Пожар был большой. Горел дом на Борисовском тракте

img_7462 Калі глядзіш на агонь — неяк становіцца весялей на душы. Чаму так? Часам нават кажуць, што агонь — лепшы псіхолаг пры дэпрэсіі. Праўда, тут гаворка не пра той злы агонь, што на пажары знішчае ўсё жывое, а пра той добры агеньчык-цяпельца, які гарыць у печцы ці на вогнішчы, грэе хату і душу. Можна бясконца глядзець на цяпельца і натхняцца хараством гарачых вугольчыкаў. А бывае, што агеньчык у чалавека ўсярэдзіне. Пра такіх кажуць: “Працуе з агеньчыкам, жыве з агеньчыкам”. Так кажуць, як правіла, пра людзей яркіх і неардынарных, захопленых справаю, якія гараць (а часам і згараюць) на працы.

Цікава, што, сабраўшыся пісаць пра пажарнага, я раптам задумаўся, як магчыма жыць і балансаваць паміж двума агнямі — маленькім, які ў душы беражліва ахоўваеш, і тым вялікім, з якім змагаешся па роду службы. Запытацца б пра гэта ў самога героя маёй нататкі Аляксея Хамічонка. Ды што ён адкажа? Як заўсёды ўсміхнецца і аджартуецца. Жыве чалавек у суладдзі з гумарам. Шчаслівы! Не ўсе, на жаль, тонка разумеюць гумар і не кожны майстар пажартаваць. Хто ўмее жартаваць — аптыміст, яму лёгка жыць.
Зірнуўшы на Аляксееву біяграфію, можна падумаць, што жыццё ў яго неяк лёгка ўдаецца, прыгожа, можна сказаць, паказальна. Вось бачыце, прызналі нядаўна чалавекам года Віцебшчыны. А чаму не прызнаць! Дваццаць гадоў на службе ў МНС. А самому ж яшчэ няма і сарака. Яшчэ колькі гадоў — і стане маладым пенсіянерам. Не думаю, што яму захочацца з такім запасам сіл і энергіі пакідаць актыўную працу, апрануўшы кажух, садзіцца на ўсё астатняе жыццё ля палонкі з блёснамі. Недзе сабе занятак абавязкова знойдзе.
Чаму не прызнаць лепшым, калі ў яго добрая сям’я. Жонка Аксана працуе на МКК, двое сыноў, дачка. Старэйшы Арцём ужо ў ваеннай акадэміі. Заканчвае гімназію Ілья. Напэўна, таксама паступіць ва ўніверсітэт. Хто ведае, можа, па частцы радыёэлектронікі пойдзе. І дома ёсць каму душу пагрэць, бо Насця яшчэ толькі ў першым класе. Доўга яшчэ застанецца з бацькамі.
Пытаюся, чаму яго прызналі чалавекам года? Ці не грамадскі ён актывіст. “А чаму абавязкова актывіст? — адказвае. — Пэўна ж, тут болей улічваюцца прафесійныя заслугі”.
Ну, не ведаю, чым там кіраваліся. Але магу сказаць, што не прамахнуліся. Ні па працы, ні ў жыцці астатнім за такіх, як Аляксей Хамічонак, не сорамна. Абавязак свой выконваў заўсёды сумленна, ці то калі пажарным быў, ці то пазней, як стаў ужо камандзірам аддзялення пажарна-выратавальнага паста №1 у Лепелі. Мае медаль “За бездакорную службу ІІ ступені”, значкі і іншыя ўзнагароды. А што біяграфія? На першы погляд, кароткая — дык гэта справа звычайная. Доўгі паслужны спіс у працоўнай кніжцы — яшчэ не гарантыя якасці жыцця. Школу закончыў, у прафтэхвучылішчы правы вадзіцельскія атрымаў, дзеля якіх, зрэшты, туды і паступаў. Пайшоў у ваенкамат, вярнуўся адтуль з позвай у армію. Ды раптам сустрэў Віктара Швяцова, які ў той час узначальваў пажарную службу. А той ведаў хлопца яшчэ ці не са школы, бо Аляксей быў падлеткам шустрым і спартыўным. Футбол, валейбол, баскетбол — за гэтым прайшло ўсё дзяцінства і юнацтва. І сумесна з “эмэнэснікамі” выступалі ў розных спаборніцтвах. Адным словам, у пажарнай Аляксея ўжо ведалі.
