Гости в Лепельском приюте

img_5122 Новы год мы заўсёды сустракаем з прыемным прадчуваннем: спадзяёмся, што ўсе цяжкасці і перажыванні застануцца ў мінулым, а першыя дні студзеня прынясуць з сабой новыя незабыўныя падзеі, радасць, шчасце, дабрабыт і здзяйсненне запаветных жаданняў. А якое ж навагодняе свята без падарункаў і казачных сюрпрызаў? У першую чаргу іх чакаюць дзеці. Аб гэтым заўсёды памятаюць прадстаўнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, якія штогод напярэдадні навагодняга свята наведваюць выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка дзяржаўнай установы адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля”.

img_5145У цяперашні час на выхаванні ў прытулку знаходзіцца восем дзяцей — жыхароў г. Лепеля і раёна, бацькі якіх злоўжываюць алкаголем. Магчыма, яны ўсё ж задумаюцца над сваімі паводзінамі, выйдуць на шлях выпраўлення, і шчаслівыя дзеткі вернуцца ў свае сем’і.
Ганаровымі гасцямі сацыяльнага прытулка ў перадсвяточныя дні сталі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Мартынаў.
— Дзяцінства — гэта светлыя і радасныя будні, вясёлыя гульні, забавы, любімая сям’я. Няхай жа ваша дзяцінства будзе самым шчаслівым. Будзьце заўсёды такія ж шчырыя, паслухмяныя, уважліва слухайце сваіх выхавальнікаў, і няхай усе вашы мары абавязкова здзейсняцца! — ад душы пажадаў дзеткам Віктар Азаронак. Сацыяльнаму прытулку Віктар Уладзіміравіч ад мясцовай улады ўручыў навагодні падарунак — ноутбук.
img_5163— Вельмі хочацца, каб вы ніколі не засмучаліся, а кожны дзень сустракалі толькі з выдатным настроем, моцна сябравалі, старанна вучыліся і абавязкова знайшлі свой шлях у жыцці. Упэўнена ідзіце да сваіх мар, а мы абавязкова будзем вамі ганарыцца! — пажадаў выхаванцам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Мартынаў. Падарункам стаў прыгожы графічны твор, дзе адлюстраваны велічны будынак Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
У гэты дзень установу наведала нямала гасцей. Цёплыя святочныя пажаданні дзеткам выказала дырэктар КУП ДРАЦ “Жамчужына” Вера Закрэўская. У падарунак ад аздараўленчай установы дзеці атрымалі канструктары, дзіцячую касметыку і набор посуду. Шчыра павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак з навагоднім святам работнікі ваенкамата Лепельскага і Ушацкага раёнаў на чале з ваенным камісарам падпалкоўнікам Дзянісам Мілінчуком, якія падарылі ім развіццёвыя гульні. Наведалі дзетак у гэты дзень таксама старшыня суда Лепельскага раёна Дзмітрый Васюк, протаіерэй, настаяцель храма Праабражэння Гасподня Сергій Ляшкевіч, работнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне і многія іншыя арганізацыі.
— Усяго ў пераднавагоднія святы ў дзіцячым сацыяльным прытулку пабывалі прадстаўнікі 22 прадпрыемстваў і арганізацый, якія падрыхтавалі дзецям прыемныя сюрпрызы, — адзначае дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля” Міхаіл Часнакоў. — Ласункі, развіццёвыя гульні, цацкі, абутак, канцылярскія тавары, дзіцячая касметыка, посуд… Усяго мы атрымалі падарункаў на агульную суму тры тысячы 950 рублёў. Самае ж галоўнае тое, што дзеткі адчулі надыход свята — іх вочкі гараць жывым бляскам радасці, цеплыні, і гэта вельмі важна. Спадзяёмся, што ў будучым іх бацькі абавязкова выйдуць на правільны шлях.
Кожнаму з гасцей падрыхтавалі святочныя падарункі і выхаванцы прытулка. Прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый атрымалі святочныя паштоўкі, сувеніры, зробленыя ўмелымі рукамі юных майстроў.
Пакідаем установу з цеплынёй на сэрцы і ад душы жадаем: “Расціце здаровенькія, шчаслівыя і заўсёды памятайце аб тым, што ўсе казачныя дзівосы абавязкова стануць рэальнасцю!”
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак уручае дырэктару ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля” Міхаілу Часнакову ноутбук; выхаванцы прытулка атрымалі шчодрыя падарункі ад гасцей; памятны падарунак падрыхтаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Мартынаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>