Уважаю ее выбор, вольному — воля

valeryya-ykavaХораша быць вольным! Праўда, волю кожны разумее па-свойму. Для адзінаццацікласніцы са Стай Валерыі Быкавай воля — гэта магчымасць адчуць сябе дарослай, свабодна выказаць сваю думку, паспрачацца, праявіць індывідуальнасць.

Так ці інакш, але ўсе падлеткі крэатыўныя. Аднак ёсць “правільныя”, не падкапаешся, ды па жыцці дастаткова сумныя. Валерыя — не з такіх. Крэатыў з яе так і бруіць. Прызнаюся, размаўляць з дзяўчынай надзвычай цікава. Нездарма нават да ўласнага імя яна катэгарычна-патрабавальная — не жадае быць Лерай. Напэўна, лічыць, што ўжо вырасла з яе.
— Дык ты кажаш, што будзеш эканамістам?
— Ну. А кім яшчэ? Матэматыка мне падабаецца. Юрысты — ды каму яны патрэбны? Іх ужо столькі… Праграмісты — зноў жа. Прафесія хоць і перспектыўная, ды больш для хлопцаў. Цікава, а кім вы мяне ўяўляеце?
— О! Я з лёгкасцю бачу цябе на сцэне. Ты часам не спяваеш, не танцуеш? У вас тут, у Стаях, і дрэвы танцуюць…
— Ні тое і ні іншае. Увогуле, не люблю быць, як усе.
— Залік!!! А пісаць не спрабавала? З тваімі данымі і з тваёй камунікабельнасцю, манерай трымацца мог бы атрымацца неблагі тэлежурналіст.
— Не, — смяецца, — пішу толькі ў межах школьнай праграмы. Сачыненняў не любіла ніколі.
— Ну, можна быць настаўнікам. Толькі не эканамістам. Ты што!? Ды ў цябе ж з тваім няўрыслівым характарам пасля першай жа справаздачы завядзецца алергія ў цемечку, і выскачыш пробкай з тае бухгалтэрыі.
— Настаўнікам? Думала. Магчыма, гэта нават запасны варыянт. Калі настаўнікам, то — фізмат, але кажуць, што з мяне настаўнік не атрымаецца.
— Чаму? Хіба ў цябе не атрымаецца з дзецьмі? А калі, напрыклад, настаўнікам фізкультуры? Ты ж фанацееш ад свайго валейбола.
— Не, там біялогія. Я біялогію здаваць не буду. Ды і спорт — не прафесія, ва ўсякім разе, неперспектыўная. Спорт — для душы.
— Шкада. Слухай, а чым табе падабаецца валейбол?
— Сам па сабе цікавы. Спіна, праўда, крыху баліць пасля гульні, ды нічога. Нядаўна выступалі за Лепель на абласных спаборніцтвах — у Ноўках. Такая класная каманда! А дагэтуль былі ў Глыбокім на занальных. З нашай школы мы ўдвух за Лепель гулялі — з Ірай Пугач. Гэта мая лепшая сяброўка. Сябруем ужо даўно. Дарэчы, там і тут другое месца заваявалі. Саступілі толькі Верхнядзвінску.
— Ты ўдзельнічала ў школьных алімпіядах?
— Так, па беларускай мове трэцяе месца заняла, летась — па працы. Першае месца.
— На алімпіядзе па працы трэба паказваць свой выраб?
— Зараз ужо не, а раней трэба было. Зараз выконваюць пэўныя заданні.
— А што ты ўмееш рабіць?
— Раней вышывала, вырабляла штосьці з тканіны. Зараз проста часу няма. Гэта трэба карпець. Не люблю пастаянства.
— А што любіш?
— Свабоду. Рабіць тое, што хачу, і ненавіджу, калі чытаюць натацыі. Яшчэ люблю, калі мама пячэ торцікі.
— А працаваць?
— Дык працавала ж — цэлы месяц летам у фермерскай гаспадарцы ў Быкава ці Славецкага, не помню. Клубніцы палолі, ураджай збіралі.
— Наеліся, напэўна?
— Есці можна было колькі заўгодна. А зарплата залежала ад сабранага. Нармальна. Каля трохсот рублёў атрымалі.
— Музыку слухаеш?
— Падабаюцца англійскія песні. А яшчэ гляджу фільмы — фэнтэзі і камедыі амерыканскія. Любіце фэнтэзі? Не? Шкада. Нядаўна пачала глядзець новы серыял “Адораныя”. Цікавы.
— Чытаеш?
— У межах школьнай праграмы. Зараз столькі чытаем! А яшчэ — Гары Потэра. Гэта ўжо без праграмы.
— Паедзеш вучыцца ў вялікі горад?
— Пастараюся. Што тут рабіць? Сумна. Не хапае цікавых стасункаў.
— А возера, а прырода?
— Хіба што паплаваць. Не, не маё гэта. Трэба ў горад.
І яна паедзе. Бо такое ў Валерыі ўспрыняцце волі. У мяне — іншае, але таксама паважаю і яе выбар. Вольнаму — воля!

 Уладзімір МІХНО.
На здымку: Валерыя Быкава.

Один комментарий для “Уважаю ее выбор, вольному — воля

  • 11.12.2017 в 4:08 пп
    Permalink

    А пра што была гаворка з гэтай дзяўчынкай? Што ў ёй адметнага, акрамя фанабэрнасці?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>