Что в пограничные войска попаду, знал сразу

img_6005 Мікалай Трубека літаральна паўтара месяца таму вярнуўся дахаты са службы — з аховы дзяржаўнай мяжы.

— Што ў пагранічныя войскі патраплю, ведаў адразу, — дзеліцца ўспамінамі. — Яшчэ пры праходжанні прызыўной камісіі мне паставілі першую, самую лепшую, групу годнасці па здароўі. Гэта значыць, што ў мяне не было ніякіх абмежаванняў, маглі накіраваць і ў дэсант, і ў спецвойскі, і ў міліцыю. Аднак я з самага пачатку выявіў жаданне служыць менавіта пагранічнікам. Ніякай асаблівай, ярка выражанай матывацыі не было, проста хацелася служыць там.
Са школьных гадоў Мікалай Трубека займаўся лёгкай атлетыкай, гімнастыкай, лёгка выконваў практыкаванні на турніку. Не закідваў любімы занятак і пад час вучобы ва ўніверсітэце, хаця па аб’ектыўных прычынах мог выдзяляць для яго нашмат менш часу. Магчыма, гэтая акалічнасць і стала штуршком для вызначэння высокай ступені годнасці.
У дзень прызыву хлопца з Лепеля прывезлі спачатку ў Віцебскі абласны ваенны камісарыят, там ужо былі так званыя “купцы” — прадстаўнікі вайсковых часцей, якія і займаліся наборам маладога папаўнення. Афіцэр-дэсантнік прапанаваў памяняць выбар на карысць блакітных берэтаў, але Мікалай пацвердзіў вернасць раней прынятаму рашэнню.
Затым была вучэбная часць Полацкага пагранічнага атрада. У першы месяц маладому салдату давалі асновы пачатковай вайсковай падрыхтоўкі: дзеянні ў баявых сітуацыях, валоданне зброяй, страявую падрыхтоўку. Пасля прыняцця ваеннай прысягі быў першы вырашальны этап — куды накіруюць для атрымання вайсковай спецыяльнасці. Для падрыхтоўкі вадзіцеляў маладых салдатаў накіроўвалі ў вучэбную часць у Дзяржынск, кінолагаў вучаць у Смаргоні. На астатнія спецыяльнасці вучаць на месцы, у пагранічных атрадах.
— Вучоба ў атрадзе працягвалася тры месяцы, — расказвае Мікалай. — Нас вучыў той жа прапаршчык, што і прывозіў з Віцебскага аблваенкамата, іншыя прапаршчыкі і афіцэры. Навучалі як агульнавайсковым дысцыплінам, так і спецыфічна пагранічным. Скажам, як правільна высочваць і затрымліваць парушальнікаў, як рабіць гэта, не парушаючы закон. Ёсць мноства нюансаў.
А потым Мікалая разам з яшчэ некалькімі пагранічнікамі прывезлі на заставу, сустракаў іх начальнік старшы лейтэнант Яўген Кулеў. Правёў па памяшканнях, паказаў, дзе будуць жыць і служыць.
— Дарэчы, у першы выхад на ахову мяжы начальнік заставы з намі, маладымі салдатамі, выходзіў асабіста. І ў часе далейшай службы не сядзеў у кабінеце, а разам з падначаленымі перыядычна заступаў. І новы начальнік заставы старшы лейтэнант Аляксандр Макаранка, які прыйшоў Кулеву на замену, прадоўжыў гэтую практыку.
— Чым афіцэры матывуюць асабістыя выхады ў нарад?
— Як кажуць, у лесе ўсё відаць. Праходзячы па 20 — 30 кіламетраў уздоўж дзяржаўнай мяжы, размаўляеш з чалавекам, міжволі даведваешся пра яго ўсё, а адначасова і бачыш яго ў рэальнай справе — у нясенні баявой службы.
Пад час праходжання салдаты звяртаюць увагу на ўсё: стан кантрольна-следавой паласы, галіны дрэваў, сляды звяроў. Немалаважны і кантакт з мясцовым насельніцтвам, жыхары памежных населеных пунктаў — першыя памочнікі пагранічнікаў.
— Якія былі ўмовы пражывання і нясення службы?
— Спецыфічныя. Вось хлопцы, якія вярнуліся са звычайных вайсковых часцей, распавядаюць пра жыццё па распарадку: пад’ём а шостай гадзіне, зарадка, сняданак, развод на заняткі, абед, вячэра, адбой у 22.00. На заставе распарадак ёсць, але свой. Там спіш тады, калі ў цябе ёсць вольны час, у нарад выходзіш згодна з графікам, не зважаючы ні на час сутак, ні на пару года, ні на стан надвор’я. А калі спатрэбілася падмацаванне суседзям, а бывала такое рэгулярна, нас перакідвалі да іх. Неслі мы службу як і належыць. Харчаванне было наладжана адменна.
— Як было з сувяззю з домам.
— Без усялякіх праблем. Былі, вядома, пэўныя абмежаванні, але неістотныя. Ва ўсялякім разе, я мог рэгулярна тэлефанаваць. Мама прыязджала, сам быў у кароткатэрміновым водпуску.
— Спытаю шчыра і прашу адказаць гэтак жа. Пасля трагедыі з Аляксандрам Коржычам у Пячах у грамадстве пайшла хваля. Як у вашай часці абстаяла справа з так званай “дзедаўшчынай”?
— “Дзедаўшчына” ўзнікае там, дзе салдаты пакінуты самі сабе. Там, дзе вядзецца інтэнсіўная баявая вучоба, баявая работа, для падобных “фокусаў” у салдатаў не застаецца ні часу, ні жадання. На заставе ўсе былі пастаянна занятыя — ад маладога салдата да камандзіра. Па-другое, усе пастаянна са зброяй. Кожны сяржант, стараслужачы разумее, што заўтра-паслязаўтра вам разам выступаць у лес, у кожнага будзе зараджаны аўтамат. Таму навошта спакушаць лёс? У нарадзе трэба, наадварот, прыкрываць спіну сябра.
Зараз Мікалай ладзіць цывільнае жыццё, збіраецца ўладкоўвацца на працу ў Мінску па сваёй спецыяльнасці — інжынер-праграміст-сістэматэхнік.
На здымку: Мікалай Трубека.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>