На “Острове чистоты”


img_2908У новым магазіне “Востраў чысціні” можна пабачыць элегантнага маладога чалавека, на выгляд гадоў дваццаці трох. Ён уважліва пранізвае позіркам кожнага пакупніка, быццам бы хоча пазнаёміцца. Аднак у размовы не ўступае, не стараецца надта сябе абазначыць. Бачна, што ў яго зусім іншая місія.
Дзяніс Красковіч, сапраўды дваццацітрохгадовы — угадаў — юнак. Падлеткавая шавялюра, ледзьве абазначаная пасма валаскоў на барадзе, прыемная (у дзелавых колах кажуць “прэзентабельная”) знешнасць, мясцовая гаворка. Беларуса па ёй пазнаць надзвычай лёгка. Ёсць у гэтым маладым чалавеку штосьці сімпатычнае. Пра такіх кажуць: “Располагает”. Хаця трымаецца годна, не без ценю самалюбства.
Дзяніс — са звычайнай працоўнай сям’і, бацька быў токарам, маці — рабочай рамонтна-механічнага завода. І біяграфія ў яго звычайная для чалавека адпаведнага ўзросту. Вучыўся ў гімназіі, не так сабе, каб вельмі, але і ў двоечніках не хадзіў. Зразумела, як і любы нармальны падлетак, займаўся спортам. Дзяніса і зараз можна ўбачыць на футбольных варотах. Праўда, хадзіць на рэгулярныя трэніроўкі магчымасці не мае, бо працуе пазменна, а вось з сябрамі пабегаць, паганяць мяч, а дакладней, павартаваць яго ў варотах у галкіперскіх пальчатках — гэта можна.
Пасля школы падаўся асвойваць прафесію муляра ў лепельскі ліцэй. Вучыцца было цікава. Падабаліся выкладчыкі, майстры: Зінаіда Краўчанка, Павел Ханяк і іншыя. Не прыдзіраліся. Спачатку растлумачаць і толькі затым пытаюцца. Праўда, па прафесіі папрацаваў меней за год. Увесну ўладкаваўся ў ПМК-75, акурат будавалі ферму на “Цаліне” ля Горак, і сваю першую будаўнічую практыку прайшоў падсобным рабочым. А ўжо ўвосень трэба было ісці ў войска. Служыў у пажарнай часці ў Бароўцы. Кажа, што ў арміі служылася добра. Зрэшты, такія, як ён, таварыскія, камунікабельныя людзі нідзе не прападуць.
А вось знайсці працу пасля арміі аказалася не так проста, нягледзячы на тое, што меў правы катэгорыі “В”, “С” і ў войску быў кіроўцам машыны АЦ-40 ЗІЛ-130. У пошуках працы аббегаў увесь горад: то няма вакансій, то адукацыя не тая. Знайсці працу маладому чалавеку бывае нашмат складаней, чым атрымаць адукацыю.
Так што тут, можна сказаць, Дзянісу пашанцавала. Сябар параіў запытацца вакансіі ў магазіне “Востраў чысціні”, які на той час толькі адкрываўся.
Працаваць у ахове, ці, як зараз прынята казаць, сек’юрыці — і прэстыжна, і заробак нармальны.
А вось сек’юрыці з гітарай мне яшчэ бачыць не даводзілася.
— Даўно іграеш на гітары?
— З дзяцінства. Памятаю, калі малымі былі, хлопец адзін прадаваў гітару танна. Мы ў двары скінуліся і купілі. Спачатку проста “трэнькалі”, пасля ж мне станавілася ўсё цікавей, захапіўся, палез у інтэрнэт, пачаў глядзець музычныя распрацоўкі. Так і навучыўся.
— Якія песні іграеш?
— Паважаю Віктара Цоя і люблю яго творчасць. У асноўным яго песні і іграю. І армейскія — мне дастаткова.
У сяброўскай кампаніі Дзяніс не чужы — вясёлы, прыкольны, кампанейскі. Добра сябе адчувае ўлетку на рэчцы ці на возеры. І пакупацца можна, і рыбку палавіць — на Глыбочыцы, на Баравенцы, на Уле. І мары таксама звычайныя. Хацелася б машыны. Ну, можа, не надта крутой, не шасцісотага “Мерсэдэса”, хаця б якога “Фольксвагена-Гольфа” трэцяга. Хацелася б хаты ў якім невялікім гарадку. Мегаполісы — не для яго.
Жыццё пакажа, якія далейшыя перспектывы адкрыюцца. Жыццё — як гітара: струн шмат, а мелодыю трэба зрабіць самому. У Дзяніса атрымаецца. Ёсць ужо, хай сабе і невялікі, вопыт. Ды і песні ў яго выходзяць простыя, шчырыя, які сам. Такой жа зробіць і мелодыю свайго жыцця.
На здымку: Дзяніс Красковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>