В центре возникла каменная плита с таинственным символом

kastrychnik-2003-taronkavichy Апошнім часам у друкаваных выданнях і інтэрнэце з’явілася шмат публікацый, у якіх згадваецца некропаль з каменнымі крыжамі ля вёскі Двор-Таронкавічы.  Аўтары не надта дбаюць пра дакладнасць атрыманых з розных крыніц фактаў, гоняцца  за таннай сенсацыяй. З лёгкай рукі такіх апавядальнікаў  нарадзілася мноства неверагодных версій паходжання гэтага сакральнага месца.

А як было на самой справе? Мы з сябрамі-краязнаўцамі непасрэдна займаліся даследаваннем некропаля. У пачатку восені 2003 года ад мясцовых людзей краязнавец Васіль Шкіндзер даведаўся, што ў наваколлях Таронкавічаў на калгасным полі з зямлі трактар плугамі выкапаў камень з загадкавым сімвалам. На пошукі яго ў хуткім часе з Васілём і накіраваліся. Каменная пліта насамрэч аказалася даволі цікавай. Да цяперашняга часу не сціхаюць спрэчкі наконт паходжання выявы на гэтым камені. Большасць навукоўцаў — ад этнографаў да археолагаў — лічаць яе навадзелам. Асноўны аргумент — добрая захаванасць  адбітку і якасці яго выканання. Хтосьці, не зважаючы на думку вучоных, верыць у старажытнасць сімвалу і тое, што ён з’яўляецца сапраўднай эпіграфічнай каштоўнасцю. Разышліся думкі і ў трактоўцы самой выявы. У памкненні раскрыць яе сакральны сэнс кожны кіруецца сваім досведам і ўяўленнямі. Паганцам бачыцца чалавек, які плыве ў лодцы па рацэ вечнасці. Хрысціянам падаецца выява Ісуса Хрыста. Хто з іх мае рацыю? Сказаць складана. Прыгледзьцеся і вы да гэтага сімвала. Думаю, кожны знойдзе сваю трактоўку.
Камень з цікавай выявай вельмі нам спадабаўся, тым болей, што да таго часу чагосьці падобнага не траплялася. Пачалі меркаваць, якім чынам захаваць каштоўнасць. Пакуль разважалі, вырашылі даследаваць наваколлі. Моцным было наша здзіўленне, калі на ўскрайку бліжэйшага лесу ў зарасніках кустоўя і крапівы адшукалі некалькі каменных крыжоў розных памераў і формы. Па больш дакладныя звесткі вырашылі звярнуцца да жыхароў Двор-Таронкавічаў. Аднак адказу не атрымалі. Хутчэй за ўсё, старыя могілкі былі зруйнаваныя — крыжы і каменныя надмагіллі сцягнулі ў лес, а на іх месцы ўтварылі калгаснае поле.
Вырашылі аднавіць старыя могілкі. Чарговы наш візіт у Таронкавічы адбыўся ўжо ў кастрычніку таго ж года. Да гэтага часу сваімі меркаваннямі падзяліліся з Валадаром Шушкевічам, Васілём Хацкевічам і Анатолем Хаванскім. Яны згадзіліся дапамагчы. Васіль Шкіндзер з Поўсвіжа прыехаў на ўласным трактары. З яго дапамогай чаплялі крыжы тросам і выцягвалі на поле.
Было гэта зрабіць не так ужо і проста з-за вялікай вагі надмагілляў. Паколькі дакладнага месца, дзе раней маглі знаходзіцца могілкі, не ведалі, вырашылі абраць для размяшчэння крыжоў больш зручнае. Дзеля гэтага аблюбавалі пагорак, з якога добра былі бачныя навакольныя краявіды. Кампазіцыю размяшчэння крыжоў і каменных пліт выбіралі, кіруючыся сваім густам. У цэнтры паўстала каменная пліта з таямнічым сімвалам. З тае пары прайшло больш за дзесяць гадоў. Дасюль застаецца незразумелым, у чым сакрэт прывабнасці таронкавіцкага некропаля. Старых сярэднявечных могілак з каменнымі крыжамі захавалася яшчэ даволі шмат у нашым рэгіёне. Аднак ніводнае з тых месцаў не прыцягвае столькі ўвагі з боку аматараў гісторыі, турыстаў, прадстаўнікоў розных веравызнанняў, ад паганцаў да хрысціянаў, як таронкавіцкія крыжы.
Валерый ТУХТА.
На здымку: усталяванне крыжа ў Таронкавічах (кастрычнік 2003 г.).
Фота з архіва аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>