О ремесленнике Геннадии Сладком узнал случайно, рассказал приятель

137Пра рамесніка Генадзя Салодкага даведаўся выпадкова, расказаў прыяцель. Праз некаторы час, быўшы ў вёсцы Пышна, завітаў і да яго. Пры весніцах свайго дома сустрэў мужчына мажнага целаскладу. Страху падтрымліваюць точаныя балясы.

— Гэтую прыбудову ўсю цалкам сам зрабіў, сваімі рукамі, — з непрыхаваным гонарам кажа гаспадар, — і сцены, і дах, і падлогу, і гэтую печку таксама.
Генадзь Мікалаевіч родам з Мазырскага раёна, з вёскі, якая стаіць бліжэй да Нароўлі.
— У нашай вёсцы палова сем’яў мелі прозвішча Салодкія, другая — Мельчанкі, і ўсе былі адзін аднаму раднёй, — успамінае суразмоўца.
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС перакрэсліла спакойны і размераны лад жыцця. Сем’і, асабліва ў каго былі маленькія дзеці, вымушаны былі перасяляцца ў чыстыя раёны. Так Салодкія апынуліся ў Пышне. Жонка Ірына Пятроўна пайшла працаваць вартаўніцай на ферму калгаса “Чырвоны партызан”, а Генадзь — механізатарам. Так і адпрацаваў да 2002 года, пакуль калгас не спыніў сваё існаванне.
-1-
Як жа сям’я жыве ўсе гэтыя гады? Адказ просты: як і большасць жыхароў навакольных вёсак. Вядуць уласную прысядзібную гаспадарку, збіраюць дары лесу. Сям’я мае даволі вялікі, каля паўгектара, ўчастак зямлі, на якім і вядзе прысядзібную гаспадарку. Асноўныя культуры — бульба, гародніна ды ягады. З жыўнасці засталіся толькі куры.
— Былі раней карова, свінні, але вырашылі ад іх адмовіцца, бо нерэнтабельна. Выгадней малочныя ці мясныя прадукты купляць, чым самому гадаваць жывёлу.
Самы галоўны памочнік у земляробстве — матаблок, якім участак пераворваецца, рыхліцца глеба, апрацоўваюцца грады. Для гэтага маюцца ўсе неабходныя прылады.
Яшчэ адной важнай крыніцай даходаў з’яўляецца рамесніцкая дзейнасць галавы сям’і. З юнага ўзросту Генадзь мае цягу да працы з дрэвам.
— Мой дзед, мамін тата Феафіл Прахоравіч Мельчанка, загінуў пры вызваленні Прагі, а на ўскрайку нашай вёскі жыў яго брат, які і стаў нам дзедам. Мы так яго і звалі — дзед Міша, — расказвае рамеснік. — Быў ён дужа ўмелым. Любая праца спорылася ў яго руках, асабліва цяслярская. Ён навучыў правільна карыстацца інструментам. А ўжо потым, калі сам ажаніўся ды стаў ладзіць сваё жыццё, будавацца, тыя веды дужа спатрэбіліся.
Табурэты, паліцы, этажэркі, нават ложкі ў майстра атрымліваліся даволі неблагія. Што ўжо казаць пра такія рэчы, як насціланне падлогі ці падшыванне столі. Яшчэ калі працаваў, патроху выконваў заказы. Калі ж застаўся без афіцыйнай працы, з’явілася больш часу для занятку з дрэвам.
— Па праўдзе кажучы, драўнінай займаюся больш зімой, позняй восенню ці ранняй вясной, калі на агародзе праца спыняецца.
Першым значным заказам сталі альтанкі. Генадзь у сваёй майстэрні нагабляваў дошак, папілаваў іх па патрэбных памерах, зрабіў элементы канструкцыі. Потым прывёз іх на месца.
— Я ўсю альтанку сабраў сам, дапамога мне спатрэбілася толькі для таго, каб падняць і паставіць на апоры ўжо сабраны раней дах. Паўдня — і летняя канструкцыя ўстаноўлена.
— Якія вырабы найчасцей заказваюць?
