Поисковая система привела на сайт belkraj.by, где одной из первых была усадьба «Двор Поречье»

dzik Вырашыў напісаць пра аграэкатурызм на Лепельшчыне на прыкладзе адной аграсядзібы. Як яе знайсці? Падказку, як часцей гэта робіцца, даў інтэрнэт. Пошукавая сістэма прывяла на сайт belkraj.by, дзе адной з першых была сядзіба “Двор Парэчча” ў аднайменнай вёсцы. Успомніў, што калісьці пісаў пра гэты населены пункт, пра яго жыхароў.

І не памыліўся. Прагледзеўшы старыя падшыўкі, знайшоў газету №60 за 28 ліпеня 2009 года, дзе змешчана вялікая публікацыя пад назвай “Парэчча”. У ёй апісваецца вёска і людзі. Аднак вернемся да галоўнай тэмы.
Патэлефанаваў, дамовіўся аб сустрэчы. Аграсядзібу знайшлі даволі хутка, гаспадар даў дакладныя арыенціры. Браму адчыніў мужчына сярэдніх гадоў у камуфляжнай куртцы. Прадставіўся:
— Аляксандр Яромкін, гаспадар аграсядзібы.
У двары стаялі дзве машыны ЛуАЗ. Гэта былі не простыя ЛуАЗікі, якія часам можна яшчэ сустрэць на нашых дарогах, у вёсках. Гэта былі вайсковыя ТПК — транспарцёры пярэдняга краю, спецыялізаваныя аўто, прызначаныя для вывазу з перадавой параненых. Яны былі нізенькія, каб хавацца ў складках мясцовасці. Акрамя гэтага, маюць унікальную асаблівасць — яны амфібіі, могуць плаваць, пераадольваць водныя перашкоды. Такія машыны рэдкасць, а ўбачыць у спраўным тэхнічным стане — увогуле неверагодная ўдача!
-2-
img_3997Машынка невялікая, лёгкая, па грунтавой дарозе едзе дрогка, падскокваючы на ўсіх выбоінах. І ўсё ж адчуванні запамінальныя, асабліва для мужчыны, які служыў у войску.
— Я спачатку адну купіў, а праз некалькі гадоў другую, — дзеліцца Аляксандр. — Абедзве былі ў неблагім тэхнічным стане, але я прыклаў шмат працы, уклаў грошай і давёў іх амаль да ідэальнага, заводскага. На іх родныя рухавікі, пакрышкі, гумавыя пракладкі, цэлыя кузавы дазваляюць плаваць. Мы з сябрамі неяк плавалі, на відэа магу паказаць.
На пытанне аб канкрэтных сумах суразмоўца тактоўна адказаў:
— Цану на такую машыну вы можаце даведацца ў інтэрнэце, сайтаў зараз хапае.
Аляксандр з маладых гадоў быў прыхільнікам актыўных відаў адпачынку: катаецца на веласіпедах, спускаецца на байдарках і каяках, плавае з аквалангам. Менавіта дзякуючы апошняму захапленню мінчанін Аляксандр пазнаёміўся з Лепельшчынай. Гадоў 20 таму сябры запрасілі яго паныраць на сушанскіх азёрах. За лета хлопцы аб’ехалі амаль усе навакольныя вадаёмы, папалявалі на шчупакоў ды ляшчоў. Суразмоўцу азёры спадабаліся найперш тым, што вада ў іх была чысцюткая, празрыстая, нават на вялікай глыбіні можна разгледзець водарасці, ракавінкі, рыбак. Так нечакана для сябе Аляксандр прыйшоў да высновы, што кватэра ў Мінску — гэта выдатна, але не зашкодзіць яшчэ і мець дом на адным з такіх азёраў.
Як атрымліваў і афармляў участак — асобная гісторыя. Аднак цяпер сядзіба мае прыгожы выгляд, абгароджаная, на беразе возера Чаросава два прычалы для чаўноў і невялікая купальня.
У першую чаргу Аляксандр пачаў будаваць дыхтоўны дом на тры паверхі.
— Колькі я памылак нарабіў! — дзеліцца суразмоўца. — На цяперашні розум ніколі б не будаваў дом на тры паверхі — толькі аднапавярховы. І будаваць танней, і ўтрымліваць, ацяпляць прасцей, ды і па лесвіцах з цягам часу падымаешся не з ранейшым імпэтам.
— А як прыйшлі да аграэкатурызму?
— Паступова. Па-першае, тут па суседстве працуюць яшчэ дзве аграсядзібы: “У Гаўрылавіча” і Паўла Глушаніна. Паглядзеў, што іх гаспадары не толькі жывуць тут, а яшчэ і займаюцца справай, якая ім цікавая. Па-другое, участак мой даволі вялікі. Я па натуры не селянін, бульбу і агуркі не вырошчваю, але не цярплю, каб зямля пуставала. Так з’явілася ідэя пабудаваць яшчэ два дамы і прымаць гасцей.
-3-
zatokaА што, месца хапае і для жылых дамоў, і для гаспадарчых пабудоў. За справу мужчына ўзяўся ўжо ўзброены папярэднім досведам. Будынкі ўзведзены аднапавярховыя. Праўда, і на гарышчах таксама ёсць жылыя пакоі, таму калі прыедзе вялікая кампанія, месца хопіць усім.
— Адначасова магу прыняць да 25-27 чалавек, — знаёміць са сваёй сядзібай Аляксандр.
