«Лепельскія чытанні-2018″

img_3154На восьмых “Лепельскіх чытаннях”, якія прайшлі ў раённым краязнаўчым музеі, было прадстаўлена больш за 20 дакладаў, у якіх аўтары, гісторыкі-краязнаўцы з розных бакоў разглядалі з’явы і падзеі, што адбываліся на Лепельшчыне ад сівой даўніны да апошніх гадоў.
Спектр тэм і разглядаемых гістарычных эпох наглядна дэманструюць назвы дакладаў: “Даследаванне паселішча неаліту-жалезнага веку Прыгожая Верацяя ў 2018 годзе” (аўтары Максім Чарняўскі і Аляксандр Гаршкоў), “Тлумачэнне сноў у традыцыйнай культуры Лепельшчыны” (Таццяна Валодзіна), “Лепельскі павет на планах 1811 і 1816 гг.” (Яўген Анішчанка), “Справы Асобай сесіі народнага суда пры бюро юстыцыі Лепельскага павятовага Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў 1920 — 1923 гг.” (Алена Сумко), “Семантыка і функцыянаванне колеравых эпітэтаў у паэзіі Анатоля Вярцінскага” (Таццяна Слесарава).
Канферэнцыя сабрала людзей, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю, у першую чаргу настаўнікаў школ. Ім у далейшым перадаваць атрыманыя веды наступным пакаленням.
Як правіла, удзельнікі канферэнцыі стараюцца асвятляць навуковыя тэмы, якім у ранейшыя гады па розных прычынах не надавалася належнай увагі. Напрыклад, намеснік дырэктара дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч знайшла ўнікальны дакумент — гістарычнае эсэ для даведніка Віцебскай губерні, у якім апісваецца гісторыя Лепельшчыны ад Сярэднявечча да пачатку 1920-х гадоў. У сваім выступленні Таццяна Уладзіміраўна адзначыла:
— Дадзены дакумент мне ўпершыню патрапіў чатыры гады таму. Ён складзены выдатна, поўна. У пачатку 1920-х гадоў губернская камісія стварала даведнік і папрасіла з паветаў прыслаць свае матэрыялы. Матэрыялы лепельскія былі настолькі поўныя, грунтоўныя, сістэматызаваныя, што губернскія эксперты ставілі іх у прыклад усім астатнім паветам. Захавалася прыпіска “глядзіце і вучыцеся, як трэба пісаць гісторыю павятовага горада”. На вялікі жаль, невядома аўтарства гэтых матэрыялаў. Зыходзячы з аналізу тэксту, я прыходжу да высновы, што іх пісаў настаўнік, магчыма, настаўнік гісторыі, бо значная ўвага ўдзелена станаўленню і развіццю школьнай справы. Упамінаецца імя настаўніка Адама Людвігавіча Юцэвіча, які да сваёй смерці ў 1846 годзе “шмат зрабіў для вывучэння і захавання гістарычнай спадчыны Лепеля”. Упамінаецца і імя першага вядомага на Лепельшчыне аптэкара Адама Кірша, які перабраўся ў павятовы горад з Віцебска ў 1820-х гадах. Сёння я перадаю матэрыялы ў раённы краязнаўчы музей. Магчыма, лепельскім краязнаўцам удасца тое, чаго не змагла пакуль што я, — устанавіць імя аўтара матэрыялаў.
А выхавальнік Бешанковіцкай гімназіі-інтэрната Станіслаў Леаненка ўзяўся разгадаць гістарычную загадку — знайсці каменны Сокараўскі крыж. Помнік мінуўшчыны ўпершыню ўпамінаецца лепельскім гісторыкам-краязнаўцам сярэдзіны ХІХ стагоддзя Міхаілам Кусцінскім. Даследчык знайшоў яго ля мястэчка Сокарава, апісаў, намаляваў, скапіяваў і пераклаў высечаныя надпісы. Аднак з таго часу каменны крыж гісторыкамі не вывучаўся.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя пра рэліквію ўспомнілі, але знайсці яе не змаглі. Прычыны таму розныя: прыродныя змены рэльефу, магчымая недакладная лакалізацыя помніка Кусцінскім, дарожна-будаўнічыя работы, якія праводзіліся ў дадзенай мясцовасці ў 1970-ых гадах.
Нагадаем перадгісторыю ўзнікнення помніка. Ішла кровапралітная Лівонская вайна (1558 — 1583 гг.), пад час якой у 1563 годзе штурмам быў узяты старажытнейшы горад Беларусі — Полацк. Далей маскоўскія войскі, каб забяспечыць сябе з поўдня, захапілі крэпасць Улу пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Заходнюю Дзвіну. У 1567 годзе ў Сушу для будаўніцтва там крэпасці Кап’ё было накіравана вялікае войска на чале з ваяводам князем Юрыем Такмаковым.
На месцы яно раздзялілася на дзве часткі: адна на чале з самім Юрыем Такмаковым занялася ўзвядзеннем крэпасці, а другая стала лагерам непадалёк. Другая раць мела каля пяці тысяч чалавек, узначальвалі яе князі Пётр Абаленскі-Сярэбраны, Васіль Палецкі і татарскі царэвіч Амурат.
