Мониторинг торговых объектов

dscn9503 У адпаведнасці з пунктам 1.2 пратакола даручэнняў, дадзеных на нарадзе ў намесніка Міністра аховы здароўя — Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь 01.10.2018 года №23, спецыялістамі ДУ “Лепельскаі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” праводзяцца маніторынгі рознічнай гандлёвай сеткі па пытаннях захавання тэрмінаў прыдатнасці харчовай прадукцыі, якая рэалізуецца, у тым ліку і па пытаннях санітарнага стану аб’ектаў гандлю.

Так, за кастрычнік — лістапад 2018 года праведзена 22 маніторынгі аб’ектаў гандлю па выкананні санітарных нормаў і правілаў. Парушэнні санітарнага заканадаўства выяўлены ў 95,5 працэнта выпадкаў. Выяўлена 13 фактаў наяўнасці тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці з агульнай вагой 36,094 кілаграма, без маркіроўкі прадпрыемства-вытворцы — тры факты (7,92 кг).
Пры наведванні магазіна №96 Лепельскага райспажыўтаварыства, які знаходзіцца ў в. Стары Лепель, выяўлены парушэнні ўтрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў і іншых аб’ектаў.
У рэалізацыі знаходзілася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці: каўбасы салямі “Фінская прэміум” (0,6 кг), “Бурштынавая прэміум” (0,65 кг), “Кубанская” (1,2 кг), “Купецкая” (1,5 кг), а таксама паўфабрыкат “Галубцы з мясам з ялавічыны” (1 кг), баранкі “Забава” здобныя (0,26 кг). У рэалізацыі прысутнічалі каўбасныя вырабы без маркіроўкі прадпрыемства-вырабляльніка (0,18 кг). Акрамя гэтага, памяшканне гандлёвай залы не ўтрымлівалася ў чысціні.
У гандлёвай зале магазіна № 99 Лепельскага райспажыўтаварыства ў в. Ворань знаходзілася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці — палоска пясочная з павідлам (1,094 кг).
Захоўванне мясных паўфабрыкатаў ажыццяўляецца ў няспраўнай маразільнай скрыні: рассоўныя дзверцы, прадугледжаныя заводам-вытворцам, адсутнічаюць; замест іх выкарыстоўваюцца кавалкі пластмасы, залепленыя скотчам, якія не герметычна закрываюцца; утворана наледзь.
Шкленне над тамбурнымі дзвярыма пабіта, у драўлянай раме тырчаць аскепкі шкла.
У гандлёвай зале магазіна №98 Лепельскага райспажыўтаварыства ў в. Заазер’е ў рэалізацыі знаходзілася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці: каўбаса салямі «Купецкая» (3,3 кг), капуста марская марынаваная «Баланс» (0,3 кг), сырок тварожны салодкі з разынкамі і водарам ваніліну (шэсць штук па 100 грамаў кожны).
Выкарыстоўваецца апрацоўчы інвентар, не прамаркіраваны ў адпаведнасці з прызначэннем; паверхня апрацоўчай дошкі зношаная, у расколінах.
Сцяна гандлёвай залы магазіна мела зацёкі, месцамі была цвіль.
У час маніторынгу ў гандлёвай зале крамы №28 філіяла «Ваенсэрвіс» г. Віцебска, які знаходзіцца ў в. Межыца, у рэалізацыі знаходзілася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці: сырок тварожны салодкі з разынкамі і водарам ванілі (дзве штукі па 100 грамаў), масла салодкасметанковае несалёнае (шэсць пачкаў па 180 грамаў), выраб з мяса птушкі «Вяндліна для сняданку» (0,794 кг), сардэлькі з мяса птушкі «Беларускія» (0,573 кг), маса тварожная салодкая з курагой і водарам ванілі (250 грамаў).
У рэалізацыі знаходзілася прадукцыя без указання даты вырабу прадукту: сальцісон «Аматарскі з языком» (1,6 кг).
У гандлёвай зале павільёна №3 Лепельскага райспажыўтаварыства па вул. Калініна была ў наяўнасці прадукцыя без указання даты вырабу — фарш «Курыны класічны» замарожаны (дзве ўпакоўкі па 0,7 кг).
Тэрыторыя вакол павільёна не прыбрана ад недакуркаў, абгортак ад цукерак і іншага бытавога смецця.
Выкарыстоўваецца інвентар, не прамаркіраваны ў адпаведнасці з прызначэннем; паверхня апрацоўчых дошак зношаная.
Уборка ў гандлёвай зале выканана няякасна: гандлёвае і халадзільнае абсталяванне бруднае, у кутах — смецце, пыл і павуцінне.
У гандлёвай зале магазіна №60 Лепельскага райспажыўтаварыства па вул. Партызанскай знаходзілася прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці: палоска пясочная з павідлам (0,622 кг), паўфабрыкат каўбаса сырая «Любительская» (замарожаная) агульнай вагой 1,5 кг.
У наяўнасці была і прадукцыя без указання даты вырабу — выраб каўбасны сальцісон «Любительский с языком» (1,6 кг).
Патрабуюць правядзення рамонту магазіны №3 філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” у в. Бароўка, №98 Лепельскага райспажыўтаварыства (в. Заазер’е), №99 (в. Ворань), гандлёвы павільён ІП Врэнеску А. А. (в. Бароўка). Нездавальняючы санітарны стан мае і павільён Дарафеенкі В. М., які знаходзіцца па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Парушэнні выяўлены і ў іншых гандлёвых кропках Лепельскага раёна. Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання накіравана 15 рэкамендацый на ўхіленне парушэнняў.
Вольга ХАЦКЕВІЧ, памочнік урача-гігіеніста
ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>