250 мільёнаў на садок

Камандзір дывізіёна 19-ай асобнай механізаванай брыгады маёр Аляксандр Шыкаў на адным з апошніх выступленняў інфармацыйна-прапагандысцкай групы падняў пытанне аб стане Горскага дзіцячага садка.
— Я ваджу туды сваё дзіця, — кажа вайсковец. — На мой погляд, там не зусім спрыяльныя ўмовы для знаходжання дзяцей. У прыватнасці, пастаянна вадой залівае падвальныя памяшканні, з-за чаго ў групах сцены сырыя, ад іх нават адстаюць шпалеры.
Наведаліся ў Горкі. Загадчыца садка Людміла Зюзюн правяла па групах, паказала сцены і столь.

Сапраўды, у некаторых вуглах ад сцен крыху адсталі шпалеры.
— У двух куточках месцамі прысутнічае сырасць, — канстатуе Людміла Вікенцьеўна. — З гэтай праблемай мы сутыкнуліся адносна нядаўна. Падвальнае памяшканне, размешчанае пад кухонным блокам, стала заліваць грунтовымі водамі. Перыядычна выклікаем спецтэхніку, каб адпампоўваць іх. Мінулагоднім летам у садку зрабілі рамонт даху, абнавілі бітумнае пакрыццё. Яшчэ раней заменены вокны, пастаўлены пластыкавыя шклопакеты. Наконт таго, што дзеці гуляюць і спяць у адных і тых жа памяшканнях, магу патлумачыць наступнае. Закуплена спецыяльная спальная мэбля для дзяцей, якая, як малышы паспяць, кампактна складаецца, вызваляючы дастаткова месца для гульняў.
Папрасілі пракаментаваць сітуацыю начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Валерыя Быкава.
— Наконт Горскага дзіцячага садка зазначу, што толькі за апошнія два гады ўкладзена ў яго абнаўленне больш за 250 мільёнаў рублёў, з іх каля 200 мільёнаў — на рамонт, каля 50 мільёнаў — на закупку новага абсталявання. Набыта новая зручная для дзяцей мэбля, на кухонным блоку ўстанавілі новыя пліты і халадзільнікі.
Праблема грунтовых водаў у падвальным памяшканні пад кухонным блокам паўстала адносна нядаўна. Вясной, як пацяплее, займёмся ёй грунтоўна, агледзім дрэнажныя камунікацыі, магчыма, там штосьці давядзецца пракладваць нанава. А пакуль заключылі дамову з райаддзелам МНС. У іх ёсць помпы, з дапамогай якіх вада і выдаляецца.
— Можа было б мэтазгодным зладкаваць там шыферны дах?
— І гэта пытанне таксама абмяркоўвалі. Аднак, па-першае, будынак дзіцячага садка мае складаную канфігурацыю, будаваць на ім страпільныя канструкцыі — даволі складана. Гэтыя работы праводзяцца з распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі, за што трэба было б заплаціць яшчэ каля 30 — 40 мільёнаў рублёў. Бітумны дах — правераны гадамі, надзейны. Важна толькі правільна яго захоўваць і абслугоўваць.
Другі фактар з’яўлення сырасці ў памяшканні — пластыкавыя вокны, дакладней, няўмелая іх эксплуатацыя. Пластык у параўнанні з дрэвам больш шчыльны, не прапускае вольнае паветра, таму важна правільна выконваць рэжым праветрывання. Мажліва, работніцы садка яшчэ не зусім асвоіліся з тэхнічнай навінкай.
Мы ведаем пра сігналы бацькоў і своечасова на іх рэагуем. У Горскім дзіцячым садку недахопы выпраўлены, шпалеры падклеены. Абслуговаму персаналу ўказана на дакладнае выкананне рэжыму праветрывання памяшканняў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>