На срочную — с позитивом

dsc_0045Вельмі важна, каб хлопцы, якія адслужылі ў арміі, вярталіся дадому з добрымі ўражаннямі і дзяліліся імі з сябрамі і знаёмымі. Каб тыя, хто яшчэ не служыў, на свае вочы ўбачылі, наколькі карысная служба ў войску. Каб яны не баяліся, а свядома хацелі ісці служыць, каб вярталіся дадому да сваіх сем’яў пасталелыя, моцныя і адказныя за сябе, сваіх блізкіх і родную краіну.

Гутарым з начальнікам групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў, маёрам Дзмітрыем Заікіным.
— Дзмітрый Юр’евіч, у Лепельскім раёне ў лютым —маі 2019 года праходзіць прызыў грамадзян Рэспублікі Беларусь 1992 — 2001 гадоў нараджэння на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. У якія войскі накіроўваюцца хлопцы з Лепельшчыны?
— У органы пагранічнай службы, унутраныя войскі і Узброеныя Сілы.
— З якім настроем прыходзяць да вас прызыўнікі?
— Прызыўнікі Лепельшчыны ў большасці сваёй ставяцца да вайсковай службы з пазітыўным настроем, як сапраўдныя мужчыны — адказна. Многія разумеюць, што служба ў арміі дапаможа ім у далейшым жыцці. І не толькі для тых, хто задумваецца аб працы ў сілавых структурах. На многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях таксама аддаюць перавагу людзям, якія выканалі абавязак перад Радзімай. Акрамя гэтага, загартоўка, атрыманая падчас службы, дапамагае хутка ўліцца ў любы калектыў, працаваць у камандзе.
— Якую работу праводзяць супрацоўнікі ваеннага камісарыята, каб не было праблем з прызывам?
— Нашы супрацоўнікі актыўна наведваюць навучальныя ўстановы Лепельскага раёна. Як правіла, за год два разы і больш арганізуем сустрэчы з навучэнцамі школ і каледжа, праводзім прафарыентацыю моладзі, займаючыся ваенна-патрыятычным выхаваннем. Цесна супрацоўнічаем з работнікамі пракуратуры, членамі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, прадстаўнікамі ваеннай акадэміі. Акрамя гэтага, праз раённую газету інфармуем насельніцтва, праводзім Дні прызыўніка і многія іншыя мерапрыемствы.
— Якія дакументы трэба мець з сабой прызыўнікам на зборным пункце?
— Абавязкова патрэбны пашпарт, бо цяпер на кожнага салдата рэгіструецца банкаўская картка, на якую будзе пералічвацца грашовае забеспячэнне. Тыя грамадзяне, якія ў будучыні плануюць служыць кіроўцамі, павінны мець пры сабе пасведчанне кіроўцы, талон да яго і медыцынскую даведку. Без гэтых дакументаў ні адзін вайсковец не будзе дапушчаны да кіравання транспартнымі сродкамі. Акрамя гэтага, кожнаму прызыўніку даецца спіс неабходных рэчаў: ніткі, расчоска, крэм, прылады для галення, асабістай гігіены, а таксама іншыя рэчы. Дазваляецца мець пры сабе просты мабільны тэлефон, без камеры і інтэрнэту. У вячэрні час салдатам дазваляецца патэлефанаваць сваім бацькам і блізкім.
— Колькі трэба браць з сабой грошай?
— Браць з сабой вялікую суму грошай няма сэнсу. Калі прызыўнікі прыедуць у вайсковую часць, іх накормяць, выдадуць ваенную форму, правядуць медыцынскі агляд. Да ваеннай прысягі яны будуць праходзіць курс маладога байца. У час службы iм будуць штомесяц выплачваць грашовае забеспячэнне. А на першы час можна ўзяць крыху грошай, але толькі для таго, каб пры неабходнасці купіць прадметы асабістай гігіены.
— У якім адзенні павінен прыбыць прызыўнік?
— Абавязкова — па сезоне, у халодны перыяд трэба мець пры сабе галаўны ўбор, бо каля сутак прыйдзецца дабірацца да воінскай часці. Лепш за ўсё, калі будзе звычайная недарагая вопратка. Бо ў воінскіх часцях адзенне здаецца на захоўванне. У звальненне салдаты і сяржанты ходзяць толькі ў ваеннай форме.
— Ці трэба запасацца харчаваннем? Кожная ж маці хвалюецца пра сына…
— Вядома ж, любая маці клапоціцца пра сваё дзіцяці, але грунтоўна запасацца прадуктамі не варта. Рэкамендую ўзяць харчаванне прыкладна на суткі, бо ў дарозе хлопцам захочацца крыху перакусіць.
— Што забаронена мець пры сабе?
— Забаронена мець колюча-рэжучыя прадметы, алкагольныя і слабаалкагольныя напоі, псіхатропныя рэчывы. Не рэкамендуецца браць з сабой каштоўныя рэчы і ўпрыгажэнні, ланцужкі, пярсцёнкі, а таксама таблеткі.
— Што чакае тых, хто ўхіляецца ад службы?
— Крымінальная адказнасць.
— А вось калі малады чалавек мае цяжарную жонку…
— Нядаўна прыходзіў такі малады чалавек. Адтэрміноўка прадастаўляецца прызыўніку, у якога цяжарная жонка, пры наяўнасці адпаведных дакументаў. Аднак шлюб павінен быць афіцыйна зарэгістраваны. Таксама мае права на адтэрміноўку той, у каго ёсць жонка і дзіця ва ўзросце да 3-х гадоў.
— Вашы пажаданні будучым салдатам…
— Хочацца пажадаць, каб за час службы ў войску салдаты навучыліся ваеннай справе, імкнуліся паказаць сябе добрымі воінамі, а праз паўтара года ці год самі адчулі, што сталі моцнымі маральна і фізічна.
Нагадаю, што ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што абарона краіны — гэта святы абавязак кожнага грамадзяніна нашай дзяржавы. Кожны мужчына павінен навучыцца абараняць сябе, свой дом і сваю Радзіму.
Гутарыла Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>