В зоне риска как дикие, так и домашние животные

0_f1d7d_d695aa35_xlАдбылося чарговае пасяджэнне раённага штаба па прафілактыцы афрыканскай чумы свіней і іншых інфекцыйных захворванняў жывёл. Асноўны дакладчык галоўны ветэрынарны ўрач раёна Святлана Знарок паведаміла, што, хоць у рэспубліцы ўдаецца цаной вялікіх намаганняў утрымліваць сітуацыю пад кантролем, вакол рэспублікі ўспышкі АЧС рэгіструюцца з незайздроснай рэгулярнасцю. У зоне рызыкі як дзікі, так і свойскія жывёлы, што ўтрымліваюцца ў асабістых прысядзібных гаспадарках, у фермераў, на шматтысячных свінагадоўчых комплексах.
Дзеля павышэння бяспекі трэба ў абавязковым парадку завяршыць мерапрыемствы па забеспячэнні поўнай біялагічнай абароны, распачатыя раней. Так, ужо больш за год на свінакомплексе ў Дражне не ўсталяваны шафы для пераапранання персаналу. Месцамі на тэрыторыі комплексу няма цвёрдага пакрыцця. Заўважым, што наяўнасць такога элемента — абавязковае патрабаванне да ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектаў. Напрыклад, на свінаферме ў Баброве сёлета ў асфальтаванне ўнутранай тэрыторыі было ўкладзена каля 50 тысяч рублёў.
На свінаферме ў Стаях, якая адносіцца да філіяла “Дражна”, праблема з дэзінфекцыйным бар’ерам — не ўсялякі транспарт, асабліва прычэпы, праходзяць праз навес, зладкаваны над ваннай з дэзрастворам. Навес абавязкова трэба расшыраць з улікам працы на перспектыву, каб была магчымасць праезду як трактароў з прычэпамі, так і вялікагрузных машын.
Рэгулярна спецыялісты райветстанцыі разам з прадстаўнікамі РАУС праводзяць рэйды па гарадскім базары. Асноўная мэта — кантроль за продажам мяса і камбікармоў. Пакуль што пацвярджаецца, што мяса свініны на базарныя прылаўкі паступае толькі з мясакамбінатаў, яно належнай якасці, мае неабходныя сертыфікаты. Камбікорм на базары рэалізуецца толькі з мясцовага камбікормавага завода. У гандлёвых кропках райспажыўтаварыства рэалізуюцца кармы для свойскай жывёлы толькі вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў, што дае пэўную гарантыю.
Працягваюцца і абыходы асабістых прысядзібных гаспадарак у вёсках, дзе ўтрыманне свіней забаронена. Было выяўлена адно парушэнне. Жыхар вёскі Баброва ўладкаваўся на працу на нядаўна ўведзеную ў эксплуатацыю свінаферму, а сваё ўласнае свінапагалоўе, як гэта прапісана ў кантракце і службовых інструкцыях, не ліквідаваў.
Планамерна праводзіцца дэпапуляцыя пагалоўя дзікоў у лясных угоддзях. На канец верасня ўсе лесапаляўнічыя гаспадаркі выканалі план па адстрэле гэтай жывёлы. Прадстаўнік ДЛГУ “Лепельскі леспрамгас” далажыў, што з прыроды на іх угоддзях выдалена 18 галоў дзікоў. Пры гэтым адзін дзік загінуў ад прыродных прычын, астатнія былі адстрэлены брыгадамі паляўнічых і егераў. Усе жывёліны вывезены на спецыяльны могільнік. Папярэдне ў тушах былі ўзяты біяматэрыялы для правядзення аналізаў. Вынікі іх паказалі, што АЧС у дзікай прыродзе на Лепельшчыне не зафіксавана.
У той жа час былі агучаны скаргі жыхароў некаторых вёсак Валосавіцкага сельсавета на празмерную актыўнасць у іх наваколлі дзікоў. Людзі кажуць, што, ходзячы ў лес у грыбы і ягады, усё часцей сустракаюць сляды дзікіх свіней. Было нават некалькі выпадкаў, калі лясныя жывёлы заходзілі ў агароды вяскоўцаў. Такая сітуацыя склалася з-за часовай безгаспадарчасці зямлі. Навакольныя лясныя ўгоддзі працяглы час былі ў карыстанні лесапаляўнічай гаспадаркі “Заранка”, якая некалькі месяцаў таму спыніла існаванне. Дзікі, можна сказаць, скарысталі спрыяльную сітуацыю, калі на “нічыйнай” зямлі нельга хадзіць паляўнічым са стрэльбамі, рассяліліся.
Дарэчы, паступалі паведамленні аб тым, што дзікі з лясоў падыходзілі амаль ушчыльную да аб’ектаў свінагадоўлі, у прыватнасці да тэрыторый свінакомплексаў у Дражне і Стаях. А гэта ўжо прамая небяспека.
Кіраўніцтву свінагадоўчых комплексаў даручана забяспечыць работу ў рэжыме закрытага цыклу вытворчасці, наладзіць поўную, устойлівую біялагічную абарону, мінімізаваць шанцы пранікнення інфекцыі, у тым ліку праз ліквідацыю ўжо ўказаных недаробак.
Міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, егерам лесапаляўнічых гаспадарак, паляўнічым трэба ў бліжэйшы час абысці землі вакол свінагадоўчых прадпрыемстваў і ў выпадку выяўлення дзікоў адстраляць іх. У далейшым даручана актывізаваць дзеянні па дэпапуляцыі гэтага віду жывёлы. Калі трэба, будзе дадаткова арганізавана яшчэ адна брыгада паляўнічых. Тым больш, што ліцэнзіі на адстрэл дзікоў выдаюцца ў любы час бясплатна і без усялякіх абмежаванняў.
У бліжэйшы час падворныя абыходы будуць працягвацца, асаблівая ўвага будзе звернута на асабістыя прысядзібныя гаспадаркі работнікаў філіялаў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Да правядзення абыходаў акрамя работнікаў райветстанцыі будуць прыцягвацца супрацоўнікі РАУС, РАНС, спецыялісты філіялаў “Дражна” і “Лепельскі”.
На пасяджэнні штаба было паднята яшчэ адно праблемнае пытанне: скупшчыкі ягад і грыбоў размяшчаюцца і вядуць сваю дзейнасць дзе заўгодна. Між тым рашэннем райвыканкама вызначаны тэрыторыі, дзе забаронена правядзенне скупкі дароў прыроды. У прыватнасці, пад забарону трапляе ўчастак дарогі Лепель — Докшыцы ад мяжы горада да вёскі Звязда. Аднак у апошнія дні на скрыжаванні гэтай дарогі з паваротамі на Зацякляссе і Ізабеліна рэгулярна дзяжураць людзі на мікрааўтобусах. Міліцыянерам даручана навесці парадак.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>