В режиме постоянной боевой готовности

img_0025 Служба ў пажарнай камандзе 3609-га артылерыйскага склада боепрыпасаў, што ў Бароўцы, з савецкіх часоў лічыцца прэстыжнай. Плюсы відавочныя. Асабовы састаў і тэхніка ніколі не выязджаюць на вучэнні ці палігонныя выхады, заўсёды ў месцы пастаяннай дыслакацыі. У асноўным усе занятыя прафілактычнай супрацьпажарнай работай: непатрэбная расліннасць спілавана, выкашана і вывезена, супрацьпажарныя палосы рэгулярна пераворваюцца, вадаёмы — запоўненыя.

Вайсковая пажарная каманда знаходзіцца ў рэжыме пастаяннай баявой гатоўнасці. На базе — тысячы тон пораху.
Амаль тры гады пажарнай камандай кіруе старшы лейтэнант Мікалай Сцяпанаў. За гэты час, сцвярджае афіцэр, самае галоўнае, што служба ішла без надзвычайных здарэнняў і інцыдэнтаў.
У камандзе 11 салдатаў тэрміновай службы. Распавядае намеснік камандзіра артбазы па ідэалагічнай рабоце капітан Андрэй Жалейка:
— Згодна з загадамі Міністэрства абароны, тэрміновую службу праходзяць выключна прызыўнікі з Глыбоцкага раёна. Хлопцы ў асноўным падрыхтаваныя маральна і фізічна, вытрыманыя. За той час, як я служу на артбазе, у нас не было зафіксавана значных канфліктаў, тым больш — выпадкаў нестатутных узаемаадносін.
Шмат гадоў ніяк не мянялася тэхнічнае аснашчэнне пажарнай каманды. На яе ўзбраенні была тэхніка яшчэ савецкіх гадоў выпуску, у прыватнасці, пажарная машына на базе аўтамабіля ЗіЛ-131. З іншага боку, гэта тэхніка выдатна зарэкамендавала сябе дзесяцігоддзямі эксплуатацыі ў самых экстрэмальных умовах.
Ёсць і ўвогуле спецыфічная адзінка — пажарная ўстаноўка на базе баявой машыны пяхоты.
— Гэта, так бы мовіць, машына апошняга шанцу, — так характарызуе яе Мікалай Сцяпанаў. — Уявіце сабе: здарылася неверагоднае, і ўспыхнуў агонь непасрэдна на складах. Полымя шугае, снарады рвуцца. Як дабрацца ў эпіцэнтр, каб затушыць агонь і разам з тым не быць паражонымі асколкамі, выбухамі? Вось у такой сітуацыі і павінна прыходзіць на дапамогу браніраваная тэхніка.
Кажу “павінна прыходзіць” толькі таму, што апісаная сітуацыя — крайняя, яе нельга дапускаць ні ў якім разе! На прафілактыку загаранняў, паўтаруся, нацэлена ўся наша штодзённая дзейнасць.
А ў пачатку года ў часць паступіла новая пажарная машына на базе МАЗа.
— Як вам гэта тэхніка? — пытаюся ў вадзіцеля Віталя Карплюка.
— Новая машына ёсць новая, — адказвае салдат. —Надзейная, зручная, камфортная. Аднак за тыя некалькі месяцаў, што я на ёй, асабліва не паездзіў. Служба такая: выехаў з бокса, агледзеў машыну, праверыў, правялі заняткі з абсталяваннем — і назад у бокс.
Машына аснашчана абсталяваннем для пажаратушэння, ёсць рукавы рознай даўжыні і таўшчыні, пенаўтваральнік, бензарэз. Ёмістасць цыстэрны — чатыры кубаметры вады. Здаецца, усё добра, аднак пры эксплуатацыі паўстала праблема — машына па габарытах спачатку не ўваходзіла ў браму бокса. Па шырыні праязджае толькі-толькі, а вось па вышыні — ніяк. Боксы будавалі больш за 50 гадоў таму назад па савецкіх стандартах, а цяперашнія спецмашыны больш габарытныя. Вырашылі праблему: прабілі ў бетоннай падлозе дзве каляіны пад колы.
На момант прыходу карэспандэнта машына была выгнана з бокса, ля яе праводзіліся рэгламентныя работы. Акрамя Віталя Карплюка былі задзейнічаны радавы Андрэй Сідарок і кантрактнік старшы сяржант Павел Скапец. Віталь і Андрэй — землякі, абодва з Глыбоцкага раёна, аднак да прызыву на службу паміж сабой знаёмымі не былі, пазнаёміліся ў часці. Павел — ураджэнец і жыхар Бароўкі. На тэрміновую службу быў прызваны яшчэ ў 2012 годзе, а потым застаўся па кантракце.
Недзе праз паўгадзіны машыну загналі назад у бокс. Віталь быў за рулём, а Павел стаяў побач і сігналіў, падказваў, як правільна заязджаць. Паміж бартамі машыны і брамай часам заставалася прасторы не больш за запалкавы карабок…
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Андрэй Сідарок, Павел Скапец і Віталь Карплюк каля новай пажарнай машыны.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>