Свет Родины

img_4575На адкрыцці, нягледзячы на канец працоўнага дня, было шматлюдна. Павіншаваць Алега Аляксандравіча прыйшлі калегі па мастацтве, сябры і простыя аматары прыгожага.
Алег Скавародка нарадзіўся ў вёсцы Ассё Лепельскага раёна. Вучыўся жывапісу на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ў вядомых беларускіх майстроў Леаніда Дзягілева, Фелікса Гумена і іншых. Сябар саюза мастакоў з 1986 года. Алег Аляксандравіч працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, пераважна алейнымі фарбамі. Удзельнік шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў выяўленчага мастацтва, у тым ліку ў Англіі, Германіі, Полацку, Санкт-Пецярбурзе і іншых гарадах.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім мастацкім музеі, Полацкім гісторыка-культурным запаведніку, Магілёўскім мастацкім музеі імя П. Масленікава, мастацкай галерэі імя Г. Вашчанкі, раённым краязнаўчым музеі, Смаленскім гісторыка-культурным запаведніку, прыватных калекцыях і галерэях Расіі, Ізраіля, Германіі, Францыі, Галандыі, Англіі, Турцыі і іншых краінах.
Алег Скавародка — нязменны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў. Гэта Міжнародны пленэр жывапісу на Франкфурт-на-Одэры, пленэры, прысвечаныя творчасці Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна. Любімы паэт Алега Аляксандравіча — Сяргей Ясенін, таму нічога дзіўнага, што творчасць расійскага класіка знайшла адлюстраванне ў карцінах нашага земляка.
img_4621— Сімвалічна, што ў рамках святкавання 578-годдзя Лепеля вашы карціны прысвечаны менавіта роднаму гораду, — адзначыў на адкрыцці выставы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан. — Вельмі прыемна, што вы бачыце Лепельшчыну такой — яскравай і светлай. Творчага і фізічнага даўгалецця, — пажадаў мастаку Ігар Урбан.
Ігар Генадзьевіч таксама ўручыў Алегу Скавародку падзяку ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і рамку для будучых шэдэўраў.
— Без любові да творчасці не магчыма нічога, — сказаў лепельскі мастак Аляксандр Саўчанка. — Алег Аляксандравіч валодае непаўторным стылем. Мне пашчасціла пісаць разам з ім на адным з пленэраў. І гэты стыль жывапісу нельга не пазнаць ці зблытаць з нейкім іншым. У яго вучацца маладыя мастакі. Раблю гэта і я.
Пасля ўсіх віншаванняў і вершаваных радкоў некалькі слоў сказаў творца. Пачаў Алег Скавародка радкамі з верша свайго любімага паэта: “…Но более всего любовь к родному краю меня томила, мучила и жгла…”Далей працягнуў: — Я на самой справе вельмі шмат пішу пра Радзіму. На гэтую выставу падабраў шэраг работ, якія калісьці былі задуманы на лепельскай зямлі. Яны выстаўляліся ў Францыі, Германіі, Польшчы і іншых краінах свету. Вялікія палотны з выявамі Лепельшчыны набывалі нямецкія аматары жывапісу, карціна “Прагулка па старым Віцебску” экспануецца ў Елісейскім Палацы. Быў праведзены конкурс, і маю карціну выбралі ў якасці падарунка ад беларускага народа прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду. Я заўсёды з вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваю малую Радзіму — невялічкую вёсачку Ассё. “И под пение лягушек я растил себя поэтом”, — казаў Ясенін. Я гадаваў сябе мастаком, — зазначыў Алег Скавародка.
…Не дзіва, што Алега Аляксандравіча лічаць адным з самых каларытных беларускіх мастакоў. З кожнай карціны літаральна ліюцца вечныя тэмы жыцця, кахання і любові да Радзімы. Мадэрн і імпрэсіянізм удала пераплятаюцца з простай беларускай рэчаіснасцю. Цеплыню, шчырасць і складаныя асацыяцыі ў форме фарбаў вы зможаце пабачыць на свае вочы ў мастацкім салоне “Скарбонка”.

На здымках: намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка віншуе Алега Скавародку; чароўныя гукі музыкі.
Фота аўтара.

Яўген МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>