Блокада около Палика

pomnik-u-v-maka%d1%9ee-barysa%d1%9eskaga-r-na Чэрвень 1944-га… Савецкія войскі рыхтуюцца нанесці знішчальны ўдар па моцнай фашысцкай групоўцы, што размяшчаецца ў Беларусі. Пачынаецца  аперацыя “Баграціён”. Прадчуванне хуткага вызвалення  лунае ў паветры. Аднак сотні партызан працягваюць гінуць на берагах возера Палік.

Возера знаходзіцца на тэрыторыі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, усяго за трыццаць кіламетраў ад нашых мясцін. Са знешнім светам Палік злучае рака Бярэзіна, якая выцякае з возера на поўдні.

Першыя наступленні

Яшчэ грымелі баі ў раёне Ушачаў, а немцы ўжо актывізавалі дзеянні ў паўночнай частцы Мінскай вобласці. Яны распачалі наступленне ў вялікай Барысаўска-Бягомльскай зоне, куды ўваходзілі Бягомльскі, Плешчаніцкі, частка Лепельскага, Халопеніцкага, Барысаўскага, Смалявіцкага, Лагойскага, Заслаўскага, Радашковіцкага і Ільяскага раёнаў. Зону з усходу на захад перасякалі камунікацыі, якія мелі для праціўніка вялікае значэнне.
Па Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоне праходзілі важныя камунікацыі, якія ўтрымліваліся партызанамі, і немцы не маглі прапусціць праз іх ніводнай машыны і ніводнага салдата. Напрыклад, бальшак Віцебск — Лепель — Бягомль — Мінск на ўчастку Лепель — Бягомль — Плешчаніцы цалкам утрымліваўся партызанамі.
Партызаны стрымлівалі шэраг камунікацый, што праходзілі праз раён іх дыслакацыі, і паралізоўвалі рух праціўніка на прылеглых стратэгічна важных камунікацыях, стваралі вялікія цяжкасці ў забеспячэнні падвозу жывой сілы, тэхнікі, боепрыпасаў і харчавання франтавым групоўкам немцаў у раён Орша — Багушэўск — Віцебск.
Было зразумела, што ў выпадку ўскладнення становішча на фронце партызанская зона і буйныя партызанскія сілы ў тыле створаць вялікую пагрозу для праціўніка.
Немцамі было прынята рашэнне: любой цаной знішчыць партызан Барысаўска-Бягомльскай зоны, заняць партызанскі раён і авалодаць дарогамі, якія ішлі праз яго ад фронту на захад. З такой мэтай праціўнік 22 мая 1944 года вялікімі сіламі пяхоты пры падтрымцы артылерыі, мінамётаў, у тым ліку і шасціствольных, баявой авіяцыі павёў наступленне на партызан.

