Инженер с романтичной душой на Лепельщине

dsc_0007Па спецыяльнасці — інжынер, аднак рамантычная душа. Вершы піша на розную тэматыку. Так, адным сказам, можна ахарактарызаваць маю суразмоўцу. Алеся Садоўская нарадзілася ў Лепелі, скончыла сярэднюю школу №3 з залатым медалём. З дзяцінства марыла працаваць у раённым аддзеле ўнутраных спраў следчым. Родныя адгаворвалі ад дзіцячай мары аб “крутой” прафесіі — не пераканалі. Для многіх падлеткаў, напэўна, па фільмах гэтая прафесія карысталася папулярнасцю. Дазналася пра ўсе экзамены, якія трэба здаваць, шмат чытала пра асаблівасці вучобы і працы ў гэтым накірунку. І толькі лёс распарадзіўся іначай і прапанаваў збочыць з гэтай сцяжынкі. У год паступлення папросту не патрабаваліся студэнты жаночага полу.
Актывістка з дзяцінства, не сядзела на месцы, удзельнічала ў алімпіядах па розных дысцыплінах. У адзінаццатым класе вырашыла прыняць удзел ва ўніверсіядзе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па матэматыцы. Было два туры: у першым набрала 100 балаў, у другім — на некалькі менш. Пасля такіх вынікаў Алесі прапанавалі залічэнне на любы тэхнічны факультэт без экзаменаў.
— Вырашыла на ўсялякі выпадак запісацца папярэдне на інжынерна-экалагічны факультэт ВВ. Што такое ВВ, мяне не цікавіла. Спадабалася назва. На той час нават не ведала, якая будзе спецыяльнасць, у чым асаблівасць навучання. А ў самой у думках — паступленне на юрыдычны факультэт у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Аднак здарылася так, што дакументы трэба здаваць нашмат раней, і магчымасць паступлення ў іншы ўніверсітэт знікае. Усе знаёмыя і родныя пачалі адгаворваць ад паступлення: “Якая розніца, у якім універсітэце набываць адукацыю?”, “А раптам не паступіш?”.
Так і пайшла вучыцца па невядомай спецыяльнасці ВВ — “водазабеспячэнне, водаадвядзенне, ачыстка прыродных і сцёкавых водаў”. Па першым часе не спадабалася, нават хацела кінуць вучобу. Аднак перамагло сяброўства. Дзяўчаты з групы адгаварылі. Урэшце, скончыла ўніверсітэт з чырвоным дыпломам. Любімым прадметам на працягу ўсёй вучобы была “Экалогія”, і выкладчык прапанавала займацца паглыблена. Два гады паралельна з асноўнай вучобай навучалася з іншымі студэнтамі пасля заняткаў у гэтым накірунку. У выніку пасля экзамену атрымала дадаткова шведскі дыплом “Экалогія і абарона Балтыйскага мора”.
Пасля вучобы ў 2003 годзе вярнулася ў родны горад у КУВП ЖКГ “Лепель”. Прадпрыемства мяняла назвы, а Алеся нязменна працавала тут. Ужо больш за пятнаццаць гадоў стажу па спецыяльнасці. Зараз працуе начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла “Лепельводаканал” Віцебскага абласнога КУП водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі “Віцебскаблводаканал”.
— Чым займаецца ваш аддзел?
— Арганізоўваем тэхнічную падрыхтоўку вытворчасці, іншых відаў асноўнай дзейнасці прадпрыемства, забяспечваем паляпшэнне якасці прадукцыі. Таксама праводзім аналіз работы сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення з распрацоўкай рэкамендацый па зніжэнні страт, займаемся і іншай дзейнасцю, звязанай з працай нашага прадпрыемства.
Не толькі работай жыве чалавек… Будучага мужа Юрыя спаткала на свяце 9 Мая ў парку. З сёстрамі і сяброўкамі пайшла прагуляцца, апынуліся ў адной кампаніі. Пачалі сустракацца, аднак рэдка, толькі па выхадных, бо ў той час яшчэ вучылася. А вось калі прыехала на працу ў Лепель, адразу вырашылі пабрацца шлюбам. Ужо пятнаццаць гадоў ідуць па жыцці разам. Сын Глеб для маці — гонар. Як толькі пачалі размову пра яго, у маладой жанчыны засвяціліся вочы. Вельмі актыўны малады чалавек, зараз вучыцца ў восьмым класе гімназіі імя І.М. Ерашова. Удзельнічае ў алімпіядах. Як і маці, “сябруе” з матэматыкай, рашае рознага ўзроўню задачы без вялікіх складанасцяў. Акрамя гэтага, спартсмен — займаецца дзюдо і веславаннем, удзельнічае ў спаборніцтвах. А ў вольную хвілінку не сядзіць на канапе ля тэлевізара, а “раскручвае” свой канал у інтэрнэце. Штосьці заўсёды здымае, запісвае, нават прыйшлося спецыяльную камеру купляць для хобі сына.
А вось у Алесі Васільеўны хобі — гэта праца. Нават у сямейнай размове заўсёды “ўсплываюць” рабочыя моманты. Аднак ёсць любімая справа для душы, не хапае папросту часу на яе. Яшчэ са школы Алеся піша вершы, ды такія ўдалыя! Раней, у падлеткавым узросце, — больш пра каханне, цяпер — віншаванні на святы. А пачалося ўсё з гуртка “Роднае слова”, у які запісала настаўніца. Калегі ўжо прывыклі, што на прафесійнае свята Алеся ўсіх павіншуе вершаванымі радкамі з гумарам і лёгкасцю. Нават на юбілей газеты “Лепельскі край” ад ЛКУВП ЖКГ “Лепель” яна віншавала сваімі вершамі наш калектыў. Прыйшлося і ў конкурсе паўдзельнічаць, які аб’явіў магазін абутку “Белвест”. Трэба было напісаць верш менавіта пра гэты брэнд, з чым мая суразмоўца справілася на выдатна і атрымала прыз.
А вось муж захапляецца рыбалкай — як зімовай, так і летняй. Мае шмат снасцяў, лодку. Можа дзень размаўляць аб сваім хобі без перапынку. Зараз працуе ў Расіі на будаўніцтве мастоў. Калі прыязджае дадому, вольны час праводзіць на возеры.
Хоць і жывуць у кватэры, аднак выхадныя праводзяць на прыродзе. Збіраюцца сям’ёй і едуць да бацькоў мужа, якія жывуць у маляўнічым месцы, каля возера. Там створаны ўсе ўмовы, каб адпачыць душой і целам. Можна схадзіць на рыбалку, пасядзець у альтанцы. Гатуюць на свежым паветры ўху, шашлыкі, не забываюць пра клёцкі і дранікі — улюбёныя стравы ўсіх. А па суботах заўсёды паліцца лазня. Сустракаюцца вялікай дружнай сям’ёй і бавяць весела час.
Дазналася, што мая суразмоўца яшчэ і добрая гаспадыня. З ранняй вясны ўжо пачынае завіхацца на прысядзібным участку, дзе ёсць свая цяпліца.
— Спачатку садзім цыбулю і радыску, першая зеляніна заўсёды ідзе з ахвотай. Калі надыходзіць час, у цяпліцы ўжо размешчаны памідоры і перац. Праз пэўны час пачынаюцца нарыхтоўкі на зіму, — так кажа пра свой адпачынак Алеся Садоўская.
Н. МІЦЬКІНА.
На здымку: Алеся Садоўская.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>