Юнацтва камсамольскае

Крышачку б раней сустрэцца мне з Сарай Аронінай. Запазніўся. Не так даўно ў дзевяносташасці­гадовай Сары Абрамаўны здарыўся інсульт. І, зразумела, урачы не маглі даць аніякіх гарантый. Як ні кажы — узрост. Але бабуля Сара раптам стала ўпарта адольваць немач і вяртацца да паўнавартаснага жыцця. Прыход карэспандэнта яе не здзівіў, напэўна, неаднойчы сустракалася з прэсаю. Сара Абрамаўна напружыла струны памяці.

Вымаўляла цяжка, па слове, адпачывала, потым зноў расказвала. Ёй актыўна дапамагалі сын Алег і нявестка Галіна, якія знарок, зачыніўшы кватэру ў Мінску, прыехалі да­глядаць хворую маці. Абое таксама на пенсіі. Адзінае сваё дзіця Сара вырасціла музычным. Алег служыў у аркестры штаба Беларускай ваеннай акругі, затым — у аркестры МУС Мінгарвыканкама. З музыкай і літаратурай звязаны лёс і яго жонкі. Галіна выкладала ў Мінску ў музычнай школе. Яна дачка беларускага паэта Зіновія Вагера. Паказала мне ладны томік вершаў свайго бацькі. Вершы моцныя, напісаныя з душою і ад жыцця. Вагер быў знаёмы з многімі знакамітымі пісьменнікамі, у яго хаце часта гасцілі творцы.

* * *

  Нарадзілася Сара ў перадрэвалюцыйным 1916 годзе ў вялікай вёсцы Красналукі. Бацька працаваў на цагельным заводзе ў Халопенічах і там загінуў ад няшчаснага выпадку. Грамадская актыўнасць Сары пачалася з піянерскіх гадоў. Дастаткова сказаць, што яна была ўдзельніцай Першага рэспубліканскага піянерскага злёту, які праходзіў у Мінску ў 1929 годзе. На той час старшыні піянерскай арганізацыі школы Сары Аронінай было трынаццаць гадоў. Як бачым, зацягнула яе ў вір грама­дскага жыцця яшчэ ў падлеткавым узросце ды так з гадамі і не адпусціла. Да сённяшніх дзён гэтая мужная нястомнай энергіі жанчына апантана верыць у ідэалы эпохі, у якой была не сузіральнікам, а стваральнікам і змагаром, будаўніком светлай будучыні. Верыць у магутную сілу партыі, якой служыла. Эпоха мінула, і няма ўжо той партыі. А чалавек усё роўна працягвае верыць. Бачыш такіх лю­дзей, гутарыш з імі і міжволі прані­каешся глыбокай павагай да іх веры, хоць сам і не падзяляеш яе. Светлая будучыня аказалася міражом, але людзі, якія яе будавалі, моцна загартавалі сябе верай, і таму яны такія трывушчыя.

А потым былі камсамольскія будні. На вайне загінуў Лёва, яе брат. А сама Сара з маці выехалі ў эвакуацыю ў горад Баранаўка Ульянаўскай вобласці. Дзяўчына працавала ў Сталінскім райкаме партыі. Ім з маці далі кватэру. У Сары, загадчыцы сектара ўліку, былі ў распараджэнні два кані і фурманка. Ездзілі з праверкамі ў аддаленыя вёскі, збіралі для фронту цёплыя абутак і вопратку.

Вярнулася дадому Сара Абрамаўна толькі ў сорак пятым. Зноў аддана служыла на розных пасадах то ў камсамоле, то ў партыі. А пасля партыя кінула яе на новыя рубяжы — у аддзел сацыяльнага забеспячэння. Працы ў аддзеле аддала сорак гадоў жыцця. Яна заўсёды дапамагала пажылым лю­дзям, інвалідам, з паразуменнем ставілася да іх патрэбаў, востра суперажывала чужой бядзе. І менавіта гэты перыяд яе біяграфіі многія прыгадваюць з асаблівай удзячнасцю.

У сямейным альбоме Сары Абрамаўны мноства фота­здымкаў, якія рэальна ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. На адным са здымкаў, напрыклад, Іван Лукіч Якубёнак, афіцэр Чырвонай Арміі, які ў 1929 — 1931 гадах быў сакратаром Лепельскага райкама камсамола. На другім — Аркадзь Каменскі, актывіст адной з сельскіх камсамольскіх ячэек нашага раёна даваеннага часу. Цікава, што многія фотаздымкі акуратна падпісаныя. Значыць, людзі, якія з іх пазі­раюць, не адыдуць у небыццё, як гэта здараецца з іншымі безыменнымі фатаграфіямі ў старых сямейных альбомах пасля таго, як іх уладальнікі пакідаюць гэты свет. На развітанне жадаю маёй субяседніцы дажыць, як мінімум, да стагадовага юбілею. Жадаю шчыра, бо ведаю, што гэта рэальна. Веру, што Сара Абрамаўна мужна перанясе хваробу і зноў зойме месца сярод актыўных у грамадстве людзей. Яна — з кагорты загартаваных. Яе — хто ж не ведае! І ў шмат каго, як і ў мяне, у свядомасці імя Сары Абрамаўны Аронінай асацыіруецца з камсамольскай вясною дваццатага стагоддзя.

   Уладзімір МІХНО.

   На здымках:  Сара (справа) з ленінградскай сяброўкай Фірай Глікман.

Фота з сямейнага архіва.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>