Вода для наших далеких предков была источником для существования

ss855962Менавіта гэтую мясцовасць для правядзення даследаванняў абраў археолаг Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Марат Клімаў, які займаецца вывучэннем сярэднявечных паселішчаў. У першую чаргу навукоўца цікавіць прынцып і характар рассялення сярэдневяковага насельніцтва ўздоўж вадаёмаў. Гэта адна з прычын яго прыезду на азёрную Лепельшчыну.
Палявым даследаванням звычайна папярэднічае праца з гістарычнымі крыніцамі і картамі. Такім чынам, загадзя было запланавана зрабіць археалагічную разведку ўздоўж азёр Ладасна, Кабак і Бабча, на берагах якіх знаходзяцца сучасныя паселішчы з аднайменнымі назвамі. Пра сярэдневяковае паходжанне вёсак маюцца ўскосныя згадкі ў пісьмовых крыніцах таго часу.
Самае вялікае ў групе азёр — Ладасна, якое выцягнулася з поўначы на поўдзень, далей ідуць Кабак і Бабча. Усе азёры злучаны невялікімі пратокамі. Агляд вадаёмаў Марат Клімаў і краязнавец Валерый Чарэцкі пачынаюць з поўначы на поўдзень. Ідуць уздоўж берагавой лініі, праглядваюць навакольную мясцовасць, час ад часу разграбаюць прымятую мінулагоднюю траву і лістоту. На беразе аднаго з азёр даследчыкі затрымаліся. Тут пачалі трапляцца фрагменты керамікі і абпаленай гліны. Пад’ёмны матэрыял быў датаваны Х — ХІІ стагоддзямі. Значна пазней, дзесьці з ХV стагоддзя, калі навакольнае насельніцтва перайшло да калодзежнага спажывання вады, паселішча было перанесена далей ад вады ў больш зручнае месца — туды, дзе знаходзіцца адна з сучасных вёсак.
На ўсходнім беразе возера Кабак размяшчаецца вёска Двор Бабча, дзе некалі існавала панская сядзіба з гаспадарчымі пабудовамі, ад чаго вёска і атрымала да сваёй назвы “прыстаўку” Двор. Бабча, як і Кабак, адступае на значную адлегласць ад возера і знаходзіцца на высокім і стромкім пагорку. Да возера ад вясковых сядзібаў роўнымі радкамі збягаюць агароды. На адным з іх былі выяўлены фрагменты керамікі з расчосамі, адмысловым малюнкам, які наносілі ў выглядзе геаметрычных ліній на паверхню глінянага посуду ў першыя стагоддзі нашай эры.
Перабіраючыся праз невялікія ручаіны, што звілістымі стужкамі збягаюць да вады, даследчыкі працягваюць пільна аглядаць прыазёрныя наваколлі. Неўзабаве пачалі зноў трапляцца сляды керамікі. Сярод іншага быў крамянёвы наканечнік стралы. Такімі людзі карысталіся 4 тысячы гадоў таму. Якім чынам ён апынуўся сярод знаходак пазнейшага часу, застаецца толькі здагадвацца, але першая версія — выпадкова. Шматлікія фрагменты глінянай абмазкі ад печы і кавалкі керамікі, якіх было назбірана даволі багата на ўзараным полі, — сляды жыццядзейнасці людзей тысячагадовай даўніны. Але самым каштоўным стала шыфернае прасліца (грузік для верацяна). Менавіта яно і дазволіла датаваць час існавання паселішча пачаткам дзясятага стагоддзя. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што адзінкавыя фрагменты керамікі трапляліся па абодва бакі азёр, але ніякіх прыкмет існавання паселішчаў больш выявіць не давялося.
Да пэўных высноў яшчэ далёка, але ўжо можна з упэўненасцю сказаць, што берагі азёр былі заселены ўжо даўно. Пра гэта ўскосна сведчаць выяўленыя знаходкі і сляды існавання паселішчаў. Вада для нашых далёкіх продкаў была крыніцай для існавання. З вадаёмаў не толькі бралі ваду для гаспадарчых патрэб, але і карміліся. Вадзяны арэх чылім, з якога малолі муку, і рыба на пачатку нашай эры з’яўляліся значным даважкам да абедзеннага стала.
Валерый ТУХТА.
На здымках: археолаг Марат Клімаў; знойдзеныя рэчы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>