ТЦСОН Лепельского района празднует юбилей

img_6181Быць чулым і ўважлівым да людзей, знайсці патрэбныя словы, каб падтрымаць і суцешыць, быць гатовым у любы момант аказаць патрэбную дапамогу і адчуць чужы боль… Менавіта такія якасці аб’ядноўваюць работнікаў сацыяльнай службы. Са спецыялістамі гэтай высакароднай прафесіі мы сустракаемся на працягу ўсяго жыцця. Прызначэнне пенсій і сацыяльных дапамог, садзеянне ў працаўладкаванні, аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі, работа з пажылымі людзьмі, шматдзетнымі сем’ямі, інвалідамі — і гэта далёка не ўвесь пералік паслуг, якія штодзень прадастаўляюць спецыялісты сацыяльнай галіны, а менавіта ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна”. Ім, сённяшнім работнікам і ветэранам службы, было прысвечана ўрачыстае мерапрыемства з нагоды стагоддзя сацыяльнай службы ў Лепельскім раённым Доме культуры. Для таго каб ад душы павіншаваць спецыялістаў гэтай прафесіі і выказаць ім цёплыя пажаданні, у актавай зале РДК сабраліся таксама работнікі іншых арганізацый, устаноў, якія на працягу многіх год вядуць з сацыяльнай службай плённае супрацоўніцтва.
img_6104Адразу пры ўваходзе ў фае РДК кожны з гасцей адчуваў святочны настрой. Немагчыма было прайсці міма яркай выставы, дзе былі прадстаўлены непаўторныя вырабы, створаныя ўмелымі рукамі майстроў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Радавалі арыгінальныя пано, карціны, паштоўкі, вырабы з бісеру, і ў кожным творы адчуваліся цяпло душы, шчырасць і адкрытасць. Тут жа была наладжана фотавыстава, на якой расказвалася аб цікавых і насычаных буднях работнікаў сацыяльнай службы, ветэранаў устаноў.
Мілагучныя акорды музыкі паклікалі гасцей у глядзельную залу РДК. Цудоўнай харэаграфічнай кампазіцыяй сустрэлі ўсіх юныя артысты ўзорнага ансамбля танца “Лілея”, выдатны настрой падарылі гледачам удзельнікі гурта “Мятліца” Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.
img_6164Цёпла прывітала калег, ветэранаў службы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Іназемцава. Марына Аляксандраўна расказала аб гісторыі развіцця сацыяльнай службы нашага раёна, яго сённяшнім жыцці, шматлікіх поспехах работнікаў і карысных пачатках на будучыню.
За добрасумленную і эфектыўную работу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі па сацыяльнай абароне насельніцтва Ганаровыя граматы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама ўручаны галоўнаму спецыялісту аддзела сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлане Гутнік, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” Зінаідзе Сімака. За добрасумленную работу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў Падзяка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама аб’яўлена Ірыне Печкуровай, начальніку аддзела прызначэння пенсій упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Вользе Рудзько, кіраўніку гуртка аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна”. Падзякі старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама атрымалі таксама Лідзія Шайтар і Святлана Смажэўская, сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Цёпла прывітаў работнікаў сацыяльнай службы і выказаў ім найлепшыя пажаданні намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. За шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам — Днём работнікаў сацыяльнай абароны — Ганаровыя граматы райвыканкама Віктар Уладзіміравіч уручыў Марыне Іназемцавай, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Тамары Васіленка, намесніку начальніка, начальніку аддзела па занятасці ўпраўлення, Вользе Северыной, спецыялісту па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і Юліі Усцінавай, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі галоўны спецыяліст аддзела прызначэння пенсій упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Цар, галоўны спецыяліст аддзела занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Шамаль, эканаміст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Мархотка. Падзякі ўручаны таксама кіраўніку гуртка аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Арцёму Марчанку і сацыяльнаму работніку аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра Іне Якімавай. Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны Ірына Конік, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і Дзіяна Раманенка, сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Шмат цёплых слоў у адрас калег выказала старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аліна Тухта.
Шчырыя пажаданні былі адрасаваны ветэранам, праца якіх стала не толькі часткай гісторыі сацыяльнай службы, а і яркім прыкладам бязмежнай любові да людзей і адданасці абранай справе. Ад імя калектыву сацыяльных работнікаў святочныя сувеніры былі падораны паважаным ветэранам сацыяльнай службы Надзеі Сарамбаевай, Васілю Рававому, Валянціне Носік, Тамары Аўдзеенка, Марыі Правілавай, Веры Ляўко і многім іншым самаадданым работнікам.
Цёплыя святочныя віншаванні работнікам сацыяльнай службы адрасавалі таксама кіраўнікі арганізацый і службаў, з якімі на працягу многіх год вядзецца плённае супрацоўніцтва. Гэта дырэктар КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” Вера Закрэўская, старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй, Валерый Кляшторны, старшыня Бароўскага сельвыканкама, і дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне Алена Вашкевіч. Мне ж, аўтару гэтых радкоў, было дадзена права выказаць святочныя віншаванні работнікам сацыяльнай службы ад імя калектыву рэдакцыі раённай газеты “Лепельскі край”.
Шчырыя віншаванні ў адрас самаадданых работнікаў сацыяльнай галіны выказаў старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Майзус. Разам з цёплымі пажаданнямі Васіль Канстанцінавіч уручыў памятныя падарункі ветэранам сацыяльнай службы Надзеі Сарамбаевай, Аліне Тухта, Марыі Правілавай і Веры Ляўко.
Сцэнічная дзея паступова ператварылася ў яркае, непаўторнае свята. Уразілі гледачоў цудоўныя выступленні таленавітай цымбалісткі Ганны Шаркоўскай, спевы вядомага ў раёне выканаўцы Дзяніса Аблавушкі. Яркімі акордамі канцэрта сталі выступленні ўдзельнікаў вакальнага ансамбля “Гармонія” аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “ТЦСАН Лепельскага раёна”, салісткі вакальнай групы “Сударушкі” Бароўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніны Бяздзенежных і іншых артыстаў. Зарад выдатнага настрою падарыла гледачам выступленне юных артыстаў дзіцячага тэатра гульні “Вясёлы перапынак” Лепельскага РДК, якія прачыталі вершы пра маму-сацыяльнага работніка, якая можа быць адначасова дворнікам, агароднікам, цесляром, медсястрой і не толькі.
У адрас работнікаў сацыяльнай службы не сціхалі шчырыя вершаваныя радкі. Менавіта давер людзей, сардэчная падзяка і ёсць найлепшая ўзнагарода для людзей, прызванне якіх — дарыць душэўную ласку і пяшчоту, саграваць клопатам і ўвагай людзей, якія маюць у гэтым асаблівую патрэбу. Пакідаю свята з выдатным настроем, і ад сэрца ідуць пажаданні: “Няхай жа з вамі заўсёды будуць толькі моцнае здароўе, радасць, бадзёрасць і аптымізм, а штодзённая работа прыносіць толькі задавальненне!”.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: яркія моманты мерапрыемства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>