Лепельчане на «Аграрной весне»

agrarnaya-vyasnaЯны шчыра плакалі… Паглядзіце відэа ў інтэрнэце. Вы ўвогуле часта бачыце, як плачуць падлеткі? Так, у падлетка душа ранімая, але ж і слёз ад яго не дачакаецеся. Горды, самастойны, з пачуццём уласнай годнасці. Ён можа заплакаць хіба што ад шчасця.

Яны плакалі ў дзень ростані — у чацвёрты дзень студэнцкага фестывалю “Аграрная вясна-2018”. Дзяўчаты наўпрост не саромеліся слёз, хлопцы хавалі іх за знешняй бравай весялосцю, а насамрэч не атрымлівалася схаваць. Не ўмеюць, не навучыліся яшчэ падлеткі імітаваць пачуцці. У іх пакуль — толькі шчыра — і гнеў, і радасць, і слёзы.
Спявалі і абдымаліся. Па-свойму, па-падлеткаваму, “браталіся”, выказвалі пашану і прызнанне любімаму кіраўніку Таццяне Гольдзінай, якая, між іншым, вось ужо дзесяць гадоў нязменна вязе моцную, добра падрыхтаваную каманду навучэнцаў каледжа на “Аграрную вясну”. Сёлета — трынаццатую. Зрэшты, і Таццяна Віктараўна не хавала сваіх пачуццяў. У яе душы захавалася штосьці дзіцячае, шчырае да наіўнасці і вельмі сімпатычнае, вельмі чалавечнае — уражлівая, добрая душа.
Дастаткова добра ведаю гэтага чалавека і заўсёды дзіўлюся яе нястрымнаму палёту творчай фантазіі, і заўсёды зайздрошчу яе рэдкаму таленту адчуваць і любіць падлеткаў на ўзроўні флюідаў. Кажуць, працаваць з дзецьмі — патрэбна адукацыя. Скажу шчыра, што аднае адукацыі мала, ды ці яна галоўны паказчык у педагогіцы. Будзь ты хоць прафесарам, а калі табе не суджана любіць і паважаць дзяцей — тыя ніколі не адкажуць узаемнасцю. І тады — бяда. І тады — педагагічнае фіяска і вечныя прафесійныя пакуты. І наадварот, можна не мець адукацыі, але мець прызванне і Божы дар. І вечная табе гарантавана прафесійная радасць. Вось яна — лакмусавая паперка прафесіяналізму. Дзеці самі выберуць таго, хто для іх з’яўляецца аўтарытэтам.
t-goldzinaСцэнічныя баталіі засталіся ў мінулым. Сёлета выступілі як ніколі паспяхова, Каманда з дваццаці двух навучэнцаў Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа выглядала маналітнай і моцнай. Дзіва што, касцяк яе ўжо многа гадоў застаецца адным і тым жа. Навічкоў сёлета ўсяго некалькі: першакурснікі Жэня Бяляк і Юля Клундук, Улад Чарнаок з другога і Вася Шумчанка з трэцяга курсаў. Мякка і плаўна ўвайшлі яны ў сцэнічны калектыў.
На адным дыханні, як кажуць, адыгралі праграму КВЗ на тэму “Жарты з дзедавай кішэні”. Прынамсі, музычнае заданне “Таварыства ананімных баяністаў” (рымейкі пра музыкаў і музычныя інструменты”) выканалі проста бліскуча. Энергія так і фантаніравала са сцэны. Глядач быў проста ў захапленні. Пакарылі і журы. Вынік — першае месца каманды КВЗ.
Танец “Малы пасталеў” прызнаны лепшым творчым нумарам фестывалю. Як жа хораша ў іх атрымалася і ў танцы, і ў спевах! Проста не магу не адзначыць “бархатны” голас Улада Палачаніна і яшчэ раз паўтарыць, што ў хлопца — вялікая будучыня.
Лепшы шоу-нумар — ігра на гітары “новенькай” Юлі Клундук у “неонавым” суправаджэнні калектыву “Імпульс”.
Відэаролік творчай работы мастацкага кіраўніка Святланы Стэльмах — пра жыццё каледжа — прызнаны лепшым на фестывалі.
Спартыўныя спаборніцтвы па баскетболе “Мікс 2 на 2” з двума ўдзельнікамі — Ільёй Дзямко і Дар’яй Смажэўскай — заваяваў трэцяе месца. Гэтакую ж самую адзнаку атрымала і пасяджэнне “Круглага стала” сакратароў ГА “БРСМ” нашай пярвічкі.
І ў выніку — нечуваны дасюль поспех: другое агульнакаманднае месца! Саступілі толькі ветэрынарнаму каледжу Акадэміі ветэрынарнай медыцыны, на базе якой, зрэшты, і праходзіў фестываль. Пачэсна сярод шматлікіх удзельнікаў стаць другімі — пасля гаспадароў.
Пачэсны дыплом “За адданасць фестывалю “Аграрная вясна” атрымала і Таццяна Гольдзіна. Зрэшты, пайшла погаласка, нібыта гэта апошняя “Аграрная вясна” Таццяны Віктараўны, яна больш не будзе рыхтаваць каманды. Падлеткі не паверылі. Не хочацца верыць і мне, бо немагчыма падзяліць тое, чаго падзяліць немагчыма. Калектыў, гадамі ўзрошчаны Таццянай Віктараўнай, стаў часткаю і сэнсам яе жыцця, і дзеці таксама зрабілі свой выбар, з якім варта лічыцца. Навошта ламаць тое, што ўжо створана і прыносіць творчыя дывідэнды? А таму вельмі спадзяюся, што чуткі не спраўдзяцца, і ў наступным годзе зноў павязе Таццяна Гольдзіна сваё “дзецішча” ў Віцебск, і наступіць пераможная аграрная вясна — на сцэне і ў душы. І зноў заплачуць падлеткі — не ад расчаравання, ад шчасця. Шчасця спаткання са сцэнаю ў правераным часам моцным калектыве аднадумцаў.

Уладзімір МІХНО.
На здымках: каманда Лепельскага каледжа на сцэне “Аграрнай вясны”; Таццяна Гольдзіна з дыпломам “За адданасць фестывалю”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>