Первый экипаж-тысячник в районе и области

img_0726Уборачныя работы ў нашым раёне ў самым разгары, адзін за адным па моры спелых налітых каласоў ідуць камбайны. І хоць уборка збожжавых пачалася крыху больш як тыдзень таму, ужо дасягнуты значны рубеж — намалочана тысяча тон збожжа. У склад перадавога экіпажа-тысячніка не толькі ў раёне, а і Віцебскай вобласці ўвайшлі работнікі сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” — старшы камбайнер Леанід Аляксеенка і камбайнер Павел Ханяк. Вядома, што гэта стала значнай падзеяй для ўсёй вобласці.

Для таго каб ад душы павіншаваць камбайнераў-тысячнікаў і ўручыць ім заслужаныя ўзнагароды, прама ў поле выехалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” Віктар Пазняк старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Кісялевіч і іншыя ганаровыя госці.
Меладычныя гукі народных песень, снапы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, дзясяткі аб’ектываў фотакамер — усё гэта стварала святочны настрой гасцям і самім віноўнікам урачыстасці.
— Вельмі прыемна, што першымі камбайнерамі-тысячнікамі ў раёне штогод становяцца менавіта работнікі СВФ “Заазер’е”, — адзначыў дырэктар філіяла Аляксандр Быкаў. — Удвая прыемна, што сёлета нашы камбайнеры сталі першымі не толькі ў раёне, а і вобласці. Леанід Аляксеенка — малады, але ўжо даволі вопытны камбайнер, працуе ў гаспадарцы з 2011 года. Павел Ханяк, які працуе ў экіпажы разам з ім, працуе ў на ўборцы першы год, але таксама добра ведае сваю справу. Дасягнуць высокага выніку ўдалося дзякуючы прафесіяналізму работнікаў, а таксама выдатнай тэхніцы — экіпаж працуе на сучасным камбайне “New Holland CR 9.80”. За адзін дзень камбайн праходзіць каля 67 гектараў і ўбірае прыблізна 283 тоны збожжа. Калі 29 ліпеня ў 19.00 было ўбрана 1006 тон, то ўжо раніцай 30 ліпеня было намалочана 1087 тон збожжа. Паспяховаму ходу ўборкі садзейнічае і выдатнае надвор’е. Дзякуючы ўсім гэтым фактарам, упэўнены, нам удасца дасягнуць яшчэ больш высокіх вынікаў.
Каб прыняць шчырыя віншаванні, камбайнерам прыйшлося на некаторы час спыніць сваю работу.
— Вядома, што ў філіяле “Заазер’е” вы працуеце ўжо не першы год. Калі ж пачалі работу на ўборцы збожжавых? — пытаюся ў Леаніда.
— На ўборцы працую трэці сезон.
— Калі ж пачынаецца ваш працоўны дзень?
— Прыступаем да працы з самай раніцы. Усё залежыць ад умоў надвор’я. Звычайна рабочы дзень пачынаецца ў 6.30. Працуем да самага змяркання, заканчваем працу а першай гадзіне ночы.
— Праца на камбайне — не з лёгкіх…
— Так. Аднак нам пашанцавала працаваць на сучаснай тэхніцы, якая мае высокую магутнасць. У параўнанні з іншымі камбайнамі на “New Holland” удаецца ўбраць даволі вялікі ўчастак. Да таго ж кабіна аснашчана кандыцыянерам. У салоне захоўваецца аптымальная тэмпература, таму працаваць заўсёды камфортна.
— Вы родам з Лепельшчыны?
— Я нарадзіўся ў пасёлку Акцябрскі Віцебскага раёна. Пасля школы скончыў Віцебскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй №3 г.Віцебска. Прыехаў на Лепельшчыну, калі стварыў сваю сям’ю. Тут нарадзілася мая жонка. Мы жывём ва ўласным доме ў Лепелі. Старэйшаму сыну Дзянісу ўжо споўнілася сем год, а дачушцы Дарыне — чатыры.
— Штодзённая руплівая праца аплачваецца дастойна?
— У перыяд уборкі атрымліваю 1, 5 тысячы рублёў.
