Усміхаецца:
— У дзяцінстве наведвала сто пяцьдзясят гурткоў, але ў ніводным з іх надоўга не затрымлівалася. Два-тры месяцы — і ўсё, надакучыла справа.
А вось любоў да выяўленчага мастацтва захавалася на ўвесь час. Яна і зараз часам спрабуе маляваць.
Чарга вучыцца далей настала для Максіма. Паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. А там — жыццё пакажа, як усё далей ляжа. Мажліва пабудуюць у нашым маляўнічым горадзе дом і назаўсёды застануцца мінчане на Лепельшчыне.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>