Старейшина на Лепельщине

img_0710— Да каго звяртаецеся, калі трэба вырашыць пэўнае пытанне ў вёсцы? — пытаюся ў старшыні Лепельскага сельвыканкама Васіля Шапкі.
— У якой вёсцы? — перапытвае.
— Ну, скажам, у Паддуб’і.
— Вядома, да старэйшыны Ніны Яско, — з упэўненасцю адказвае Васіль Іванавіч. — А давайце да яе заедзем.
Дом Ніны Уладзіміраўны і яе мужа стаіць амаль адразу пры ўездзе ў вёску з боку райцэнтра. Відаць, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары: пад снегам хаваецца роўны газон, да дзвярэй дома вядзе невялікая алея з елачак, убаку стаіць летняя альтанка. А ў глыбіні двара ля гаспадарчых пабудоў складзены некалькі запчастак і трактарных агрэгатаў — значыць, мужчына мае тэхніку і ўмее на ёй працаваць. Вядуць людзі гаспадарку.
Аднак гаспадар якраз у той момант выязджаў у Лепель па справах, а Ніна Уладзіміраўна запрасіла нас у хату выпіць чаю і пагутарыць.
— Апошнім часам становішча стабілізавалася, і гаспадарку зноў можна весці, — з уздыхам дзеліцца жанчына набалелым, — а некалькі гадоў таму ў сувязі з пагрозай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней — зусім цяжка было. Па першым часе Паддуб’е ўключылі ў санітарную зону вакол свінафермы ў Забалацці, у вёсцы было загадана вынішчыць усіх свіней. Уявіце сабе, што некаторыя людзі трымалі свінаматак і кныроў — які гэта быў удар па асабістых гаспадарках! Цяпер санітарную зону скарацілі, нас з яе выключылі, людзі зноў сталі трымаць свіней, але свінаматак ужо не гадуюць…
— Скарачэнне жывёлы ў асабістых прысядзібных гаспадарках — агульная тэндэнцыя, — дадае Васіль Іванавіч. — На сёння ў 42 населеных пунктах утрымліваюць толькі 27 кароў. Я падняў дакументы ранейшых гадоў, дзе ўказваецца, што, напрыклад, у адным толькі Вялікім Поўсвіжы ў сярэдзіне 1990-х гадоў утрымлівалася каля сотні кароў.
У Паддуб’е Ніна Яско прыехала ў 1979 годзе. Адразу стала працаваць у мясцовай краме райспажыўтаварыства, адсюль і пайшла на пенсію. Па роду працы ведала ўсіх і кожнага не толькі з Паддуб’я, а і з навакольных вёсак. Прыходзілі пажылыя і маладыя мужчыны, якія набывалі і цыгарэты, жанчыны і бабулькі куплялі хлеб, крупы, макароны, кансервы, і ўсе гутарылі, дзяліліся навінамі, абмяркоўвалі праблемы, таму і не дзіўна, што мясцовы прадавец была заўсёды ў курсе ўсіх спраў. А ў канцы 1990-х гадоў Ніне Уладзіміраўне прапанавалі паўдзельнічаць у выбарах у дэпутаты сельсавета.
— Да гэтага дэпутатам ад нашай акругі была Наталля Машара з Шубнікаў, — успамінае Ніна Уладзіміраўна. — Яна доўгі час выконвала свае абавязкі, але ўсё ж такі гады… Потым дэпутатам выбралі мяне, а праз некалькі гадоў — і вясковай старэйшынай.
— Якія галоўныя абавязкі ў старэйшыны вёскі?
— Мноства! Кожны дзень, лічыце, звяртаюцца, тэлефануюць, просяць дапамогі. Напрыклад, у Зялёным Востраве жыве пажылая жанчына, разам з ёй — сын-інвалід. Аднойчы да яе не даехала аўталаўка па прычыне заснежанай дарогі. Яна мне патэлефанавала, я купіла харчоў і ўвечары ёй адвезла. Увогуле, стан дарог — адна з балючых тэм. Зараз, зімой, даводзіцца часта тэлефанаваць Васілю Іванавічу, турбаваць. А вясной будуць новыя клопаты — да Радаўніцы трэба абуладкаваць могілкі. Насцярожвае, што працаздольных людзей у вёсках усё менш і менш. Гадоў 15-20 таму не было праблем сабраць маладых, здаровых мужчын з сякерамі, бензапіламі і іншым інструментам ды навесці парадак на могілках, уздоўж дарог і вуліц. А зараз і людзей меней. Тыя ж, што засталіся, апатычныя, не ініцыятыўныя. Расштурхаць іх, прымусіць зрабіць штосьці дзеля сябе, для таго, каб самім зручней было жыць, — праблема.
Пры гэтым, аднак, Ніна Уладзіміраўна не губляе аптымізму, з надзеяй і верай глядзіць наперад. Нядаўна ў доме распачалі рамонт. З гаспадаром спадзяюцца да вясны, да пачатку палявых работ паспець навесці парадак. Працуюць жа найперш для сябе, для сваёй зручнасці, каб навокал было прыгожа.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Ніна Яско на двары перад альтанкай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>