Стать водителем в армии …

ryadovoj-sivakov Многім вядома, што адна з найбольш распаўсюджаных ваенна-ўліковых спецыяльнасцей — вадзіцель. Калі малады чалавек не атрымаў вадзіцельскія правы да прызыву на службу ў шэрагах Узброеных Сіл, ён мае магчымасць атрымаць іх у арміі. А калі хлопец быў выкліканы ўжо вадзіцелем, ён можа папоўніць свае правы на кіраванне транспартным сродкам новымі і нават дэфіцытнымі катэгорыямі.

Напрыклад, у шасці школах 72-га Аб’яднанага вучэбнага цэнтра штогод рыхтуюць каля пяцісот тысяч курсантаў па ста ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Многія з іх, да слова, аналагічныя грамадзянскім. Вадзіцелі шматвосных аўтамабіляў, аўтарамонтнікі, электрыкі, сувязісты, повары, акумулятаршчыкі… Гэтыя і многія іншыя спецыяльнасці запатрабаваныя ў цяперашні час на рынку працы нашай рэспублікі. Адназначна можна сказаць: армія тут рыхтуе кваліфікаваных спецыялістаў не толькі для Узброеных Сіл, а і для народнай гаспадаркі краіны.

У складзе 320-ай школы падрыхтоўкі спецыялістаў інжынерных войскаў, войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, ваенна-паветраных войскаў і войскаў супрацьпаветранай абароны ёсць, напрыклад, адзіная вучэбная рота. Тут рыхтуюць машыністаў аўтамабільных кранаў і стропальшчыкаў практычна для ўсіх родаў войскаў беларускай арміі.

За час тэрміновай службы многія хлопцы паспяваюць павысіць сваю кваліфікацыю, якая абаязкова спатрэбіцца ім у грамадзянскім жыцці пасля звальнення ў запас — скажам, машыністамі аўтакрана ў будаўнічых арганізацыях. Армейская ж служба ў гэтым плане — гарантаваны крок да атрымання прафесіі, якая для кагосьці з’яўляецца марай.

У той жа 320-ай школе рыхтуюцца спецыялісты сілавых і асвятляльных электрычных станцый. Па заканчэнні “вучэбкі” электрыкі-дызелісты арымліваюць другую, а ў войсках — трэцюю групу допуску па бяспецы. Гэта дазваляе ім самастойна працаваць на электрастанцыях, прызначаных для харчавання розных спажыўцоў пераменнага трохфазнага тока да 500 вольт або магутнасцю да 100 кілават. З такой ваенна-уліковай спецыяльнасцю пасля звальнення ў запас маладыя людзі лёгка знаходзяць сабе месца ў жыцці, паколькі падобныя электраўстаноўкі прымяняюцца ў цяперашні час практычна ва ўсіх арганізацыях і ўстановах Беларусі як крыніцы рэзервнага або стацыянарнага электрахарчавання.

Вельмі папулярнай і запатрабаванай у цяперашні час з’яўляецца спецыяльнасць повара. Армейскіх майстроў поварскага мастацтва рыхтуюць таксама ў 72-ім гвардзейскім Аб’яднаным вучэбным цэнтры.

Як паказвае практыка, грамадзянскія прафесіі большасці курсантаў абсалютна не звязаны з поварскай справай. Гэта значыць, хлопцам прыходзіцца асвойваць азы сваёй будучай спецыяльнасці ў літаральным сэнсе з нуля.

Пасля чатырохмесячнага навучання выпускнікі “вучэбкі” атрымліваюць кваліфікацыю повара трэцяга разраду і адпаведнае пасведчанне ўстаноўленага агульнарэспубліканскага ўзору. Больш таго, воін, які займаецца поварскай справай, пасля паўгадовага армейскага стажу мае права павысіць сваю кваліфікацыю. Хіба гэта не стымул для паспяховай службы?

Запатрабаваныя на рынку працы і выпускнікі 59-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў. Штогод тут выпускаецца каля васьмісот падрыхтаваных вадзіцеляў БТР, акумулятаршчыкаў, рамонтнікаў колавых, гусенічных машын і майстроў па рамонце электраабсталявання. Атрымаўшы ў арміі практыку, гэтыя хлопцы пасля тэрміновай службы могуць без праблем уладкавацца на работу аўтаслесарамі, механізатарамі або спецыялістамі па рамонце электраабсталявання грузавых аўтамабіляў.

