Очередная суббота в СШ №3 г. Лепеля. Немного, правда, необычная

img_9218

Чарговая субота ў СШ №3. Крыху, праўда, незвычайная. Бо ў гэтую суботу ўся краіна працуе — перанесены выхадны. Ну ды для школы гэтая акалічнасць, бадай, не мае ніякага значэння. Тут па суботах — заўсёдная праца.
Занятыя дзеці. Праўда, іх занятак па суботах нельга цалкам назваць працаю. Гэта як бы і праца, і адпачынак у адначассі.
Вось і гэты дзень у СШ №3 распачаўся кароткай лінейкай-лятучкай. Сабраліся разам дзеці і педагогі. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аліна Корсак коратка распавяла пра планы на гэты дзень, падвялі некаторыя вынікі суботы мінулай і разышліся па праграме дня.
Праграма наступная: дзявятыя — адзінаццатыя класы займаюцца на факультатывах, пасля чаго яшчэ ідуць на экскурсію ў краязнаўчы музей. У пятых, сёмых і восьмых — інтэлектуальныя гульні. Акрамя таго, ва ўсіх — заняткі ў платных гуртках. Асобна працуе школьная сацыяльна-педагагічная служба. Пра яе мы распавядзем далей.
Ну а пакуль мы накіроўваемся на маленькае школьнае свята. Менавіта так абазначыла Аліна Леанідаўна мерапрыемства ў шасцікласнікаў. Так яно і ёсць. Ва ўсякім разе, калі пабачыш твары дзяцей, узбуджана-радасныя, адухоўленыя, на душы і сапраўды становіцца святочна. Гэта штогадовае свята-конкурс. Школа праводзіць яго разам з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. У гасцях у шасцікласнікаў Аляксандр Садоўскі, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю, і Міхаіл Карпеня, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі. Міхаіл кіруе ў школе гуртком “Юныя ратаўнікі”.
Яны і ў гасцях, яны і ў журы. Ідзе захопленая барацьба шасцікласніцкіх паралеляў, падобная да спартландыі. Ёсць тут і інфармацыйныя блокі. Вядучыя праводзяць са сваімі равеснікамі інтэлектуальную гутарку на тэмы бяспекі. Гаворка ідзе і пра пажары, і пра іншыя надзвычайныя здарэнні. У дзіцячых вачанятах — аж чарцяняты скачуць, гэткі ж азарт! Бачна, што ім надзвычай падабаецца. А на стале ў журы ўжо ляжаць гатовыя граматы, зробленыя саматугам, відаць, надрукаваныя на школьным прынтары. Застаецца толькі запоўніць графу, хто і ў чым перамог.
Пытаюся ў Аліны Леанідаўны, які ёй бачыцца ў перспектыве шосты школьны дзень. Пытанне не так сабе. Справа ў тым, што акурат напярэдадні выйшаў загад Міністра адукацыі, паводле якога ў шосты школьны дзень у школе павінны быць задзейнічаны ўсе педагогі, а не толькі класныя кіраўнікі і псіхолаг. Акрамя таго, менавіта ў суботу будуць праводзіцца кансультацыі з бацькамі па пытаннях навучання дзяцей.
— Мы да шостага школьнага дня заўсёды ставіліся сур’ёзна, — адказвае завуч. — Калі сур’ёзна ставішся, то ён і атрымліваецца добра. Што да работы з вучнямі настаўнікаў-прадметнікаў у суботу, то многія гэта робяць і зараз. Прынамсі, сама я вяду англійскую мову і кансультацыі па ёй прызначаю на суботу. Тут болей часу. Вось і сёння прыйдзе дзесяцікласнік. Ведаю, што гэтак робяць і іншыя настаўнікі.
— Дык, можа, ёсць рэзон увогуле зрабіць суботу шостым працоўным днём у школе, як гэта было раней, і не спыняцца на паўмерах?

