Часовая страта працаздольнасці

Захворванне з часовай стратай працаздольнасцi цягне за сабой значныя эканамічныя страты. Летась у раёне захворванне з часовай непрацаздольнасцю на 100 работнікаў вырасла ў параўнанні з 2010 г. на 36,5 працоўнага дня (+5,3%) і склала 727,1. Высокім застаецца названы паказчык на УА «Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй», ДКУСП «Лепельская ПМК-75», СВФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» і інш. У студзені 2012 года сумесна са спецыялістам па гігіене працы ГУ «Лепельскі райЦГЭ» Н. Е. Тарасавай, галоўным спецыялістам па ахове працы і тэхніцы бяспекі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. М. Макарскім і з замацаванымі за гэтымі прадпрыемствамі ўрачамі УАЗ «Лепельская ЦРБ» абследаваны названыя і іншыя суб’екты гаспадарання з мэтай выяўлення прычын росту захворванняў сярод работнікаў.

Прафсаюзным камітэтам было прапанавана сумесна з наймальнікамі звярнуць увагу на стварэнне належных умоў працы, правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця. Для павышэння зацікаўленасці работнікаў у захаванні здароўя суб’ектам гаспадарання прапанавана ўнесці ў калектыўныя дагаворы пункты аб матэрыяльным заахвочванні тых, хто не мае выпадкаў часовай непрацаздольнасці за мінулы год. Пры ўдзеле прафкамаў неабходна прадугледзець на прадпрыемствах умовы для аздараўлення людзей у час працы, адкрыць медпункты з міні-фізіякабінетам, правядзенне прафілактычных прышчэпак за лік сродкаў наймальнікаў. Рэкамендавана ўзмацніць кантроль за абгрунтаванасцю выдачы лісткоў непрацаздольнасці пры лячэнні пацыентаў у стацыянарных умовах дзённага знаходжання, арыентаваць лячэнне працаздольных грамадзян пераважна ў другую змену без адрыву ад вытворчасці.

Занятасць моладзі

У вольны ад работы час, канікулярны перыяд маладыя людзі шукаюць часовае месца работы, каб зарабіць, як кажуць, на кішэнныя расходы. І ўлада ідзе ім насустрач. Сёлета па практыцы мінулых гадоў плануецца фарміраванне студэнцкіх і вучнёўскіх часовых працоўных калектываў. Зацверджаны наступныя віды часовай працоўнай занятасці моладзі на 2012 год: рамонт памяшканняў (класаў, аўдыторый) устаноў адукацыі, інтэрнатаў; рамонт мэблі ва ўстановах адукацыі; добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў адукацыі і аховы здароўя, бібліятэк; аднаўленне кніжнага фонду; удзел у рабоце студэнцкіх атрадаў і лагераў працы і адпачынку; догляд пасеваў сельскагаспадарчых культур і ўборка вырашчанага ўраджаю; пасадка лесу і догляд лесанасаджэнняў; добраўпарадкаванне воінскіх і грамадзянскіх пахаванняў. Арганізатарамі часовай працоўнай занятасці студэнцкай і навучэнскай моладзі з’яўляюцца аддзел адукацыі (В. М. Быкаў), аддзел культуры (Т. М. Бароха), установа адукацыі “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» (A. З. Яфімовіч), установа адукацыі «Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй” (А. К. Вараб’ёў), Лепельская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (Т. В. Шчэрбач), ДЛГУ «Лепельскі лясгас» (А. І. Бародзіч), КУП ЖКГ «Лепель» (В. М. Мозаў), КУВП «Бароўка» (У. Р. Аксяновіч), сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, сельскія выканаўчыя камітэты. Арганізатары павінны забяспечыць няўхільнае выкананне нормаў па ахове здароўя непаўналетніх. Вырашана накіраваць частку сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, выдзеленых у 2012 годзе з абласнога бюджэту, на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні, часовай працоўнай занятасці студэнтаў і навучэнцаў у суме 80 мільёнаў рублёў.

Размяшчэнне рэкламы

Раённы орган улады вырашыў прадаставіць прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Паціс» права на выкарыстанне гарадскога асяроддзя ў рэкламных мэтах для размяшчэння вонкавай рэкламы — рэкламнага шчыта ў горадзе Лепель, вуліца Партызанская, ГСК-I. Прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Лепельтранссэрвіс» дадзена права на ўстаноўку шыльды на будынку, размешчаным у горадзе Лепель, вуліца Будзёнага, 8. Суб’ектам гаспадарання неабходна штомесяц уносіць плату за размяшчэнне рэкламы ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі і Інструкцыяй аб памеры i парадку спагнання платы за размяшчэнне (распаўсюджванне) на тэрыторыі Лепельскага раёна вонкавай рэкламы і яе сродкаў, рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, зацверджанай рашэннем Лепельскага раённага выканаўчага камітэта ад 26 снежня 2007 г. №1182.

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>