— Табурэткі. Гэтыя простыя элементы мэблі патрэбныя ў кожным доме, кожнай кватэры. Большасць вытворцаў вырабляюць іх з металу, пластыку, дэрмаціну, ДСП, іншых сучасных матэрыялаў. Аднак многім гаспадарам хочацца мець дома, на кухні набор табурэтак менавіта з дрэва, масіву, “як калісьці”. Што ж — няма праблем. Як кажуць, любое жаданне за вашы грошы. Дарэчы, менавіта з такіх простых вырабаў, як табурэт, і ідуць асноўныя даходы.
-2-
Майстэрню для працы Генадзь Салодкі таксама зрабіў сабе сам. Дакладней, цалкам перарабіў існуючы будынак. Калісьці ў гаспадарчых пабудовах утрымлівалася хатняя жывёла, была істопка. Мужчына спачатку цалкам усё вычысціў, паглыбіў земляную падлогу, зрабіў драўляную. Падшыць столь, абнавіць сцены стала ўжо зусім простай справай. Паставіў і печку, каб зімой у майстэрні было цёпла.
А праз некаторы час Генадзь вырашыў юрыдычна аформіць свой занятак — атрымаць статус рамесніка.
— Зрабіць аказалася даволі проста. Прыйшоў у падатковую інспекцыю, падаў заяву, у банку заплаціў пошліну ў адну базавую велічыню на год — і ўсё, працую.
У 2012 годзе дзяржава выдзеліла субсідыю. Сума аказалася не маленькай — 13200450 рублёў. На той час гэта было каля паўтары тысячы долараў. Першага лістапада сума была пералічана на рахунак, з якога потым аплачваліся пакупкі. На гэтыя грошы Генадзь набыў электраінструменты: некаторыя купляў у лепельскіх прадпрымальнікаў, а адзін станок быў прывезены пад заказ з Мінска.
— Наколькі цяжка было атрымаць субсідыю?
— Я тады яшчэ не быў афіцыйна зарэгістраваны рамеснікам, быў беспрацоўным. Пра магчымасць атрымання субсідыі чытаў у раённай газеце, штосьці расказалі знаёмыя. Звярнуўся ў сацыяльную службу, там усё пацвердзілі. Зноў жа напісаў заяву, а праз некалькі дзён мне паведамілі, што грошы пералічаны, можна карыстацца.
-3-
У Генадзя Салодкага амаль поўны шлейф інструментаў і прыладаў для працы з дрэвам. Нядоўгія, да трох метраў, бярвенні ён сам на самаробнай пілараме распілоўвае на дошкі і брусы. Складвае іх пад навесам для натуральнага прасушвання. У майстэрні ж ужо габлюе, фуганіць, фрэзеруе, склейвае. На выхадзе атрымліваюцца дабротныя, трывалыя, прыгожыя драўляныя вырабы.
— Самае галоўнае ў самастойнай справе — правільна разлічыць, наколькі гэта выгадна, рэнтабельна. Часта людзі па прывычцы не ўлічваюць электраэнергію, сваю працу. Я ж ад самага пачатку вяду дакладны ўлік усіх расходаў і даходаў, у мяне за некалькі гадоў захоўваюцца ўсе квітанцыі. Ды і для падатковай інспекцыі пэўную дакументацыю весці трэба.
— Дзе бераце драўніну?
— Кожны год у лясніцтве набываю з дастаўкай па дзесяць кубаметраў будаўнічага лесу. Мне яго прывозяць сюды, у Пышна. З ім і працую. Як правіла, гэтага аб’ёму хапае на год. Калі трэба, можна і дакупіць, цяпер з гэтым няма праблем.
Час ідзе, на змену ручному інструменту паступова прыходзіць электрычны. Замест колаварота для свідравання адтулін майстры прымяняюць электрадрыль, замест гэбліка ці фуганка — дрэваапрацоўчы станок з цыркулярнай пілой і электрафуганкам. Генадзь Салодкі не спяшаецца выкідваць на сметнік стары інструмент, а збірае яго, складвае ў кладоўцы. У яго марах і планах зрабіць невялікую экспазіцыю-выставу старога цяслярскага інструменту. Нават і месца ўжо прыгледзеў — гараж.
— Адну сцяну пад гэта выдзелю, — кажа, — зраблю паліцы, гэта не цяжка, раскладу інструменты. Любы жадаючы зможа зайсці і паглядзець. Ды і ўваход у гараж адразу ад вуліцы — зручна.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Генадзь Салодкі ля веснічак; унучка Анюта на вырабленым дзедам ложку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>