Сказочные чудеса на площади в Лепеле

img_8031 Новы год уваходзіць у кожны дом з яркімі агеньчыкамі гірляндаў, святочнымі феерверкамі, шчырымі пажаданнямі і… ажыццяўленнем казачных дзівосаў. Пад хвалюючы бой курантаў, віншуючы сваіх родных і сяброў, мы шчыра спадзяёмся, што ў мінулым застануцца ўсе цяжкасці і перажыванні, а новы год падорыць светлую надзею, поспех і дабрабыт. Не толькі дарослыя, а і дзеці вераць у светлую казку, якая дапамагае ператварыць мары ў рэальнасць. Яркім пацвярджэннем гэтага стала шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурачак, якое аб’ядноўвае калектывы гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі 32 гарадскіх арганізацый.
…Падрыхтоўка да свята пачалася ля гарадскога ваенкамата. Бадзёрыя гукі музыкі, вясёлыя спевы дарылі ўсім выдатны настрой і заклікалі на свята шматлікіх гасцей.
Паглядзець на яркае відовішча на вуліцы Інтэрнацыянальнай сабралася шмат гасцей. Паўсюдна не сціхалі радасныя воклічы, цёплыя віншаванні.
І вось па вуліцы крочыць святочная калона. Першымі ідуць удзельнікі духавога аркестра 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Услед за імі ў святочным вазку едуць галоўныя героі свята — Дзед Мароз (Дзмітрый Міхно) і Снягурачка (Ірына Бусава). Услед за імі ідуць Малпачка-непаседа, вясёлы Певень, Матрошкі-прыгажуні, іншыя казачныя персанажы, а таксама Дзеды Марозы і Снягурачкі, якія прадставілі гарадскія арганізацыі і прадпрыемствы.
У выкананні духавога аркестра гучаць мелодыі папулярных песень.
— З Новым годам, сябры! — ліюцца шчырыя пажаданні.
— З новым шчасцем! — чуецца ў адказ.
img_8284 Святочная калона прайшла ўздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай, Карла Маркса і выйшла на плошчу Свабоды, куды таксама прыйшло нямала гасцей. Многія гледачы пажадалі далучыцца да святочнай калоны.
Галоўныя Дзед Мароз і Снягурачка прывіталі гледачоў цёплымі радкамі вершаў і запрасілі разам патанцаваць. Дзеды Марозы і Снягурачкі кружыліся ў святочным карагодзе. Ля Дзедаў Марозаў сабралася шмат дзетак, якія расказвалі навагоднія вершыкі і атрымлівалі за гэта салодкія пачастункі. Шмат яркіх уражанняў пакінула ў гасцей цудоўная выстава самаробных пеўняў, падрыхтаваная калектывамі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў.
А на сцэне працягвалася святочная дзея. Гарэзлівая Малпачка вельмі не жадала саступаць свой год Пеўню і пачала спрачацца з ім. Тады Дзед Мароз расставіў іх па розных кутах. Нарэшце казачныя героі памірыліся і вырашылі разам з усімі весяліцца і танцаваць. Паступова свята набірала ўсё большы размах. Калі наваколле атуліў паўзмрок, усе сабраліся ля навагодняй ёлкі, якая запалала рознакаляровымі агеньчыкамі. І дарослыя, і дзеці стварылі вакол прыгажуні-ёлкі вялікі карагод. На некалькі гадзін плошча ператварылася ў цудоўную казку, дзе кожны атрымаў выдатны настрой.
Асабіста я ў гэты дзень ў чарговы раз выконвала ролю Снягурачкі, а вадзіцель рэдакцыі Мікалай Красковіч быў Дзедам Марозам. Разам з усімі гасцямі ля навагодняй ёлкі ад душы жадаем: “Няхай Новы год прынясе з сабой новае шчасце, шчырую радасць, дабрабыт, а ўсе запаветныя мары абавязкова здзейсняцца! З Новым годам, дарагія сябры!”
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: святочнае шэсце па вуліцы Інтэрнацыянальнай; дзеткі акружылі з усіх бакоў Дзеда Мароза і Снягурачку рэдакцыі раённай газеты.
Фота Я. МУДРАГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>