— Я працую ў складзе экіпажа першы сезон, але да гэтай работы ўжо прывык. Працаваць прыходзіцца шмат, аднак за работай час пралятае непрыкметна, — далучыўся да размовы камбайнер Павел Ханяк.
— Як жа пачынаўся ваш шлях да прафесіі?
— Пасля школы скончыў курсы трактарыстаў пры Лепельскім дзяржаўным прафесійным ліцэі. Спачатку працаваў трактарыстам-машыністам у філіяле “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, а потым мне прапанавалі працу на камбайне. Пагадзіўся і вельмі задаволены — работа не з лёгкіх, але ёсць магчымасць атрымаць добры заробак.
Як аказалася, Павел — не толькі перадавік гаспадаркі, а і шматдзетны тата. Сям’я Ханяк жыве ў аграгарадку Камень. Жонка Вольга да адыходу ў дэкрэтны водпуск працавала ў гандлёвай сферы, а зараз даглядае малодшую дачушку Анечку, якой споўніўся адзін год. Старэйшаму сыну Мікіце — адзінаццаць, а сярэдняму, Максіму, — сем.
img_0751І вось да поля набліжаюцца аўтамабілі ганаровых гасцей. Да ўдзельнікаў экіпажа падыходзяць прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама і райвыканкама.
— Сёлета нам удаецца дасягнуць высокіх вынікаў ва ўборцы збожжавых — дванаццаць працэнтаў палёў Віцебскай вобласці ўжо ўбрана, — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Каб уборка праходзіла зладжана і хутка, у нас ёсць усё: мэтанакіраванасць работнікаў, высакаякасная тэхніка і добрыя ўмовы надвор’я. Мы не павінны ўпусціць ніводнай пагодлівай хвіліны, прыкласці шмат намаганняў, каб атрымаць наша галоўнае багацце — духмяны хлеб. Людзі ж, працай якой мы атрымліваем яго, заслугоўваюць самых цёплых слоў і найлепшых узнагарод.
Мікалай Шарснёў павіншаваў камбайнераў-тысячнікаў і ўручыў ім заслужаныя ўзнагароды. Цёплыя словы ў адрас перадавых хлебаробаў выказаў таксама старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, уручыў ім Дыпломы райвыканкама, грашовыя прэміі і каштоўныя паадрункі. Павіншаваў работнікаў з гэтай значнай падзеяй і генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” Віктар Пазняк, уручыў ім каштоўныя падарункі. Цёплыя словы ў адрас хлебаробаў выказаў таксама старшыня Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч. Ён уручыў прадстаўнікам экіпажа Ганаровыя граматы арганізацыі, сцяжкі, памятныя вымпелы і грашовыя прэміі. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Вячаслаў Ляйко ўзнагародзіў камбайнераў грашовымі прэміямі.
Выдатным дапаўненнем цёплых віншаванняў сталі спевы ўдзельнікаў вакальнай групы “Вяселіца” img_0770Поўсвіжскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхно.
— Такія выдатныя работнікі — гэта гонар не толькі Лепельшчыны, а і ўсёй краіны. Толькі разам, аб’яднаўшы свае намаганні, працавітасць і няспынную энергію, мы зможам дасягнуць значных вынікаў на ўборцы збожжавых. Вялікі дзякуй вам за вашу руплівую працу, — ад усёй душы пажадаў удзельнікам экіпажа старшыня аблвыканкама.
Леанід Аляксеенка і Павел Ханяк сядаюць у камбайн і прыступаюць да жніва — наперадзе ў іх яшчэ шмат работы.
Да моманту падрыхтоўкі матэрыялу мы даведаліся, што раніцай другога жніўня моладзевы экіпаж у складзе Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка ўжо намалаціў больш за паўтары тысячы тон збожжа.


Святлана ВАЗНЯК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>