Заслона ворагу

Карная экспедыцыя, якая ахапіла тэрыторыю Барысаўска-Бягомльскай і Сенненска-Аршанскай зон, мела кодавую назву “Кармаран” (“Баклан”). Камандаванне немцаў ставіла перад сваімі часцямі задачу сагнаць усе брыгады Барысаўска-Бягомльскай, Сенненска-Аршанскай і часткі Полацка-Лепельскай партызанскіх зон у балота ў раёне возера Палік і там на невялікай плошчы заблакаваць усе магчымыя выхады. Потым моцным артылерыйска-мінамётным агнём, масавымі налётамі авіяцыі, прачэсваннем балот пяхотнымі падраздзяленнямі разбіць і паразвейваць партызанскія брыгады, морачы іх голадам, ловячы групамі і па адзіночцы.
Наступленне немцаў падтрымлівалася масавымі налётамі авіяцыі на вузлы супраціўлення партызан. Да 20 мая 1944 года немцы на дарозе Лепель — Барысаў стварылі суцэльную абарону, пабудавалі дзоты, траншэі і акопы. Круглыя суткі яны дзяжурылі з кулямётамі ў абароне, ставячы мэтай не выпускаць партызан на ўсход. Услед за гэтым немцы значна ўзмацнілі дарогі Лепель — Беразіно — Докшыцы, дадаткова пабудавалі бункеры, паставілі па ўсёй дарозе кулямёты і павялічылі гарнізон.
Да 8 чэрвеня 1944 года фашысты авалодалі дарогамі Лепель — Барысаў, Лепель — Беразіно, Докшыцы — Плешчаніцы — Лагойск і адцяснілі частку брыгад Сенненска-Аршанскай зоны на захад ад дарогі Лепель — Барысаў. На левым беразе Бярэзіны, паміж рэкамі Вялікая і Жортайка, фашысты заціснулі вялікую групу партызан брыгад імя Панамарэнкі, імя Кірава і брыгады сенненска-аршанскай групоўкі — Сенненскую, 2-ую імя Заслонава, Гудкова, 1-ую імя Заслонава, Багушэўскую другога складу, 2-ую Беларускую імя Панамарэнкі і 1-ую Віцебскую.
Вораг накіраваў свае дзеянні па лініі населеных пунктаў Студзёнка, Замошша, Пастрэжжа, Майсееўшчына і Драны Бор. Чатыры дні ішлі цяжкія баі. Восьмага чэрвеня на шырокім участку немцы павялі наступленне супраць брыгады імя Кірава. Адкінулі брыгаду ў балоты і занялі апошнія населеныя пункты ў партызанскай зоне на левым беразе Бярэзіны: Студзёнку, Сівы Камень, Жортай, Жортайку, Абез, Палік, Гукі, Заверацёнку і Глыбочыцу. Кола блакады звужалася. Да 16 чэрвеня брыгада Кірава была акружана і прыціснута да Паліка. Увесь час пазіцыі партызан абстрэльваліся з мінамётаў і гармат.
Дзявятага чэрвеня 1944 года з накірунку Барань, Обча, Робск, Кішчына Слабада немцы павялі наступленне на брыгаду імя Панамарэнкі і занялі вёскі Палік, Клетнае, Жортайка, хутар Высаднае, выйшлі на левы бераг Жортайкі і занялі абарону.
Групоўку партызан раёна возера Палік праціўнік разрэзаў сваёй абаронай, якую стварыў на правым і левым берагах Бярэзіны, на ўчастку возера Палік — Броды.
Акрамя агнявых кропак па беразе, праціўнік кантраляваў Бярэзіну маторнымі лодкамі. Авалодаўшы берагам ракі, немцы пазбавілі партызан магчымасці манеўраваць. Дзясятага чэрвеня немцы павялі наступленне з раёна Зембіна на брыгаду “Дзядзькі Колі” і пачалі паступова цясніць яе да Паліка.
З кожным днём становішча на правым беразе Бярэзіны каля Паліка ўскладнялася. У ходзе васьмідзённых баёў вялікая групоўка ворага агульнай колькасцю да двух пяхотных палкоў пры падтрымцы танкаў заняла Сялец, Будзенічы, Улессе, Убарок і левы бераг ракі Мрай.
У крытычнай сітуацыі, якая склалася на левым і правым берагах Бярэзіны, на паўночны захад і паўночны ўсход ад возера Палік, партызанам трэба было прымаць адказнае рашэнне, бо з моцнага варожага кальца было толькі два выйсці: загінуць у палікоўскіх балотах ці вырвацца з вогненнай блакады.