— Хочаш да нас? — запытаўся Віктар Валянцінавіч.
Які ж спартыўны юнак адмовіцца ад такой заманлівай і рамантычнай прапановы?
І войска, такім чынам, адмянілася. На павестцы жыцця замаячыла іншая служба. Так і стаў ён пажарным у васямнаццаць гадоў.
-2-
— Памятаеце свой першы пажар? Гэта было сур’ёзнае выпрабаванне?
— Пажар быў вялікі. Гарэў дом на Барысаўскім тракце. Не буду маніць, што мяне адразу ж у агонь кінулі. Я ж зусім яшчэ юным быў. Да экстрыму мы паступова прывучаемся. Хтосьці ў агонь ідзе, маладзейшыя, яшчэ без вопыту, шлангі падцягваюць-раскручваюць і г.д. Потым спецнавучанне праходзіў у Віцебску.
— А ці былі па службе кур’ёзныя выпадкі?
— Добра, раскажу, дык ці напішаце, — хітравата прыжмурыў вока мой суразмоўца, і загарэўся ў яго гарэзлівы чортаў агеньчык. — Аднаго разу па дапамогу звярнуўся малады чалавек з… падшыпнікам на далікатным месцы. Недзе пакуралесіў. Вось такі “пірсінг” атрымаўся. Цэлы дзень так хадзіў. Давялося ратаваць, бо медыцына ўжо рады не магла даць.
— Ну, з кур’ёзамі ў вас тут нармальна, а як наконт страху? А што адчуваеш, калі едзеш, скажам, на ДТЗ, дзе, ведаеш, што трэба вызваляць людзей з груды аплаўленага металу?
— Хвалюешся, кожны раз трымценне. А як прыязджаеш — хваляванне праходзіць, проста працуеш. Дзейнічаеш па абставінах.
Абставіны бываюць розныя: і жахлівыя, і кур’ёзныя, і сентыментальныя. Гэта жыццё. А ў “эмэнэснікаў” не бывае спраў важных і не вельмі — усе аднолькавыя. Іх справа — ратаваць, на тое яны і ратаўнікі. У Гарадзінцы карова па вушы завязла ў балоце. Выклікалі ратаўнікоў. У Лепелі ў лазню чалавек прыехаў. Пакуль мыўся, пад капот машыны забралася кацяня і засела паміж пасам і шківам. Ратаўнікі адціскалі пас, вызвалялі.
Ён, Аляксей, нібы для “пажаркі” і нарадзіўся. Быў у дзяцінстве хлопцам гарэзлівым, не якім-небудзь хлюпікам, а рашучым, умеў за сябе пастаяць. І за сяброў таксама. Можна сказаць, вырас у Вілах, у бабулі. Грыбы, ягады. Лес карміў, бо там раслі грошы. Лёша змалку ведаў ім кошт. І, само сабою, праца ля дому — у пракосе, у баразне. Мужык, адным словам. Сена сушылі, карову, свіней трымалі. Ён і зараз свой у вёсцы. Агарод мае ў тых жа Вілах. На возеры добрай рыбалкі ніколі не прапусціць — ні ўлетку, ні зімою. І старэйшага сына прыахвоціў. Сярэдні дык болей за камп’ютарам.
— Увесну, калі ад берагоў лёд адыдзе, таксама сядзіце з блёснамі? — пацвельваюся. — Вы ж “эмэнэснікі, калі што, самі сябе ўратуеце, выцягнеце за чупрыну, як той Стары Хатабыч.
— А ведаеце, — адказвае раптам сур’ёзна, — па мне хай ужо лепей на возеры, чым пад магазінам з бутэлькай. Жыццё адно, і трэба пражыць яго так…
Сапраўды. Жыццё адно, вось толькі далёка не кожнаму ўдаецца жыць годна…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: старшы прапаршчык МНС Аляксей Хамічонак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>