Супраць расійскага войска выступіў князь Раман Сангушка, стараста Жытомірскі, ваявода Брацлаўскі, гетман дворны, які на той час меў пад сваім камандаваннем каля двух тысяч ваяроў, з іх паўтары тысячы конніцы і паўтысячы — пяхоты. Князь Раман выдатна арганізаваў разведку, таму добра ведаў сілы праціўніка, яго намеры, здольнасці. На досвітку 21 ліпеня літоўскае войска раптоўна напала на палявы лагер маскоўцаў, у непрацяглым баі коннікі разграмілі непрыяцеля, князь Палецкі загінуў, князь Абаленскі-Сярэбраны і царэвіч Амурат ледзьве паспелі ўратавацца.
Увосень таго ж года князь Раман Сангушка паўтарыў свой вайсковы поспех. На дапамогу абложаным у Кап’і маскоўскім войскам з Улы рушыла калона ў дзевяць тысяч чалавек пад камандаваннем князёў Осіпа Шчарбатага, Юрыя Барацінскага і царэвіча Сэіт-Мурзы. Зноў выдатна спрацавала разведка, наладжаная князем Раманам. Войска літоўскае, якое на той момант узрасло да трох тысяч чалавек, падпільнавала праціўніка на маршы, на падыходзе да Сушы, і разбіла ў мясцовасці ля сучаснай вёскі Сокарава.
Міхаіл Кусцінскі апісвае, што каменны крыж з надпісамі ён знайшоў якраз паблізу вёскі Сокарава. На ім краязнавец прачытаў наступны надпіс: “У 1567 годзе тут загінулі ў полі 200 жаўнераў. У Хрысце паставіў пасля бітвы…” Імя чалавека, які паставіў помнік, сцерлася.
Станіслаў Леаненка паставіў мэту знайсці каменны крыж. Дзеля гэтага сам абышоў наваколлі, бліжэйшым часам збіраецца наладзіць экспедыцыі, каб даследаваць ваколіцы Сокарава больш дэталёва.
Падобных гістарычных загадак Лепельская зямля, гісторыя нашага краю мае вялікае мноства, удзельнікі кожных чытанняў па меры магчымасці прыадкрываюць іх, робяць здабыткам шырокага кола даследчыкаў. Напрыклад, яшчэ адной такой маладаследаванай старонкай была гісторыя Лепельскага пяхотнага вучылішча. Загадчыца музея Аліна Стэльмах падрыхтавала выдатны даклад пра гэту навучальную ўстанову, праз якую прайшлі сотні лепельскіх юнакоў, асабліва ў 1939 — 1941 гадах, калі вучылішча размяшчалася ў Бароўцы.
Напрыканцы папрасіў падзяліцца ўражаннямі ад дакладаў настаўніцу гісторыі Лепельскай гімназіі Алу Міхайлаву.
— Я ў пэўнай ступені здзіўлена, — узрушана сказала настаўніца. — Нядаўна мы пісалі працу, даследавалі такую гістарычную з’яву, як шляхта. Карыстаючыся даступнымі гістарычнымі крыніцамі, матэрыяламі з інтэрнэту, рабілі сацыяльны партрэт. На канферэнцыі дацэнт кафедры гісторыі Расіі Белдзяржуніверсітэта кандыдат гістарычных навук Святлана Лугаўцова прачытала даклад на тэму: “Лепельская шляхта ў пачатку ХІХ стагоддзя: гістарычны партрэт на фоне геапалітычнай трансфармацыі Усходняй Еўропы”. Праца грунтавалася на запісах і даследаваннях лепельскага шляхціча Апалінарыя Сялявы. Многія факты, прыведзеныя ў дакладзе, пераклікаюцца з тым, якія мы выкарыстоўвалі ў сваёй рабоце. Напрыклад, многія даследчыкі, краязнаўцы адзначалі страшную беднасць мясцовага люду — як сялян, так і шляхты. Мы прывыклі лічыць, што магнацкія роды, такія як Радзівілы, Сапегі, былі фантастычна багатымі, раскідвалі грошы направа і налева. Аднак большая частка людзей шляхецкага звання былі беднымі, часта мелі толькі тое, што на іх было апранута. Святлана Леанідаўна прыводзіць факт, што ў Лепельскім павеце 3426 чалавек лічыліся шляхтай, з іх толькі 13 працэнтаў былі ўласнікамі зямлі. Астатнія, каб элементарна выжыць, наймаліся працаваць. Працавалі аканомамі, пісарамі, настаўнікамі, дробнымі чыноўнікамі, арандавалі зямлю. Ранняя смяротнасць, мужчыны паміралі ва ўзросце ад 35-40 гадоў, спараджала ранняе сіроцтва. Таму старэйшыя, каб падняць малодшых, самі ішлі працаваць з 13-14 гадоў, а ў 15 гадоў юнак лічыўся ўжо дарослым мужчынам. А вось адкрыццём для мяне стаў іншы факт. Мы прывыклі ўспрымаць шляхту як ваенна-служылае саслоўе, якое ў асноўным ваявала, займалася вайсковай службай. Аднак Апалінарый Сялява ўказвае, што ў пачатку ХІХ стагоддзя з пералічанай шляхты толькі 13 чалавек лічацца на вайсковай службе. З чым гэта звязана — магу толькі здагадвацца.
Гісторыя роднага краю багатая, але разам з тым маладаследаваная. Некаторыя яе старонкі ўвогуле яшчэ неадкрытыя, чакаюць сваіх даследчыкаў. Лепельскія чытанні дапамагаюць у першую чаргу абудзіць цікавасць да краязнаўства, запаліць у душах агонь пазнання. Матэрыялы чытанняў будуць бліжэйшым часам выдадзены асобным зборнікам.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: кандыдат гістарычных навук Святлана Лугаўцова выступае на Лепельскіх чытаннях.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>