В жизни она стремится быть всегда ответственным человеком

img_6531Яна Касцючэнка загадвае аддзяленнем дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ў тэрытарыяльным цэнтры фактычна з самага пачатку.

Адкрылася ў снежні дзве тысячы трынаццатага аддзяленне — і ёй прапанавалі яго ўзначаліць. Чаму менавіта ёй? Патрэбен быў чалавек, у якога добра атрымліваецца дыялог з пажылымі людзьмі, які па-сапраўднаму заглыблены ў сваю справу і робіць яе з душою. А іначай як! Паверце, вельмі няпроста знайсці агульную мову з немаладога веку людзьмі, абцяжаранымі адзіноцтвам, хваробамі і г.д. Ды і проста часам ім не хапае таго соцыуму, без якога адчуваюць сябе пакінутымі.
Яна Іванаўна — чалавек хоць і малады, аднак умее завабіць, падкупіць шчырасцю, выслухаць, зразумець. Пажылыя людзі вельмі тонка адчуваюць натуру чалавека, і такія якасці ім даспадобы. У калектыве гэта заўважылі, зрабілі стаўку на маладога работніка і, як кажуць, не прамахнуліся.
Вырасла Яна хоць і ў горадзе, ды ў абстаноўцы, больш характэрнай для вёскі. Прыватны дом, агарод, і нават не адзін. Да шасці гадоў расла ў бабулі з дзядулем, мелі і ў Жарсцвяніках агарод, і ў раёне МКК. На камбінаце ў начную змену працавала бабуля, а дзядуля быў галоўным інжынерам дарожнай службы. Што такое працаю хлеб здабываць, дзяўчынка ведала з маленства. Заканчвала СШ №2, вучылася добра. Асабліва падабаліся нямецкая мова, геаметрыя, фізкультура, сусветная мастацкая культура. А ў выніку яшчэ і зацікавілася псіхалогіяй асобы.
-2-
У жыцці Яна імкнецца быць заўсёды адказным чалавекам, так што паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт без асаблівых цяжкасцяў. Выбрала факультэт сацыяльных тэхналогій. І ў яе дыпломе значыцца: “Спецыяліст па сацыяльнай рабоце. Псіхолаг”.
Пачынала шэсць гадоў таму ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, пакуль не ўзначаліла работу непасрэдна з пажылымі людзьмі.
— Якую мэту ставіць ваша аддзяленне? — пытаюся ў Яны Іванаўны.
— Дапамагчы пажылым людзям, зрабіць больш якасным іх жыццё.
— Якім чынам вы гэта робіце?
— Прадастаўляем рознага кшталту адукацыйныя паслугі. Вось, напрыклад, нашы наведвальнікі маюць магчымасць асвоіць камп’ютар і з задавальненнем гэта робяць. Для некаторых з іх новыя электронныя тэхналогіі — святло ў акенцы ў іх адзінокай старасці. Тыя, хто не сябруе з электронікай, выбіраюць іншы занятак па душы. Удзельнічаюць у розных культурна-масавых мерапрыемствах: танцуюць, спяваюць, наведваюць гурткі. І яшчэ адзін цікавы занятак прапануем пажылым людзям — аздараўленчую фізкультуру. Наладзілі цеснае супрацоўніцтва з фізкультурна-аздараўленчым комплексам і, прынамсі, з Рымантасам Стрыпейкісам. На базе комплексу праходзяць выязныя аздараўленчыя заняткі, іх вядзе валанцёр Таццяна Далгіна, якая таксама наведвае аддзяленне. Займаемся і на гарадскім стадыёне. Нельга не ўзгадаць і пра духоўны складнік работы аддзялення. Наладжаны кантакт з айцом Сергіем, які таксама штомесяц праводзіць заняткі з пажылымі людзьмі.
Сама Яна Іванаўна заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу — і не толькі сваім наведвальнікам, а і калегам. Напрыклад, калі ў Бароўцы адкрывалася аналагічнае аддзяленне, яна праводзіла там стажыроўкі, дзялілася вопытам.
Дапамагаць людзям навучылася яшчэ ў дзяцінстве, калі ў школе была старастай класа: хадзілі да ветэранаў, дапамагалі ім, з задавальненнем слухалі іх жыццёвую мудрасць, віншавалі са святамі.
-3-
Чалавек вельмі камунікабельны, просты, шчыры. І таму ў яе шмат сяброў. Некаторыя — з самага дзяцінства. З задавальненнем у вольны час гасцюе ў сяброў дзяцінства, якія зараз жывуць у Мінску. Жыве пакуль з бацькамі — звычайнымі працаўнікамі, бухгалтарам і мантажнікам. А яшчэ ў вольны час любіць вышываць крыжыкам — чыста для сябе. Работы дорыць потым сябрам у якасці сувеніраў.
Шчодрая душа. Яне прыемна бачыць усмешку на твары пажылых людзей, з якімі працуе, адчуваць іх радасць і ўдзячнасць. У старасці таксама прывабны твар, калі на ім усмешка. Значыць, недарэмна патрачаны сілы і час, і старанні недарэмныя.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Яна Іванаўна Касцючэнка; у аддзяленні для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>