img_9214

— Магчыма, у такім варыянце таксама ёсць логіка. Гэта дазволіла б разгрузіць іншыя дні, у якія зараз дзеці не пакідаюць школы часам і да чатырох гадзін. І тады знайшоўся б час праводзіць у школе штодня тое, што мы зараз змяшчаем на суботу: і факультатывы, і рэпетыцыі, і спартыўныя спаборніцтвы.
— А як наконт кансультацый з бацькамі?
— Бацькі і так да нас прыходзяць. Многія — каб паглядзець на сваіх дзяцей пад час іх удзелу ў школьных мерапрыемствах. І самі дапамагаюць, і нават удзельнічаюць. У гэты ж дзень бацькі атрымліваюць кансультацыі па сацыяльна-бытавых пытаннях.
Да нашай размовы падключаецца і педагог сацыяльны Юлія Мастаўнікова.
— Кожную суботу па некалькі чалавек кансультуем я і псіхолаг. Зараз у нас на сацыяльным расследаванні знаходзіцца шэсць сем’яў. Вось і ў мінулую суботу прыходзіў для кансультацыі бацька вучня восьмага класа.
— Аб чым гаварылі?
— Змест нашай гутаркі я пераказваць не маю права па этычных меркаваннях. Гэта была гутарка на тэму ўзаемаадносін у сям’і.
— Ці наведваеце сем’і самі?
— Кожную суботу — некалькі сем’яў. Акрамя таго, ёсць так званыя прававыя суботы, калі пераважаюць менавіта сацыяльна-псіхалагічныя мерапрыемствы. Праводзім усемагчымыя трэнінгі, дыягностыку, тэставанне. У школе працуе клуб “Сям’я”.
— Бацькі прыходзяць самі на падобныя мерапрыемствы?
— Пераважна самі. Звяртаюцца часта да псіхолага з просьбай дапамагчы.
Субота, а такое ўражанне, што звычайны будны дзень.
Літаральна бурліць школа, як пчаліны вулей гудзе.
— Заўсёды ў вас так мнагалюдна?
— Практычна заўсёды, — адказвае Аліна Леанідаўна, — у цэлым ад шасцідзесяці да сямідзесяці працэнтаў вучняў прыходзяць. Аднак на розныя мерапрыемствы — па-рознаму. Напрыклад, у спартыўных мерапрыемствах, дзе для перамогі патрэбна каманда ледзьве не ўсяго класа, да васьмідзесяці працэнтаў бяруць удзел. А калі ўлічыць, што ў гэты ж дзень дзеці яшчэ і ў школе мастацтваў займаюцца, то творчым культурным адпачынкам па суботах ахоплены практычна ўсе дзеці.
— Няўжо прыходзяць добраахвотна?
— Прынцып, увогуле, добраахвотны. Вядома, класнымі кіраўнікамі праводзіцца для гэтага пэўная арганізацыйная работа. І калі ўжо дзіцяці трэба пабыць з бацькамі, мы таксама ставімся да гэтага з разуменнем. Кожнае дзіця хаця б раз у месяц мае магчымасць застацца ў суботу з сям’ёй.
Тым часам маленькае свята ў шасцікласнікаў падышло да завяршэння. Гасцям-“эмэнэснікам” дзеці ўручылі памятныя падарункі, павіншаваўшы іх з прафесійным святам. А тыя разам з завучам падвялі вынікі. У творчым спаборніцтве перамог шосты “В”, іншыя ж паралелі, набраўшы аднолькавую колькасць балаў, апынуліся на другім месцы. Крыўдаў не было, вочы ў дзяцей па-ранейшаму іскрыліся шчырым задавальненнем. Шостыя класы пакінулі актавую залу, а на сцэну прыйшлі васьмікласнікі рыхтавацца да конкурсу “Настаўнік года”. Школьная субота працягвалася. І задоўжыцца яна далёка за поўдзень.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: імгненні суботняга свята ў шасцікласнікаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>