Цесная повязь

Так-так, менавіта гэтай аўтэнтычнасці ёй, настаўніцы беларускай мовы і ўдзельніцы фальклорнага гурта “Кругаверць”, якраз і не хапала. Яна ўжо даўно ў “дарослых” танцах. Больш таго, яна, Вольга, сама музыкант, іграе на скрыпцы. Добра разумее, што развіваць фальклорны пачатак адно толькі ў дарослым асяродку — тое самае, што чэрпаць ваду з дзежкі. Вычарпаеш — новай не набяжыць. Сёння “жэнім Цярэшку”, імкнемся, каб наш аўтэнтычны абрад быў прызнаны ва ўсім культурным свеце.

А хто будзе “жаніць Цярэшку” заўтра?

Вось і вырашыла Вольга Аляксандраўна стварыць пры СШ №1, дзе выкладае родную мову, дзіцячы фальклорны гурт “Жаніцьба”. Спынілася на сямікласніках. Той аптымальны ўзрост, калі дзеці ўжо даволі дарослыя, каб адолець пастаўленыя перад імі задачы і ў той жа час яшчэ не дастаткова дарослыя, каб саромецца “жаніцца” на сцэне. Сапраўды, бо ў падлеткаў са сцэнаю часта ўзнікаюць пэўныя праблемы. Вельмі ж азіраюцца яны на равеснікаў — што тыя скажуць ды як падумаюць.

Пачыналі з простага: вывучалі абрады. Як вядома, тыя дзеляцца на каляндарныя і сямейныя. Багач, Дзяды, Каляды. Цяпер шмат хто стаў калядаваць — мода пайшла. Але ці багата хто ведае, як гэта рабіць пра­вільна? Цярпліва Вольга даводзіла дзецям, што важна не крычаць:”Давай каўбасу, бо хату разнясу!”, а напоўніць абрад канкрэтным дзействам. І казу водзяць, і зерне кідаюць — і ўсё гэта не проста так, а з пэўным сэнсам. Напрыклад, зерне азначае працэс жыцця, дабрабыт і г.д.

Затым скіравалі ўвагу на сямейныя святы — радзіны, хрэсьбіны, хаўтуры. Дарэчы, Вольга заўважыла, што дзень нараджэння нашымі далёкімі продкамі не святкаваўся. Вывучалі значэнне імёнаў, пасля — сімвалічнасць фарбаў у фальклоры. Паколькі сама музыкант, Вольга ніяк не магла праігнараваць музычны элемент. Падключыла і школьнага музычнага кіраўніка Ганну Фядосаву.

Наступным этапам стала рэалізацыя назапашаных ведаў у сцэнічнай пастаноўцы. Цікава, што на сцэне ахвотна і з энтузіязмам рэпеціравалі не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі, вельмі фактурныя, каларытныя. Яны добра ўпісаліся ў фальклорныя матывы сцэнічных баталій. Спачатку набралася пятнаццаць ахвотнікаў, затым прыйшло яшчэ двое.

Шылі касцюмы, старанна шукалі рэквізіт, які, між іншым, не так і проста зараз знайсці. Чаго вартыя былі пошукі дзежкі, на якую трэба было “саджаць” маладую. Затое дзеці даведаліся, як выглядае дзяжа.

Пастаноўку “абкаталі” на школьнай аўдыторыі, паказаўшы яе на мясцовай сцэне. А затым “Жаніцьба” з першай школы ўзнялася да больш высокага ўзроўню. Фальклорны гурт прыняў удзел у раённым конкурсе і заняў там пачэснае для навічка другое месца. Прэзентавалі сямейны абрад — плялі касу, са­джалі на дзяжу, сваталі і выкуплялі маладую. Камфортна адчувалі сябе на сцэне юныя артысты, з задавальненнем апраналі нацыянальныя строі. Вядома ж, крыху і хваляваліся — не без гэтага. А як жа хваляваліся іх бацькі, якія таксама прыхільна паставіліся да новых захапленняў сваіх дзяцей!

Такім чынам, “першы блін” спечаны. І атрымаўся ён зусім не комам.

А наперадзе — наступныя каляндарныя святы — і гуканне вясны, і велікодныя валачобнікі. Валачобнікі некалі былі вельмі распаўсюджаныя на Лепельшчыне, але з цягам часу падзабыліся. Вольга Аляксандраўна кажа, што яшчэ адной адметнасцю нашага краю з’яўляецца музычнае спалучэнне дуды і скрыпкі. Зараз яно знаходзіць усё большае прымяненне ў выступленнях дарослых фальклорных гуртоў. Чаму б не прымяніць яго і ў дзіцячых?

Хто аспрэчыць, што дзеці — наша будучыня?! Такім чынам, дзіцячыя фальклорныя гурты ёсць будучыня нашай культуры, з’яднаная цеснай повяззю з глыбокай і багатай мінуўшчынай роднага краю.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: выступае фальклорны гурт “Жаніцьба” СШ №1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>