Зеленый остров в золотом море надежд

img_5262 Ці бачылі калі Віктар і Валянціна Паліцыны сапраўднае мора? Думаю, што наўрад ці, бо ў калгаснага вадзіцеля і даяркі было заўсёды мора зямных спраў. Так што ні Чырвонага мора, ні Чорнага ім у жыцці пабачыць не давялося. Хіба што мора залатое… Вяскоўцы мяне зразумеюць. Гэтыя — шчаслівыя. Вось калі красуе, а яшчэ лепей, спее жыта… А гараджанам пашанцавала меней. Бо са сваіх паверхаў любуюцца хіба што астраўком блакітнага неба ў межах аконнай рамы.

Залатога мора Віктар пабачыў, хоць сам і гараджанін. Ды што там, невялікі раённы цэнтр Яўлінка ля Петрапаўлаўска, у Казахстане. Бадай тое самае, што і сельская мясцовасць. Бацька быў электрыкам, маці вартавала на ферме. Дзясятага класа Віця Паліцын не скончыў, як падаўся ў трактарысты. Чаго было не давучыцца — кінуў школу. Тры месяцы кароткай навукі на курсах механізатараў — і ён ужо на ДТ-54. А яшчэ былі гусянічныя трактары “Націкі”, па дзесяць плугоў цягалі.
У саўгасе са знакавай назвай “Узорны” (“Образцовый”), на маладой, не ўзаранай яшчэ цаліне пачыналася яго працоўнае юнацтва. А праз два гады — армія. Трапіў армейскім вадзіцелем пад Іркуцк. Вярнуўся зноў на трактар, а неўзабаве перасеў на ГАЗ-51. Зрэшты, Цаліна — гэта не толькі мора пшанічнага золата, а перадусім шэры абязводжаны стэп і чорная пылюга з-пад плугоў на ворыве. Фарбы не надта зайздросныя.
Тым часам і Валянціна Скрабнеўская з сям’ёю апынулася ў Казахстане. Што ж іх гнала на далёкую цаліну з невялікай беларускай вёсачкі з такой паэтычнай назвай Зялёны Востраў. Не ведаю, хто вёсцы назву даваў, ды жылі і праўда, як на востраве. Вакол багна, балоты. Вакол галеча пасляваенная, і ні капейкі не заробіш у калгасе, хіба што гірсы з пучком каласкоў — на працадзень. І не выедзеш нікуды — бы і сапраўды на востраве. Без пашпартоў сядзелі сяляне. Адно грыбы ды ягады выручалі.
У Казахстане знайшлі Віктар з Валянцінай шчасце сваё, і павезлі яго ў Беларусь. Справа ў тым, што бацькі нявестку недалюблівалі. Спіхнулі маладых тут жа на свой хлеб. Туліліся спачатку ў маленькай хаціне, Віктар пачаў будавацца. Ды ўрэшце Валянціна закамандавала ехаць, тым болей, што ўжо ўсе яе сваякі зноў у Беларусь вярнуліся.
Віктар кажа, што не прагадаў, бо ўжо ў сямідзясятыя ў Беларусі людзі жылі мо разы ў тры лепей, чым у яго на Радзіме. А тады адразу крыху пажылі ў яе бацькоў. Затым пазычылі грошай — і на карову хапіла, і на хату новую. Далі Віктару машыну ГАЗ-51. Вазіў жанчын на поле — на лён, на сена. Праўда, года не папрацаваў, кінуў. Падаўся ў міжкалгасбуд — на большыя грошы. Працаваў у горадзе даволі доўга — і на пагрузчыку, і на самазвале. У вёску вярнуўся, калі там грошы пачалі плаціць. Машыну новую атрымаў. Так і “круціў баранку”, можа, гадоў дваццаць пяць. То зерне вазіў, то торф. Шэсць машын з’ездзіў, і кожную прыгадвае добрым словам і называе ж як ласкава — “лятучка”, “ГАЗончык”, “троечка”, самазвальчык. Быццам гэта не машыны, а дзяўчаткі маладыя.
Тым часам жонка даіла калгасных кароў. Дагледзець сваю часу не ставала. Прыйдзе Віктар стомлены пасля цяжкага пыльнага працоўнага дня, прыляжа, а тут Валянціна з кута: “Віця, там, напэўна, наша кароўка целіцца”.
Дзеці ў механізатара і даяркі самі раслі, як тыя баравікі ў лесе. Выраслі. Таццяна ў Юркоўшчыне бухгалтарам працавала, зараз пенсіянерка. Сцяпан аж у Жлобіне, на настаўніка вывучыўся, вышэйшую адукацыю атрымаў. А кім ён зараз, Віктар і не ведае дакладна. Можа, у бізнэсе? Галя — у Лепелі, прадавец у “Пятрусе”.
Здавалася б, для каго ўжо? Дзеці сабе самі, а ў старых ля хаты даволі вялікі агарод, балазе спіны на ім не надломіш, ёсць мотаблок. За хатаю — копанка. Цэлае мора вады, вось толькі карасікі штосьці сёлета не клявалі. Вада і ў хаце — правялі, пральная машына-аўтамат. Халадзільнікаў ды маразільнікаў — калекцыя. Сёлета можна было ўвесь лес грыбны туды знесці. Машына і на вуліцы, хоць і патрыманая, ды іншамарка. Віктар весела прыгадвае, як усё на новую “Ніву” збіраў. Ды “сквапнасць фраера загубіла”. Дзе там, які “Запарожац” ці хоць бы і “Масквіч” — “Ніву” яму падавай. Сабраў дзевяць тысяч на кніжцы. У свой час жа і даяркі па трыста атрымлівалі, і шафёр не бедаваў. А ў дзевяноста другім на тыя грошы акурат бохан хлеба купілі.
Ды жыццё на месцы не стаіць. Зараз у Зялёным Востраве і хлеба на аўталаўцы бадай няма каму браць. Прыйдуць з гэтага канца вёскі тры бабулі — і ўся выручка.
Зялёны востраў у залатым моры надзей і спадзяванняў застаўся ў мінулым, там дзе каласілася і спела іх, адвечных хлебаробаў, жытнёвая маладосць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Віктар Паліцын.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>