Там сапраўды ёсць дзе размясціцца, прычым з усімі выгодамі. Для зручнасці гасцей ёсць лазня. Калі ёсць жаданне — можна пакупацца ў вадзе возера Чаросава проста з берага. Жылыя дамы зроблены з дрэва — самага экалагічнага ў Беларусі будаўнічага матэрыялу.
Пытаюся ў Аляксандра:
— Ваша сядзіба на беразе возера — значыць, прымаеце шмат рыбаловаў-аматараў?
— Прызнаюся, іх не дужа люблю прымаць. Калі казаць шчыра, гэтыя людзі не зусім ахайныя, пасля іх у дамах застаецца шмат бруду, рыбінай лускі. У дадатак, на адпачынку часта злоўжываюць спіртным. Яно мне трэба? Прызнаюся, было некалькі выпадкаў, калі пастаяльцаў, разгарачаных спіртным, удалося ўціхамірыць толькі папярэджаннем, што будзе выклікана міліцыя. Назаўтра я ім вярнуў грошы і пажадаў шчаслівай дарогі дахаты. Хаця заказ быў яшчэ на два дні наперад.
— На каго ж тады разлічаны адпачынак у “Двор Парэччы”?
— На аматараў актыўнага адпачынку на прыродзе. Сёлета, напрыклад, адпачывала пара, маладыя мужчына і дзяўчына. Яны кожны дзень каталіся на веласіпедах. Раніцай паснедаюць, на ровары — і паехалі. Вярталіся толькі да вячэры. Акрамя веласіпедаў у мяне яшчэ ёсць каякі — спецыяльныя турыстычныя чоўны: ёмістыя, устойлівыя на вадзе. На такіх можна рабіць шматкіламетровыя пераходы. А колькі сёлета грыбоў! Я сёння раніцай за дзве гадзіны два вядры назбіраў А ўсяго назапасіў іх столькі, што, здаецца, магу цяпер да наступнага грыбнога сезона харчавацца выключна грыбамі. Няхай толькі прыязджаюць турысты, я пакажу ім самыя грыбныя і рыбныя месцы. Правяду самымі прыгожымі і маляўнічымі маршрутамі.
Вядома, трэба рабіць сэрвіс і для рыбаловаў, і прымаць вялікія шумныя кампаніі, наладжваць карпаратывы. У Беларусі ёсць аграсядзібы з сэрвісам на любы густ, і няма праблем знайсці тое, што падыходзіць кожнаму канкрэтнаму адпачывальніку.
Я прыйшоў да высновы, што для паўнавартаснага адпачынку на аграсядзібе адных выхадных малавата. Уявіце сабе, прыязджае сям’я ў пятніцу позна ўвечары. Хутка перакусілі — і спаць. Змучаныя дарогай і напружанай працай у папярэдні працоўны тыдзень, наведвальнікі да паўдня адсыпаюцца. Для адпачынку і культурнай праграмы застаецца другая палова дня суботы і першая палова нядзелі, пасля абеду трэба збірацца ў зваротны шлях. Хіба за такі кароткі час можна паспець уволю пагуляць па лясах, пакатацца на каяках па азёрах і рэках, сабраць грыбоў, а потым згатаваць з іх кулінарны шэдэўр? За няпоўныя суткі ад такой насычанай праграмы людзі не адпачнуць, а зноў жа стомяцца. Таму варта выдзяляць на паўнавартасны адпачынак як мінімум дні чатыры. Аднак гэта мой уласны досвед, я яго не навязваю, кожны выбірае свой аптымальны варыянт.
-4-
— Гледзячы на сайце інфармацыю пра вашу аграсядзібу, звярнуў увагу, што кошты на адпачынак у “Двор Парэччы” істотна вышэй, чым у суседзяў. Разлічваеце на расійскіх турыстаў?
— Адкрыю вам “вялікую камерцыйную тайну”: сёлета ў мяне з пачатку года не было ніводнага расіяніна. Не ведаю, з чым гэта звязана. Ды я, шчыра кажучы, аб гэтым і не бядую. Агратурызм для мяне не асноўная і не самая істотная крыніца даходаў. Увогуле, у рэаліях Беларусі аграэкатурызм не з’яўляецца тым відам бізнэсу, дзе можна хутка атрымаць вялікія грошы. Прыём турыстаў на сядзібах — гэта, хутчэй, сацыяльны праект, накіраваны на самазанятасць людзей, на падштурхоўванне іх да актыўнай дзейнасці.
А наконт цаны распавяду вам такую гісторыю. Месяцы два таму я з жонкай быў у Літве, у Тракаі, начавалі ў падобнай аграсядзібе. Здымалі маленькі пакойчык на дваіх з мінімальнымі камунальнымі выгодамі, вадаём быў за кіламетр. Дык там гэта каштуе ад 70 еўра за суткі. І чым бліжэй да вады, тым даражэй. А наша сядзіба — проста на беразе. Вось і рабіце высновы. З іншага боку, калі падымем кошты да еўрапейскага ўзроўню — зусім застанемся без кліентаў. Даводзіцца шукаць баланс.
— Бачыў аграсядзібы, дзе прыём гасцей наладжаны літаральна на патоку: па адным і кампаніямі, карпаратывы — працэс ідзе ўдзень і ўначы. Ці мяркуеце вы выйсці на падобны ўзровень і якія ўвогуле вам бачацца перспектывы?
— Аграэкатурызм — занятак больш для душы, таму пашыраць дзейнасць, і тым больш наймаць работнікаў, не хачу. Той фармат, які ёсць, лічу аптымальным. Хіба каб наведвальнікаў прыязджала крыху больш, сёлета было зусім няшмат.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: на аграсядзібе “Двор Парэчча”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>