Чрезвычайно богата его военная эпопея

188Сустрэцца і пагутарыць з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны зараз ужо прымаеш за вялікую журналісцкую ўдачу. Проста сустрэцца, каб пагутарыць. Па-першае, іх ужо не так шмат. Большасць — хварэюць, многія цяжка хворыя. На вялікі жаль, яны пакідаюць нас штогод, штомесяц і ледзьве не штодня. Толькі са скрухаю чытаеш некралогі і спачуванні. Што зробіш — гэта людзі, якім ужо за дзевяноста. І немагчыма спыніць час, як немагчыма двойчы ўступіць у адну і тую ж раку жыцця…
І вось жа зноў пашчасціла. Адчыняю дзверы ў хату, што ў самым цэнтры горада, па вуліцы Савецкай, і ідзе мне насустрач той самы чалавек, з якім мінулым разам сустракаліся напрыканцы дзве тысячы адзінаццатага. Высокі, хударлявы, з даверлівымі вачыма і ясным розумам. У той час Андрэй Паўлавіч увогуле мне падаўся маладжавым, нават зухаватым. Зразумела, пастарэў, але сказаць, каб надта, і не скажаш. Рыбак!
— Скажыце, Андрэй Паўлавіч, якую апошнюю рыбіну злавілі?
— Чаму апошнюю? — хітравата ўсміхаецца мой суразмоўца. — Яшчэ, бог дасць, палаўлю. Летась злавіў ляшча, вось такога, — шырока разводзіць рукамі, — на два з паловай кілаграмы, і сем лінёў, ужо не лічу карасікаў.
— Па-ранейшаму на веласіпедзе ездзіце на рыбу?
— А як жа!
— Нельга ўжо яго аднаго пускаць, тым болей на веласіпедзе, — заўважае дачка Валянціна, якая даглядае састарэлых бацькоў, — ці мала… Чалавеку дзясяты дзясятак.
— Прыйшоў да вас з нагоды трыццацігоддзя ветэранскай арганізацыі…
— Дай ім божа здароўя. Не забываюць. Правялі вунь водаправод новы, аж у хату. Бясплатна замянілі электраправодку. Гэта ўсё яны паспрыялі.
— У школу ходзіце?
— Як жа без гэтага? Ды тут недалёка, праз дарогу. І на зборы дружыны быў у іх летась. Далі слова. Распавёў, як працаваў сакратаром райкама камсамола, і пра першы бой расказаў. І самі яны да нас прыходзілі. Зорачку вунь чырвоную на фасад прыбілі. І ў каледж таксама запрашалі неяк, разы са два нават. Першы раз у зале выступаў, а другі — перад асобнай групай. Паказалі нам фільм пра вайну. Я пасля падняўся дый кажу: “Што ж мне тут рабіць? Мне ўжо і расказваць няма чаго. Вы ўсё і так самі ведаеце”.
Расказваць Андрэю Лапцеву — не пераказаць усяго. Надзвычай багатая яго ваенная эпапея. Жартачкі! Сямнаццацігадовым юнаком вайну спазнаў. На фронт на пачатку не ўзялі — малалетка. Дык ён з сябруком Валодзем Крыўцом назапасіў вінтовак, патронаў. Балазе пры адступленні чырвонаармейцы пакінулі ля яго роднай вёскі Гарэлае, на Бягомльшчыне, шмат зброі. І — у партызаны. З пустымі рукамі не прымалі. Андрэй прывалок у атрад шэсць вінтовак, шмат патронаў. Як такога не прыняць! Праўда, захварэў на тыф. Маці доўга лячыла. Акрыяў — і зноў у атрад, у роту аўтаматчыкаў брыгады Жалезняка. І трымалі абарону ля Докшыцаў, пад час якой загінуў верны сябра Валодзя Крывец. І прарываліся праз варожае кальцо ля Плешчаніцаў. Жывым шчытом акружылі Докшыцкі гарнізон і пераманілі на свой бок усю брыгаду народнікаў.
Ой, як шмат можа расказаць Андрэй Лапцеў. І пра той літр самагонкі, які занесла маці патрэбным людзям, каб… зняць з сына бронь і той змог адправіцца на фронт. Справа ў тым, што пасля вызвалення паслалі ў Мінск на аднаўленне аўтазавода, а ён уцёк. Дык баяліся, каб не судзілі — лепей ужо на фронт.
Вызвалялі Гдынь, Усходнюю Прусію, бралі гарады Морлівердэр, Дойчалаў. Сустрэлі Перамогу на востраве Ругін, адкуль скіравалі на Берлін. Зрэшты, не будзем зараз варушыць мінулае. Пра ўсё гэта можна прачытаць у нататцы “У сямнаццаць юнацкіх гадоў”, змешчанай у газеце 13 снежня 2011 г.
А зараз проста хочацца пагаварыць з ветэранам, бо калі яшчэ давядзецца і ці давядзецца ўвогуле…
— Куды ездзілі, Андрэй Паўлавіч, дзе былі апошнім часам?
— Ды вось успамінаю, як ездзілі на Курган дружбы, што на мяжы трох рэспублік. Курган — сем метраў вышынёю насыпалі. А само мерапрыемства ў лесе праходзіла, вялікую трыбуну ўстанавілі. І на “Прарыў” двойчы ездзілі, і ў Хатыні былі — з афіцэрамі, якія ўдзельнічалі ў сумесных расійска-беларускіх вучэннях. А то яшчэ ў “ЛАДЭ” бываем двойчы на год. Там нас абследуюць, урач прыязджае з Мінска, прафесар! І рыбку я там лаўлю заўсёды.
Андрэя Лапцева ўзнагародзілі нядаўна Ганаровай граматай аблвыканкама і грашовай прэміяй. Прыемнае дапаўненне да яго ваеннага медаля “За баявыя заслугі”, да Сталінскай падзякі за ўзяцце адзінаццаці гарадоў. Так, ён пакуль у страі. І проста не верыцца, што гэты чалавек яшчэ ў сорак пятым быў цяжка паранены.
Развітваемся, праводзіць мяне да дзвярэй. Спіною адчуваю пільны позірк Валянціны. І ў тым позірку — скруха.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>