Праходзячы ў вучэбным цэнтры неабходную дападрыхтоўку, учарашнія школьнікі з вадзіцельскімі правамі не толькі атрымліваюць добрую практыку эксплуатацыі габарытных шматвосных машын, а і маюць магчымасць дадаткова набыць катэгорыю “Е” з правам кіравання вялікагрузнымі аўтамабілямі з прычэпам (паўпрычэпам). Пасля службы яны — гатовыя дальнабойшчыкі і вадзіцелі шматвосных колавых цягачоў.

Вельмі каштоўны ў народнай гаспадарцы і армейскі вопыт механікаў-вадзіцеляў баявых машын пяхоты, танкаў і іншай гусенічнай тэхнікі. Сёння, напрыклад, у лясных гаспадарках, геалагічных экспедыцыях ёсць нямала лесапажарных і спецыяльных машын, якія створаны на базе тых жа БМП і БРДМ. Кіраваць такой тэхнікай давяраюць, вядома, ваеннаслужачым запасу, якія ў свой час скончылі армейскую “вучэбку”.

Ёсць у нашай арміі і такія спецыяльнасці, якія можна (і нават прасцей!) набыць менавіта ва Узброеных Сілах, і ў наступным яны могуць стаць высокааплочваемай прафесіяй маладога чалавека. Напрыклад, прафесія вадалаза, аўтаслесара.

Кожная ваенная спецыяльнасць каштоўная па-свойму. Повар і аўтакранаўшчык, электрык і вадзіцель, сувязіст і рамонтнік, вадалаз… Усе гэтыя прафесіі патрэбны і ў арміі, і на “грамадзянцы”. Гэта ваенна-уліковыя спецыяльнасці двайнога прызначэння, якія заўсёды запатрабаваны, ганаровыя і ў арміі, і ў дзяржаве.

Радавы Мікіта Сівакоў прызваны на тэрміновую ваенную службу з аграгарадка Слабада Лепельскага раёна.

У ліпені 2018 года хлопец скончыў Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж, дзе атрымаў прафесію тэхніка-механіка са спецыялізацыяй “Машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў”. Вучыўся добра, і па размеркаванні трапіў працаваць у ААТ “Нафтан”. Тут Мікіта шчыраваў да прызыву ў армію.

— У час работы мяне выклікалі ў ваенкамат для праходжання медкамісіі. Прайшоў яе і даведаўся, што годны, пасля чаго мне прапанавалі пайсці вучыцца ў полацкую школу ДТСААФ на вадзіцеля катэгорыі “Е” і ”С”. Я быў вельмі рады і пагадзіўся не раздумваючы.

У лістападзе мне прыйшла павестка на 22-е чысло аб прызыве на тэрміновую ваенную службу, і я быў задаволены, паколькі марыў аб гэтым з дзяцінства. І вось пасля праходжання ўсіх медыцынскіх аглядаў і камісій мая мара ажыццявілася. Мяне накіравалі праходзіць тэрміновую ваенную службу ў 72-і асобны вучэбны цэнтр, у 59-ю школу падрыхтоўкі спецыялістаў, дзе даведаўся, што лепшыя ваеннаслужачыя будуць навучацца катэгорым “С” і “Е” за лік сродкаў дзяржавы. Быў праведзены адбор, у тым ліку і па медыцынскіх паказчыках, на спецыяльнасць “Механік-вадзіцель МАЗ-537”. Аб тым, што я прайшоў адбор, залічаны ў другі ўзвод і буду праходзіць навучанне па гэтай спецыяльнасці, даведаўся ад камандзіра ўзвода і быў вельмі рады. Меня перапаўнялі эмоцыі!

Бацькі таксама задаволены маёй службай. Дома я захапляўся тэхнікай, і мне гэта вельмі падабалася. Рады, што буду навучацца па праграме падрыхтоўкі па гэтай спецыяльнасці. Думаю, што гэта навучанне будзе давацца мне лёгка, а катэгорыі “С” і “Е” спатрэбяцца ў далейшым.

Спадзяюся, што служба пройдзе без асаблівых складанасцей, і ўпэўнены, што гэтыя паўтара гады не будуць патрачаны дарэмна.

 Віктар САЦЭВІЧ,

спецыяльны карэспандэнт

ваенна-інфармацыйнага агенцтва “Ваяр”.

  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>