В Лепельском районе не осталось документов-свидетелей тех лет

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі запісы актаў грамадзянскага стану адбываліся ў царкве. Усе звесткі запісваліся ў спецыяльную метрычную кнігу. 18 снежня 1917 года быў прыняты дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”, які скасоўваў стары парадак шлюбна-сямейных адносін, адхіляў царкву ад рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Быў утвораны новы дзяржаўны орган — аддзел запісу актаў грамадзянскага стану. Таму менавіта гэта дата лічыцца днём нараджэння ўсіх аддзелаў загса, якія дакументуюць усё наша жыццё.

istoki У Лепельскім раёне не засталося дакументаў-сведкаў тых гадоў. У Вялікую Айчынную вайну амаль увесь архіў быў знішчаны. Удалося выратаваць толькі малую частку дакументаў за 1924-1925 гады і 1928-1929 гады. Самыя старыя кнігі, якія захаваліся, — аб нараджэннях за 1924 год Лепельскага і Несенскага валасных выканкамаў тады яшчэ Бачэйкаўскага павета. Лепель у той час адносіўся да РСФСР, таму запісы вяліся на рускай мове. Аднак праз некалькі месяцаў, вясной 1924 года, адбылося ўзбуйненне нашай краіны і наш родны край стаў адносіцца да БССР.
Тое, што дзяцей тады ў сем’ях было шмат, пацвярджаецца запісамі актаў аб нараджэнні: на 20 кастрычніка 1924 года ў Лепельскім валасным выканкаме было зарэгістравана 709 дзяцей (на 1927 год колькасць насельніцтва ў воласці складала 4765 чалавек), а ў Несенскай воласці восьмага жніўня 1924 года — 478 дзетак (колькасць насельніцтва на 1927 год была 3095 чалавек). У сярэднім на пяць тысяч жыхароў прыходзілася прыкладна адна тысяча дзяцей. Такім чынам, лепельская сям’я дваццатых гадоў дваццатага стагоддзя ўяўляла з сябе сем “я” — бацькі і пяцёра дзяцей.
Браліся шлюбам нашы тагачасныя землякі вельмі актыўна. На другога жніўня 1924 года ў Несенскім валасным выканкаме былі зарэгістраваны 152 шлюбы. Нярэдкімі былі выпадкі, калі вузамі Гіменэя звязвалі сябе людзі старэй за 40 гадоў. А вось разводзіліся нашмат радзей чым цяпер: у Лепельскім гарсавеце ў 1925 годзе было скасавана толькі дзесяць шлюбаў (на 1927 год у горадзе Лепелі налічвалася каля сямі тысяч чалавек).
У 1928-1929 гадах запісы актаў грамадзянскага стану ўжо рабіліся на беларускай мове, а штампы дубляваліся яшчэ і на польскай мове.
У Вялікую Айчынную вайну ўлік нараджэнняў, смерцяў і шлюбаў не вёўся. Аднак адразу пасля вызвалення органы загса прыступілі да працы. Першы запіс быў зроблены пятага жніўня 1944 года і сведчыў аб нараджэнні сына ў бухгалтара райвыканкама. Бацьку дзіцяці было ў той час 30 гадоў, маці — 24.
Першымі, хто ўступіў у шлюб пасля вызвалення Лепельшчыны, былі 31-гадовы інжынер–механік Чашніцкага райпрамкамбіната і 29-гадовая машыністка з Лепеля. Днём нараджэння гэтай сям’і стала 19 верасня 1944 года.

* * *

 Акрамя прыемных падзей у актавых запісах адлюстроўваюцца і трагічныя моманты людскіх лёсаў. Так, Вораньскім сельсаветам восьмага верасня 1944 года зарэгістравана смерць 24-гадовай настаўніцы і двух вучняў дзевяці і адзінаццаці гадоў. У графе “прычына смерці” значыцца: “Рухаліся па дарозе ў лесе каля вёскі Забароўе і наехалі на міну”.
З пачатку стварэння гарадскога загса і на працягу 30 гадоў работа аддзела трывала асацыявалася з імем Аляксандры Іванаўны Цобанавай, якая кіравала дзяржаўнай структурай з 1977 па 2007 год. Да гэтага Аляксандра Іванаўна працавала настаўніцай рускай мовы ў вясковай школе.
Спачатку асобнай залы для правядзення ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў не было: кабінет аддзела ЗАГС знаходзіўся ў будынку райвыканкама, а цырымонія ўступлення ў шлюб праводзілася ў раённым Доме культуры ў адным памяшканні з гурткамі мастацкай самадзейнасці па вязанні, танцах і спевах. І толькі ў 1991 годзе пад аддзел ЗАГС былі перададзены памяшканні былога райкама камсамола, дзе ЗАГС знаходзіцца і зараз.
Работа патрабавала дакладнасці і акуратнасці, валодання навыкамі знаходзіць агульную мову з людзьмі. Цяпер усе дакументы складаюцца ў электронным выглядзе, а ў 70-я гады, як расказвае Аляксандра Іванаўна, першыя запісы рабіліся яшчэ пёравай ручкай. На рэгістрацыю шлюба ў той час запрашаўся дэпутат райсавета, які віншаваў маладых з радаснай падзеяй у іх жыцці.
У няпростыя гады перабудовы, акрамя выканання сваіх непасрэдных функцый, выдавалі талоны на заручальныя кольцы, гарэлку, туфлі, дзіцячыя рэчы.
Як ужо адзначалася, у 1990 годзе гарадскі і раённыя ЗАГСы аб’ядналі. Аляксандра Іванаўна стала працаваць разам з Рэгінай Леанідаўнай Васюковіч, якая да гэтага была загадчыцай раённага аддзела ЗАГС.
Рэгіна Леанідаўна ў ЗАГС прыйшла працаваць у 1986 годзе з пасады інспектара аддзела культуры і затрымалася тут на цэлых 25 гадоў. Цікава, што абавязковай умовай прыёму яе на гэтую працу было ўступленне ў члены КПСС.

* * *

У поўнай меры адчуць людзей і іх праблемы дапамагло Рэгіне Васюковіч уласнае перажытае гора, пасля якога яна старалася ставіць сябе на месца чалавека, які звярнуўся да яе па дапамогу, адчуць яго становішча. Асабліва ісці насустрач тым людзям, якія не маглі за сябе пастаяць, абараніць сябе належным чынам…
Зараз мы рэгіструем нараджэнні і смерці, жэнім і разводзім, устанаўліваем бацькоўства, праводзім усынаўленне (удачарэнне), перамену прозвішча, імя і імя па бацьку, узнаўляем і анулюем запісы актаў грамадзянскага стану, выдаём розныя даведкі.
Алена БЕЛЬСКАЯ, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>