Не секрет, что в условиях дефицита финансовых средств местные Советы не могут рассчитывать на одно только государственное финансирование

Не сакрэт, што ва ўмовах дэфіцыту фінансавых сродкаў мясцовыя Саветы не могуць разлічваць на адно толькі дзяржаўнае фінансаванне. Трэба шукаць іншыя магчымасці папаўнення бюджэту. А хто шукае, той знаходзіць.

6121 Анатоль Залатуха, старшыня Стайскага сельскага Савета, паказвае табліцу са звесткамі пра паступленне сродкаў ад продажу зямельных участкаў:
— Ведаеце, гэта галоўная і вельмі істотная крыніца папаўнення мясцовага бюджэту. Вось, як бачыце, прадалі з аўкцыёна два ўчасткі ў вёсцы Селішча. Выручылі сто дзевятнаццаць і яшчэ пятнаццаць мільёнаў рублёў на тагачасныя грошы. Да ўсяго, у Мацюшынай Сцяне рэалізавалі ўчастак пад забудову. Атрымалі дадаткова ў бюджэт яшчэ шаснаццаць мільёнаў.
— А грошы ад продажу зямельных участкаў можна выкарыстоўваць па любых артыкулах бюджэту?
— Не, гэта строга рэгламентавана. Можна толькі на добраўпарадкаванне, падрыхтоўку дакументацыі для правядзення новых аўкцыёнаў і стварэнне інфраструктуры.
— Што маецца на ўвазе пад стварэннем інфраструктуры?
— Электразабеспячэнне, дарогі, водазабеспячэнне і некаторыя іншыя аспекты.
— А колькі было выдаткавана непасрэдна на добраўпарадкаванне з дзяржбюджэту?
— Пяцьдзясят мільёнаў рублёў.
— Гэта з улікам рамонту дарог?
— Не, рамонт дарог праходзіць па асобным артыкуле — шэсцьдзясят тры мільёны.
— І як вы імі распарадзіліся?
— Зрабілі падсыпку і грэйдаванне дарогі ў Куляшах. Прайшліся грэйдарам і па дарозе ў Жарцах. У вёсцы Свабоднае Жыццё (Ізабеліна) рабілі падсыпку і планіроўку грунту. Правялі значныя рамонтныя работы на вялікім участку, больш за кіламетр, вуліцы Перакоп у вёсцы Стары Лепель.
— Па-мойму, тую вуліцу рамантуюць ужо не ўпершыню…
— Так, у свой час там дарога была адрамантавана, аднак пасля гэтага камунальнікі падводзілі сістэму водазабеспячэння, вуліцу перакапалі. Давялося зноў наводзіць парадак. Вядома, у дзяржаўны бюджэт мы б не ўклаліся, калі б не дадатковыя сродкі ад продажу зямель.
— Што яшчэ было зроблена?
— Ліквідоўвалі несанкцыянаваныя звалкі: тры ў Юркоўшчыне, дзве ў Заазер’і, па адной у Забалацці, Стаях і Пышне. Тут нам дапамаглі прадпрыемствы “Будаўнік” і прыватнае “Мазай плюс”. Вялікая работа была зроблена на могілках.
— А колькі могілак на тэрыторыі сельсавета?
— Усяго дваццаць адна. Практычна ўсе яны, акрамя каталіцкіх у вёсцы Пышна, былі перададзены на баланс ЖКГ “Лепель” яшчэ ў дзве тысячы адзінаццатым годзе. Сёлета ў жніўні перадалі і пышнянскія. Увесь вясенні і летні сезон з могілак перыядычна вывозілі смецце, выдалялі аварыйныя дрэвы. Істотна дапамаглі шэфы: у Крыўцах — ДТСААФ, у Антонаўцы — “Беларусбанк”, у Пышнагорах — РАНС, у Пышне — ЛЭМЗ і лепельскія камунальнікі, у Звяздзе — цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, у Зацякляссі — “Будаўнік”, у Ворані — СВФ “Заазер’е”, у Заазер’і — лясніцтва і г.д. Зразумела, паўсюль у работах удзельнічаў і сельвыканкам. Спілавалі на могілках сорак два аварыйныя дрэвы, найбольшая колькасць — у Мацюшынай Сцяне (дванаццаць) і ў Гарадцы (восем), на іншых дзе па чатыры дрэвы, дзе па два.
— А як спраўляецеся са снегам, які сёлета “атакаваў” ужо ў пачатку лістапада?
— Снег чысцім аператыўна. Дзякуй ДРБУ-202, камунальнікам і СВФ “Заазер’е”. Праўда, сродкі ўжо практычна вычарпаны, аднак можна не сумнявацца, што дарогі нерасчышчанымі не пакінем.
— Зіма кампенсуе летняе бязводдзе. Дарэчы, як было сёлета з водазабеспячэннем?
— Не ўсюды аднолькава. Праблемныя вёскі — Кальнікі, дзе перасохлі студні, Селішча, там тры студні, ды ўсе сухія. Застаюцца пэўныя праблемы і на той жа вуліцы Перакоп у Старым Лепелі. У наступным годзе плануем правесці два аўкцыёны, каб закрыць праблему водазабеспячэння.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>