Оборот пластиковых карточек

kartochkiУ рэдакцыю звярнуўся лепяльчанін Аляксандр Седзін з наступнай праблемай:

— Я з’яўляюся трымальнікам пластыкавай карткі “ААБ Беларусбанк” “белкарт стандарт”, на якую мне налічваюць пенсію. Карта простая, у мяне ніколі не ўзнікала цяжкасцяў ці праблем з правядзеннем плацяжоў у інфакіёсках, на тэрміналах у крамах, за зняццем наяўных грошай у банкаматах. Таму апошняя навіна занепакоіла.

Мне расказалі, што з першага сту­дзеня ў абслугоўванні пластыкавых карт “белкарт стандарт” будуць уведзены змяненні: з іх дапамогай можна будзе па-ранейшаму разлічвацца ў інфакіёсках і плацежных тэрміналах, а вось выдаваць грошы ў банкаматах па іх ужо не будуць. Я наведаў цэнтр банкаўскіх паслуг “ААБ Беларусбанк”, што на вуліцы Гагарына, і ўбачыў там вялікую чаргу людзей, якія нерваваліся, спяшаючыся падаць дакументы на абмен сваіх картак. Замест іх людзям прапаноўваюцца карткі з чыпам. Чым абумоўлены такія перамены, якія дзеянні простых трымальнікаў пластыкавых банкаўскіх карт будуць правільнымі?

За тлумачэннямі звярнуўся да дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг №211 філіяла №214 ААТ “ААБ Беларусбанк” Таццяны Курто. Яна паведаміла:

— Сапраўды, падобная сітуацыя, якая выклікала пэўную нервовасць людзей, узнікла. Планавалася, што названыя вышэй змяненні ўступяць у сілу ў бягучым годзе, але нядаўна тэрмін перанесены на два гады. Лю­дзям не трэба непакоіцца.

— А чым выклікана патрэба замяняць карткі “белкарт стандарт”?

— Гэта самы просты тып пластыкавых карт. Мы прапануем трымальнікам новыя віды карт з больш надзейным узроўнем абароны ад супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб, тых жа самых хакераў, махляроў. Заўважу, што і ранейшыя карты таксама маюць трывалы ўзровень абароны. Зараз людзі могуць не спяшацца. Па меры выпрацоўвання тэрміну дзеяння картак, паступова можна будзе рабіць замену, без ажыятажу.

Папрасіў даць каментарый і начальніка аддзела абслугоў­вання фізічных асоб разлікова-касавага цэнтра ААТ “Белаграпрамбанк” Алену Жураўскую.

— Шчыра прызнаюся, упершыню чую гэтую інфармацыю, — адзначыла Алена Львоўна. —  Правілы абарачэння і абслугоў­вання пластыкавых банкаўскіх картак рэгулююцца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. Перад любымі змяненнямі ў банкі паступаюць лісты з Нацбанка, дзе даюцца канкрэтныя ўказанні і інструкцыі, якія рэформы праводзяцца, як трэба дзейнічаць. Нам ніякіх дакументаў, распараджэнняў, лістоў не паступала. ААТ “Белаграпрамбанк” выпускае некалькі відаў пластыкавых картак, сярод якіх ёсць як простыя карты сістэмы “белкарт”, так і больш складаныя, абароненыя, аснашчаныя чыпамі. Усе яны прымаюцца і абслугоўваюцца без якіх-небудзь абмежаванняў, згодна з заключанымі дагаворамі.

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>