Доўгачаканае выратаванне

Па-рознаму склаўся лёс партызанскіх фарміраванняў, якія былі блакаваны па абодва бакі Бярэзіны, ля Паліка. Найгоршая аператыўная абстаноўка ў сярэдзіне чэрвеня 1944 была на правабярэжжы ракі. На гэтую частку партызанскай групоўкі, куды ўваходзілі брыгады “Дзядзькі Колі”, “Дубава”, Лёзненская, два атрады брыгады “Смерць фашызму”, рассеяныя групы брыгады “Штурмавая”, адзін атрад Заслонаўскай брыгады, групы брыгады імя Фрунзе, немцы вялі актыўнае наступленне.
Дзявятага чэрвеня было створана суцэльнае кальцо трохэшаланіраванай абароны немцаў вакол возера Палік. Дзевяць дзён вялі жорсткія баі ў поўным акружэнні бягомльскія, сенненскія і лепельскія партызаны. Па некалькі сутак людзям даводзілася стаяць і рухацца па пояс у вадзе, харчавацца травой і мінулагоднімі ягадамі. Немцы станавіліся ўсё больш упартымі, лезлі ў непраходныя балоты.
На правым беразе Бярэзіны для сумесных дзеянняў былі аб’яднаны брыгады “Дубава” і імя ВЛКСМ пад кіраўніцтвам Шарко (начальнік штаба бр. “Дубава”) і Куксенкі (камандзір брыгады імя ВЛКСМ). 11 чэрвеня брыгады пачалі прарыў у розных накірунках, але, не дасягнуўшы поспеху, вырашылі 13 чэрвеня прарваць абарону ў чатыры гадзіны раніцы не ў лясным масіве, а на чыстым полі. Брыгады падышлі ўшчыльную да ворага ў вёсцы Макаўе, штурмам прарвалі варожую абарону і знішчылі шэсць гарнізонаў: Макаўе, Можніца, Собалеўка, Халмоўка, Ніўкі і Змена.
Застаецца загадкай, чаму не ўсе партызанскія фарміраванні, што знаходзіліся на правым беразе Бярэзіны, выйшлі з блакады. Магчыма, паміж партызанамі не была наладжана сувязь, што ў той сітуацыі было зрабіць вельмі складана. Немцы таксама маглі адрэагаваць аператыўна і хутка закрыць пралом, што ўтварыўся ў іх абароне, а партызаны ў складаных лясіста-балоцістых умовах не маглі хутка манеўраваць, не маючы разведданых аб размяшчэнні нямецкіх падраздзяленняў.
З 18 чэрвеня, пасля масіраванага артылерыйскага і мінамётнага абстрэлаў і бамбёжак, немцы павялі наступленне на базы брыгады “Дзядзькі Колі”, якая заставалася ў акружэнні на правым беразе Бярэзіны. У гэтым кальцы таксама заставаліся атрад брыгады “Смерць фашызму”, Ліёзненская брыгада, групы брыгады “Штурмавая”, адзін атрад Заслонаўскай брыгады, групы брыгады імя Фрунзе. Тут жа знаходзіўся штаб злучэння партызанскіх брыгад Барысаўска-Бягомльскай зоны на чале з Героем Савецкага Саюза Раманам Мачульскім.
Рыхтуючыся нанесці партызанам апошні ўдар, фашысты працягвалі ўмацоўваць берагі Бярэзіны. 17 чэрвеня немцы пачалі пракладваць па балоцістай мясцовасці насціл з бярвення. Калі працягласць дарогі дасягнула 600 метраў, партызаны зрабілі засаду.
Лясныя мсціўцы былі знясіленыя шматдзённымі баямі. Не хапала харчавання і боепрыпасаў. Сярод партызан было шмат параненых. На невялікі ўчастак ля Паліка немцы скінулі сотні бомб. Напрыклад, налёт варожай авіяцыі 18 чэрвеня працягваўся гадзіну. Затым пачаўся мінамётна-артылерыйскі абстрэл. Усё перакапалі снарады і міны. Павялічылася колькасць забітых і параненых. Тут загінуў начальнік штаба злучэння Мікалай Садоўскі. Атрымалі раненні Мачульскі і ўпаўнаважаны Беларускага штаба партызанскага руху Бардадын.
19 чэрвеня налёт варожай авіяцыі і мінамётна-артылерыйскі абстрэл паўтарыліся. На наступны дзень у наступленне пайшла вялікая група аўтаматчыкаў. Партызаны з брыгады “Дзядзькі Колі” контратакай адкінулі ворагаў. Карнікі пачалі накіроўвацца ў балота вялікімі групамі.
Становішча на 18 чэрвеня ў раёне Паліка было напружаным. Праціўнік пацясніў брыгаду “Дзядзькі Колі” і заняў вёску Сялец (тры кіламетры на захад ад Паліка), дарогу з Сяльца на возера Палік, вёску Улессе, вышыню 199,1, дарогу Будзенічы — Убарок, вёскі Убарок, Старына, а таксама левы бераг ракі Мрай на ўчастку Убарок — р. Бярэзіна і далей па Бярэзіне да Паліка. На гэтым участку немцы вырашылі нанесці галоўны ўдар па партызанах, маючы даныя аб іх вялікай канцэнтрацыі на гэтым “пятачку”.
У балотах ля Паліка немцы прычынілі вялікія страты брыгадам “Дзядзькі Колі” і Лёзненскай. Шмат партызан гэтых брыгад трапіла ў палон. У самы крытычны момант акружаным каля Паліка партызанам дапамогу аказала савецкая бамбардзіровачная авіяцыя. Яна здзейсніла паспяховы налёт на баявыя парадкі немцаў.
Больш пашанцавала брыгадам, што знаходзіліся на левым беразе Бярэзіны. На гэтым участку немцы не паспелі распачаць актыўных баявых дзеянняў у адпаведнасці з планамі.
Адна і другая партызанскія групоўкі рыхтаваліся да прарыву. Напрыклад, брыгада імя Кірава рыхтавалася штурмам прарваць кальцо акружэння паміж вёскамі Глыбочыца і Гукі. Аднак у ноч на 23 чэрвеня, калі павінен быў адбыцца рашаючы штурм нямецкіх умацаванняў, радыст прыняў радыёграму аб пачатку Беларускай наступальнай аперацыі. 27 чэрвеня ноччу немцы знялі блакаду з раёна Паліка і адвялі войскі на Мінск, Барысаў і Лепель.
Толькі дзякуючы пачатку аперацыі “Баграціён” партызанскія фарміраванні, блакаваныя немцамі ў раёне Паліка, здолелі часткова захаваць сваю баяздольнасць і далей сумесна з наступаючымі часткамі Чырвонай Арміі працягвалі дабіваць ворага.
Валерый ТУХТА,
краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>