Проблемы, которые беспокоят лепельчан

0_1f41c6_899418f_origНа сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разгледжаны вынікі праведзеных сходаў і абходаў, сустрэч у працоўных калектывах на тэрыторыі Стайскага сельсавета.
Найбольш турбуе вяскоўцаў праблема вывазу смецця. У вёсцы Забор’е ў летні час кантэйнеры перапоўнены. У населены пункт на адпачынак прыязджаюць дачнікі. Натуральна, што ў параўнанні з зімовым перыядам аб’ём смецця павялічваецца. Праблема будзе вырашацца, адзін з магчымых сродкаў — паставіць яшчэ некалькі кантэйнераў. У вёсцы Ворань недахопы адпаведныя.
Аднак калі смецце вывозіцца па графіку машынай КУВП “Бароўка”, асобныя грамадзяне не плацяць за гэтую паслугу. У выніку пеня расце як на дражджах.
У адпаведнасці з пералікам асноўных жыллёва-камунальных паслуг, вываз цвёрдых бытавых адходаў — асноўная. Яна абавязкова аказваецца насельніцтву. Жыллёва-камунальная гаспадарка можа пазбавіць такой паслугі толькі ў выніку адсутнасці транспарту. У адпаведнасці з Законам “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” спажывец абавязаны заключыць дагавор з прадпрыемствам.
Плацяжы налічваюцца па месцы рэгістрацыі, на кожнага зарэгістраванага. Калі хтосьці жыве не па месцы рэгістрацыі, у ЖКГ неабходна прадставіць дакумент з месца вучобы, ваенкамата і г. д. У выніку ўхілення ад аплаты чалавеку пагражае забарона выезду за мяжу Рэспублікі Беларусь, абмяжоўваецца права кіравання аўтамабілем.
Праблема з аматарамі актыўнага адпачынку існуе і на возеры Тэкліца. Аднак звязана яна з чалавечым сумленнем. Адпачыў — прывядзі бераг у парадак, забяры смецце з сабою. На жаль, робіць гэта не кожны. На момант напісання артыкула сіламі работнікаў Стайскага сельвыканкама і спецыялістаў раённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету бераг возера прывялі ў парадак.
Саманарыхтоўка дроў — добрая рэч. Вяскоўцы назапашваюць паліва на зімовы перыяд, але не прыбіраюць ламачча. Выйсце простае — на наступны год яны будуць штрафавацца, пры далейшых парушэннях — у саманарыхтоўцы будзе адмоўлена.
У Стаях у дамах №20, №22 па вуліцы Школьнай існуе праблема з рамонтам. Дом №20 будзе пераведзены з бягучага рамонту ў капітальны.
* * *
Пад час пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў аб рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым cамакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” на тэрыторыі Стайскага сельсавета распавёў старшыня сельсавета Анатоль Залатуха. Аб рабоце ўстаноў культуры раёна па захаванні і развіцці нацыянальных культурных традыцый і народнай творчасці — метадыст раённага Дома культуры Вольга Шкіранда.
…Адраджэнню нацыянальнай самасвядомасці надзяляецца шмат увагі на Лепельшчыне. Работнікі Дома культуры вывучаюць, захоўваюць і развіваюць фальклор Лепельшчыны. Нямала робіць у гэтым накірунку народны фальклорны клуб “Кругаверць”, які аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту і прафесій. Яны любяць традыцыі і звычаі беларускага народа. З мэтай збору твораў каляндарнай і сямейна-бытавой абраднасці Лепельшчыны ўдзельнікі клуба здзейснілі фальклорныя экспедыцыі ў вёскі Слабада і Зялёны Востраў, падчас якой былі запісаны калядныя, велікодныя, купальскія, вясельныя песні і гульні, фрагменты вясельнага абраду.
Удзельнікі клуба падрыхтавалі забаўляльныя праграмы да свята народнага календара “Шырокая Масленіца”, тэатралізаванае прадстаўленне да народнага свята “Купалле”, свята народнага календара “Гуканне вясны”, гульнёвыя праграмы “Вялікдзень — найвялікшы дзень” і “Адпачнём, сябры!”, літаратурна-музычная кампазіцыя “Край родны”, лекцыі “Ткацтва ў звычаях і абрадах” і “Ганчарная справа ў народным побыце”, вячоркі “Піліпаўскі вечарок”. Клуб прыняў удзел у абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў “Вялікая вясельніца” (кастрычнік, г/п Ушачы) і абласным фальклорным форуме (снежань, г. Лепель).
Статус нематэрыяльнай каштоўнасці з 2013 года мае калядна-абрадавая гульня “Жаніцьба Цярэшкі”. Работнікі РДК шырока прапагандуюць яе сярод жыхароў і гасцей раёна і горада. У 2018 годзе плануецца правесці “Жаніцьбу Цярэшкі” ва ўсіх сельскіх клубных установах.
Візітнай карткай раёна можна смела лічыць “Заслужаны аматарскі калектыў “Сунічкі” Стайскай ДШМ. Калектыў створаны ў 1996 годзе з мэтай вывучэння і практычнага засваення гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй малой радзімы. У 2000 годзе яму нададзена званне “ўзорны”, а ў 2013-м — ганаровае званне “Заслужаны аматарскі фальклорны калектыў Рэспублікі Беларусь”.
У калектыў уваходзяць 104 удзельнікі ва ўзросце ад трох да пяцідзесяці гадоў. У пяці ўзроставых групах існуюць падрыхтоўчая, малодшая, сярэдняя, старэйшая і дарослая групы. У складзе калектыву — акампаніруючая група, лялечны тэатр, вакальны гурт, дзіцячы ансамбль народных інструментаў, ансамбль гарманістаў і лыжкароў, аматарскае аб’яднанне традыцыйнай кухні “Смачна есці”. Рэпертуар адлюстроўвае багацце і разнастайнасць мясцовага танцавальнага, песеннага, ігравога, музычнага фальклору, што дае магчымасць прывіваць дзецям гонар за свой народ і нацыянальную культуру.
Асаблівасць “Сунічак” у тым, што засваенне рэпертуару адбываецца ўласцівым аўтэнтычнай народнай культуры шляхам вуснага яго пераймання ў фальклорных экспедыцыях.
У рэпертуар уваходзіць больш за 40 мясцовых традыцыйных танцаў, 40 карагодаў і гульняў, больш 30 песень, сярод якіх абрадавыя, сямейна-абрадавыя, пазаабрадавыя песні і прыпеўкі, каля 30 найгрышаў, складзены каталог з 82 старых традыцыйных страў. Апошнім часам у калектыве надаецца вялікая ўвага правядзенню народных святаў і абрадаў у натуральным іх бытаванні.
У рамках выязнога пасяджэння члены прэзідыума наведалі культурна-адукацыйны цэнтр “ЭкаБудаўнік”, фельчарска-акушэрскі пункт у вёсцы Стары Лепель, у аграгарадку Стаі пазнаёміліся з работай Стайскай дзіцячай школы мастацтваў традыцыйнай культуры і Стайскага сельскага Дома культуры.
Яўген МУДРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>