Лепельчанка создала волшебный уголок возле многоэтажки

dsc_0007Заўсёды, як іду па родным горадзе, звяртаю ўвагу на прыгожыя дамы, поўныя кветак двары, добраўпарадкаваныя  тэрыторыі вакол уладанняў. У прыватным сектары ўсё зразумела. Кожная сям’я мае ўчастак і абуладкоўвае яго на свой густ.  Складаней справы са шматпавярховікамі. Кожны жыве ў сваёй кватэры, а тое, што за яе межамі, цікавіць не ўсіх.

Аднак, лічу, што кожнаму прыемна прайсціся па добраўпарадкаваным райцэнтры, які радуе жыхароў чысцінёй і парадкам. І гэтай тэме мясцовая ўлада надае асаблівую ўвагу, прычым ва ўсім раёне. Радуе, што з кожным годам імкненне жыхароў навесці парадак ва ўласным двары, зрабіць яго ўтульным і камфортным, расце.
Вельмі прыемна назіраць, калі ініцыятыва па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля шматкватэрных дамоў зыходзіць ад саміх жыхароў. Кожную раніцу праходжу каля шматкватэрнага дома на вуліцы Войкава, каля “Вострава чысціні”, які ўпрыгожваюць мудрагелістыя кампазіцыі. І гэта справа рук жыхаркі, якая робіць прыгажосць для сябе і суседзяў, а таксама малой радзімы.
Вырашыла пазнаёміцца з гаспадыняй чароўнага кутка. Галіна Міхайлаўна Гарбунова — карэнная лепяльчанка, дзяцінства прайшло на завулку Садовым. Скончыла сярэднюю школу №1. Папрацавала на розных прадпрыемствах, аднак большасць гадоў, з 1979-га і да пенсіі, адпрацавала ў ААТ “Лепельпрамшвеймэбля” ў мэблевым цэху шліфоўшчыцай. На той час там выраблялі кухонныя гарнітуры, якія і зараз знаходзяцца ў многіх лепельскіх кватэрах.
Праца не з лёгкіх, заўсёды пыл, пах клею, фарбы. Аднак гэта не пужала маю гераіню. Зараз знаходзіцца на адпачынку, дыхае свежым паветрам на сваёй любімай дачы ў Верабках, дзе збіраюцца разам усёй сям’ёй. На падаконніках у кватэры ўжо чакае свайго “пераезду” на ўчастак расада. Шмат гародніны саджае гаспадыня. Трэба ж усю сям’ю забяспечыць. Але не лічыць Галіна Міхайлаўна за працу завіханні на прысядзібным участку, чакае вясновага сонейка, каб больш часу праводзіць на прыродзе, сярод зеляніны.
Падумалася, што зімой сумуе яна ў кватэры ў цёмныя вечары. Аказалася, няма часу на сум. Пачынае ў гэты перыяд рыхтаваць розныя вырабы з пластыку, які мы лічым непатрэбным. Кожнай бутэльцы яна знаходзіць прымяненне, ды не абы якое. Нават пачак ад яек кожны раз набывае арыгінальны выгляд. Купляе фарбу і пачынае размалёўваць кампазіцыі. Як заўважыла гаспадыня, кожны год з’яўляецца жаданне на розны колер. Гэтым летам — больш жоўты і салатавы. У хуткім часе сама будзе фарбаваць і лаўкі каля пад’езда, каб разам з суседзямі пасядзець у цяньку ў летні дзянёк. А на дачы нават вялікія пальмы, дрэвы, аркі з пластыку стаяць усё лета.
— У мяне цікавае жыццё. Ніколі не сумую. Імкнуся зрабіць каля сябе прыгожа і ярка. Не люблю чорны колер. Да добраўпарадкавання, прыгажосці, напэўна, прывучана яшчэ сваімі бацькамі, якія працавалі на ўчастку так, каб нават каля плота не расла трава, заўсёды яе знішчалі, саджалі кветкі, — кажа Галіна Міхайлаўна.
Акрамя гэтага, пакуль не прыйшла вясна, сама робіць біжутэрыю, ды такую прыгожую! Убачыўшы ўпершыню, падумала, што куплена ў магазіне. У кожны выраб укладзена душа рукадзельніцы, таму і карыстаюцца яны папулярнасцю сярод родных і сяброў. Брошкі, бранзалеты, бусы… Не злічыць гэтай прыгажосці.
Мае дзвюх дачок. Ала з сям’ёй жыве ў Лепелі, Марына — у Мінску. У бабулі трое ўнукаў, якія не забываюць, часта наведваюцца. Асабліва падабаюцца дзецям бабуліны амлеты, з якімі заўсёды імправізуе гаспадыня. Задаволена і сваімі зяцямі, якія не баяцца працы, заўсёды адгукаюцца на просьбы і прапановы. А пасля працоўнай дзейнасці арганізуюць усе разам шашлыкі, якія на прыродзе такія смачныя! Недалёка і возера, дзе можна пазагараць і пакупацца. Вельмі любіць Галіна Міхайлаўна лес, дзе з задавальненнем збірае грыбы і ягады, а потым з іх атрымліваюцца разнастайныя нарыхтоўкі на зіму.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>