Ефим Баранов был разведчиком в полковой разведке

barana%d1%9eУбачыўшы старое фота з выявай немаладога ветэрана, мой знаёмы, які цікавіцца гісторыяй і ведае толк ва ўзнагародах, сказаў:
— Цікавы фотаздымак, бачыш, — паказаў на ўзнагароды,— у гэтага чалавека ордэн Баявога Чырвонага Сцяга яшчэ без планкі. Такія давалі ў пачатку вайны, дзесьці да сорак другога-сорак трэцяга. І, павер, проста так не давалі. Відаць, ён вельмі сур’ёзна ваяваў.
Што хацеў падкрэсліць мой знаёмы гэтым самым “вельмі сур’ёзна”, не магу сказаць дакладна. Аднак можна здагадацца. На вайне як на вайне. Там, вядома, усё сур’ёзна, але былі розныя абставіны і рознай вартасці ўзнагароды.
А што да чалавека на здымку, то ў яго ўжо, на жаль, не запытаешся. Яфіма Баранава даўно ўжо няма. І ведаю я пра яго няшмат. Ведаю, што амаль зямляк. Яго роднае Міхалова і мае Чэрцы — усяго за сем кіламетраў. А калі напрасткі, то і меней. Ведаю, што ў адной школе вучыліся. Па звестках з яго кароткай біяграфіі, Яфім закончыў пяць класаў Чэрскай школы. І калі ж гэта было? Зразумела, да вайны, калі ўзяць пад увагу, што нарадзіўся мой зямляк у дваццатым годзе. Хутчэй за ўсё, і школа наша ў той час называлася па-іншаму, бо, па ўсім відаць, была не ў Чэрцах, а на другім беразе возера — ва ўрочышчы Гушчына. А можа, ён заканчваў школу ў Юндзілаўцы, бо і там, казалі, былі пачатковыя класы.
Затым сям’я жыла ў Бабчы. Яфім працаваў у калгасе інжынерам, пасля паслалі вучыцца на цырульніка. А ў саракавым прызвалі ў шэрагі Чырвонай арміі.
Зрэшты, ведаю хоць і не так шмат пра свайго гераічнага земляка, ды не сказаць, каб і мала. Справа ў тым, што ў школьным музеі СШ №3 мне пашчасціла пазнаёміцца з успамінамі Яфіма Дзмітрыевіча, якія акуратна занатаваў колькі гадоў таму яго праўнук Максім Ярмолік. Хлопчык, які ў той час вучыўся ў чацвёртым класе, пад кіраўніцтвам настаўнікаў і з дапамогаю сваякоў пісаў даследчую працу “Мая сям’я ў асобах і падзеях”, куды сярод іншага цікавага матэрыялу ўвайшлі і асабістыя ўспаміны яго гераічнага прадзеда. Вось як успамінае тыя падзеі Яфім Баранаў:
“У верасні 1941 года я быў разведчыкам у палкавой разведцы 492-га стралковага палка 199-й стралковай дывізіі. Наша дывізія стаяла пад Харкавам, станцыя Булацэпаўка. Мы атрымалі заданне разведаць абстаноўку ў вёсцы Тацьянаўка, даведацца, якія сілы праціўніка там стаяць.
Цэлы дзень мы на пярэднім краі нашай абароны вялі разведку, назіралі, дзе размешчаны асноўныя кропкі праціўніка, дзе стыкі рот і батальёнаў.
А ў наступную ноч перайшлі пярэдні край абароны і паглыбіліся ў распалажэнне праціўніка на пяць кіламетраў. Зайшлі ў вёску Тацьянаўка, забілі двух вартавых і падышлі да крайняй хаты. Там знаходзіліся афіцэры. Яны спакойна разглядалі тапаграфічныя карты. Мы ў два акны кінулі гранаты, а самі пабеглі ў поле, дзе схаваліся ў быльнягу. Праляжалі там дзень, а ноччу вырашылі ісці да сваіх. Аднак заблудзіліся і не знайшлі праход. І пайшлі да немцаў. Нас спыніў нямецкі вартавы, але наш камандзір аддзялення добра ведаў іх мову і адказаў па-нямецку.
Вартавы падпусціў нас бліжэй. А ў гэты час наш таварыш падпоўз да яго ззаду і забіў. Мы пайшлі далей. У хуткім часе нас спыніў яшчэ адзін нямецкі вартавы. Камандзір адказаў, але той не падпусціў нас блізка. Тым часам двое нашых таварышаў падпаўзлі да яго і таксама “знялі”. Далей мы агледзелі зямлянку. У ёй гарэў агеньчык. Падышлі і ўбачылі афіцэраў. Некаторыя ляжалі, адпачывалі, іншыя сядзелі. Мы ўтрох уварваліся ў зямлянку і закрычалі: “Рукі ўверх!”. Пачалі страляць з аўтаматаў. Шэсць чалавек забілі, аднаго ўзялі з сабой. Забралі ўсе дакументы. Палонны немец паказаў нам дарогу. Калі пераходзілі пярэдні край, нас моцна абстралялі немцы. Аднаго таварыша цяжка паранілі. Мы трапілі ў другую дывізію, але нас даставілі ў сваю 199-ю і ў свой полк. Мы былі прадстаўлены да высокай узнагароды. Камандзір аддзялення Ахмедаў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Гэта ён ведаў нямецкую мову. Я быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Таксама атрымалі ўзнагароды і астатнія таварышы: Шчанкін, Бандарэнка, Жук, Ліперыдзе, Карпаў.
“…У 1941 годзе мы перапраўляліся праз раку Ворскла. Немцы нас абстрэльвалі. Так здарылася, што мая вопратка, усё абмундзіраванне патанула. Выскачыў я з вады голы. Побач была вёска Сіняўка. Адна жанчына мяне апранула. У 1975 годзе я ездзіў у тыя мясціны на сустрэчу з аднапалчанамі. І з гэтай жанчынай мы сустракаліся. Была вялікая радасць ад сустрэчы з чалавекам, які ў самы цяжкі час дапамагаў, суперажываў разам з намі…”
Яфім Баранаў ваяваў да красавіка 1944 года, камісаваны па раненні (страта левай рукі) ў званні капітана. Меў дзевяць лёгкіх і тры цяжкія раненні. Акрамя ордэна Баявога Чырвонага Сцяга быў таксама ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 г.”, “За абарону Кіева”, “За абарону Сталінграда” і іншымі. З вайны застаўся інвалідам І групы. Куды ўжо сур’ёзней ваяваць! Мой зямляк абараняў Сталінград, на Украіне, у раёне г. Шаўчэнка, страціў руку. На станцыі Джанкой імем Яфіма Баранава названы поле і трактарная брыгада.
Ёсць кім ганарыцца яго праўнуку. Дарэчы, з Максімам Ярмолікам мы пакуль не сустракаліся. Школу ён ужо закончыў. Казалі, вучыцца ў каледжы. Абавязкова пазнаёмімся. Магчыма, раскажа нешта такое пра свайго прадзела, што дазволіць прадоўжыць аповед.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Яфім Дзмітрыевіч Баранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>