Пейзажи и натюрморты

img_0303Яшчэ ўвосень пейзажы і нацюрморты мінскага падлетка Колі Гапановіча ўпрыгожвалі арт-галерэю ў цэнтральнай раённай бібліятэцы нашага горада. Як трапілі работы дзевяцікласніка са сталіцы на лепельскую выставу, мы даведаемся ўжо зараз, але спачатку пра самога юнага мастака.

Справа ў тым, што Коля не зусім мінскі, як, зрэшты, і не канчаткова лепельскі. Дзве зімовыя чвэрці хлопец праводзіць у сталіцы і вучыцца там у адной з мінскіх школ, а на летні сезон прыязджае ў Лепель, сядае за парту ў дзявятым “А” класе СШ №1 і становіцца “чалавекам нашым”. Тут, пад Лепелем, яго бацька мае аграсядзібу і працуе на ёй увесь цёплы сезон.

Са сталіцы Коля прывозіць адмысловы дух вольнасці, які, нягледзячы на пэўны, зусім не правінцыйны культурны яго ўзровень, патыхае пэўным “пафігізмам” і бунтарствам. Ну што тут скажаш — творчая асоба!
Мне моцна пашанцавала: акурат закончыўся сталічны зімовы Колеў сезон, і ў першы дзень чацвёртай чвэрці хлопец прыйшоў на вучобу ў першую школу, дзе мы і сустрэліся.
— Дзе табе лепей — у Мінску ці ў Лепелі? — пытаюся.
— Ды ўсюды па-рознаму добра: у Мінску — сытней, у Лепелі — вальней.
— А ты не без гумару…
І гумар у яго нейкі інтэлектуальны, выкшталцоны, як сказалі б палякі. Ды і сам сталічны мастак выдзяляецца сярод іншых сваіх равеснікаў. Хай сабе не вельмі патрабавальны да знешняга выгляду і вопраткі, але багаты дастаткова глыбокай душою і цікавым, неардынарным светапоглядам.
Можна не прымаць “бунтарскай” прычоскі, якая яўна патыхае субкультурай “хіпі”, але нельга не паважаць яго імкненне да беларускасці, гістарычнай дасведчанасці, спробы самарэалізавацца праз мастацтва, начытанасці і г.д. Гэта той выпадак, калі падыходзіць вядомая пагаворка: “По одёжке встречают, а провожают по уму”.
— Калі ты ўзяўся за пэндзлік?
— Малюю я, увогуле, з дзяцінства, але ўсвядомлена пачаў гэта рабіць гадоў пяць таму, калі стаў займацца ў дзіцячай мастацкай школе №1 імя В. Цвірко. Тут, у Лепелі, таксама пайшоў у мастацкую школу да Аляксандра Саўчанкі.
— Што і як малюеш?
— У асноўным пейзажы, нацюрморты. Малюю акварэллю, алеем, пастэллю (кшталту крэйды).
— Твая персанальная выстава ў Лепелі, я так разумею, была арганізавана бібліятэкай сумесна са школай мастацтваў. Колькі на ёй было работ?
— Недзе каля пятнаццаці.
— А колькі ўвогуле маеш?
— Ой, нават і не лічыў. Можа, за сотню, а можа, і за дзве.
— Дзе яшчэ выступаў як мастак?
— Не зусім як мастак. Але нешта блізкае было, калі ўдзельнічаў у Санкт-Пецярбурзе ў конкурсе “Хімія: навука і мастацтва”. Спачатку мы “варылі” сікатывы — дабаўкі, якія паскараюць высыханне алейных фарбаў, а затым я іх маляваў.
— Атрымаў што-небудзь?
— Дыплом першай ступені.
— Аб чым марыш зараз?
— Ужо неўзабаве буду паступаць, хачу — у каледж мастацтваў імя Глебава, на аддзяленне жывапісу.
— А якая мастацкая плынь табе найболей блізкая?
— Па стылі мне падабаецца імпрэсіянізм. Але трэба спачатку авалодаць тэхнікай.
— Ты знаёмы з якімі вядомымі мастакамі?
— Вельмі ўсцешаны, што знаёмы з мастаком Раманам Заслонавым.
— У цябе ёсць іншыя захапленні? Што робіш, калі не малюеш?
— Сяку дровы, нашу ваду, я ж у вёсцы жыву. Люблю падарожнічаць. Быў на Нарачы, у Мядзелі, плавалі з бацькам на байдарках па Уле да вёскі Кардон, што ля мястэчка Ула. Люблю чытаць, у тым ліку і беларускую літаратуру. З задавальненнем прачытаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, выключна падабаецца Максім Багдановіч.
Юны мастак з мінскай прапіскай прывёз у Лепель не сталічны апломб, а здаровую беларускасць, творчую захопленасць і добрую душу.
На здымку: Мікалай Гапановіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>