Ступени к родной школы Натальи Демко

img_4370Як даўно гэта было! Як гэта было рамантычна! А можа, зараз, з вышыні гадоў, падаецца ўсё рамантычным? А ў той час, у дзевяноста пятым, Наталля проста стаяла на апошняй школьнай лінейцы, слухала, як звініць, бы жаўручок, развітальны школьны званок і цвёрда ведала, што яна будзе настаўніцай.
Так яно і сталася. Здала выпускныя, вытрымала ўступныя экзамены ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, стала студэнткай — і пайшла па прыступках да ажыццяўлення сваёй юначай мары. І вось яна, мара, збылася…
— …Школа, школа! Што яшчэ за школа! — бурчэў, ледзьве не плакаў Мікітка (імя зменена). — Тут і спаць не кладуць, і ўвогуле я есці хачу.
Мікітку пяць гадоў. Бацькі ўпершыню прывялі хлопчыка… ў школу, на заняткі да настаўніцы Наталлі Віктараўны Дзёмка. Школа не зусім сапраўдная, а ранняга развіцця. Завецца “Прыступкі”. Пройдзе зусім няшмат часу, і пяцігадовы Мікітка, як і дзевяноста працэнтаў леташніх яго равеснікаў, навучыцца чытаць, будзе ўпэўнена рабіць графічныя дыктанты, асвоіцца ў новым асяроддзі і амаль палюбіць новую сваю школу.
У групе ранняга школьнага развіцця ў Наталлі Дзёмка займаюцца сем хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны прыходзяць сюды, у СШ №1, па суботах і цярпліва вытрымліваюць тры ўрокі, па трыццаць пяць хвілін кожны. Дзесяціхвілінных перапынкаў хапае толькі на самае неабходнае і… каб дух перавесці. Але ж яны сюды прыйшлі не ў цацкі пагуляць, а каб стаць дарослымі. І вось цярпліва вучацца быць вучнямі.
— Саджуся да дзяцей блізенька, каб быць на ўзроўні іх вачэй, — распавядае Наталля Віктараўна, — інакш я буду для іх проста чужая, незнаёмая вялікая цёця. Вось такі, здавалася б, просты, але ж неабходны псіхалагічны прыём.
Зараз у школе працуюць дзве групы ранняга развіцця, займаецца па сем чалавек у кожнай. Заняткі ў другой вядзе настаўнік-дэфектолаг Таццяна Сяргееўна Дудо. Урокі — матэматыка, чытанне і пісьмо. Дапаможнікі – “Займалачка” (займальная матэматыка), якая дапамагае ў гульнёвай форме рыхтаваць дзяцей да авалодання простымі формамі лікаў і простымі вылічэннямі; “Рыхтуемся да пісьма” — дапаможнік, які ўтрымлівае заданні для развіцця маторыкі рук, фарміравання межаў пісьма і г.д. Чытаюць па “Буквары”, аўтар якога Надзея Жукава.
Для чаго патрэбна школа ранняга развіцця? Ды вось жа якраз для таго, каб Мікітка і яго равеснікі, якія заўтра прыйдуць у школу, не баяліся ні вялікай чужой цёці, ні новага распарадку дня, каб прывыкалі да ўрокаў і кароткіх перапынкаў, каб навучыліся чытаць і ў першы клас пайшлі ўжо ў многім падрыхтаванымі. Асабліва гэта важна для дзяцей, якія не наведвалі сад. Тыя ўвогуле не прывучаныя да соцыума, і без такой “лесвічкі да школы” ім надзвычай цяжка будзе пачынаць вучыцца. А гэта, зразумела, лішні стрэс. Навошта ён дзіцяці?
На заняткі ў школу ранняга развіцця на базе сярэдняй школы №1 прыводзяць бацькі сваіх дзяцей з дзіцячых садоў №1, 2 і №9. Заняткі платныя, аднак расцэнкі прымальныя, і тыя з бацькоў, якія з адказнасцю ставяцца да перыяду адаптацыі свайго дзіцяці, не шкадуюць на гэта грошай. Не думайце, што на падобныя заняткі вядуць дзяцей толькі заможныя бацькі. Проста на дзецях нельга эканоміць…
… Збылася яе мара. Пасля ўніверсітэта Наталля больш як васямнаццаць гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у Стайскай СШ. Працаваць было цікава. Менавіта маленькія дзеці — яе стыхія. Рыхтавала іх да ўдзелу ў “малых алімпіядах” — як школьных, так і раённых. Пісалі даследчыя работы. Напрыклад, распрацоўвалі тэму “Класная школьная форма”. Цікавіліся фабрыкамі, якія шыюць школьную форму. Рабілі апытанні вучняў, якую школьную форму яны хацелі б насіць, і складалі рэйтынг. Цікава, што і тут, у СШ №1, куды затым перайшла працаваць Наталля Віктараўна, таксама працягнулі тэму школьнай формы, а вучні аднаго з пачатковых класаў (праўда, не яе) увогуле апранулі бардовыя камізэлькі. Дзеці, асабліва па-першасці, былі вельмі ўсцешаныя абновамі, якія ім надзвычай спадабаліся.
Цікава было працаваць у Стаях, ды заўсёды марыла Наталля вярнуцца ў родную школу, якую пакінула ў дзевяноста пятым, — на гэты раз ужо настаўніцай. Два гады таму яе мара збылася. І цяпер аддае яна роднай школе бадай увесь свой час. Муж, дальнабойшчык, — у далёкіх камандзіроўках. Сын ужо амаль дарослы. Скончыў Сувораўскае вучылішча ў Мінску. Паступіў у БДПУ на факультэт лячэбнай фізкультуры і фізічнага выхавання. Што будзеш рабіць адна ў гарадской кватэры! Пачастуе Наталля на выхадных зразамі ды дранікамі родных, збярэ студэнта ў дарогу і, абы панядзелак, — у школу. Акрамя школы ранняга развіцця, вучыць свой “Б” клас, які набрала ў 2016 годзе, а сёлета дзеці ўжо трэцякласнікі. Вядзе платны факультатыў па матэматыцы і дадатковыя заняткі для высокаматываваных дзяцей. Працы хапае, ды ўсюды паспявае.
А ў вольны час любяць сям’ёю павандраваць, наведаць басейн. Летам, па добрай сямейнай традыцыі, адпачываюць у Крыме, дзе іх заўсёды чакаюць у адным з санаторыяў.
Настаўнікі — гэта ж звычайныя людзі, і нішто чалавечае ім не чужое. Вось толькі ў сапраўдных, улюбёных у сваю справу педагогаў жыццёвая планка крыху вышэйшая. Не дзіўна: яны заўсёды павінны адпавядаць і быць на вышыні.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Наталля Дзёмка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>