Карыстальнікі камп’ютараў даўно прывыклі ўжо да віртуальнай мышкі, якая служыць добрую службу. Засталося “прыручыць” віртуальнага ката

gurtok-1Карыстальнікі камп’ютараў даўно прывыклі ўжо да віртуальнай мышкі, якая служыць добрую службу. Засталося “прыручыць” віртуальнага ката. Зрэшты, у Бароўцы ўжо даўно якраз гэтым і займаюцца на адным са школьных аб’яднанняў па інтарэсах.

Існуе аб’яднанне ўжо каля пяці гадоў. І вядзе яго настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы Наталля Наймушына, якая і расказала мне пра гаваркога ката.
— Чым займаюцца дзеці ў вашым аб’яднанні?
— Ствараюць камп’ютарныя гульні, аб’яднанне так і называецца “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch”.
— Але ж, наколькі мне вядома, яно мае і іншую, рабочую, назву…
— Воблачныя вылічэнні?
— Так. А што гэта?
— Гэта значыць, што ў любым месцы, дзе б ён ні знаходзіўся, чалавек мае магчымасць атрымаць доступ да сваёй інфармацыі, якая захоўваецца на гугле, яндэксе і г.д.
— Ці не азначае гэта, што асабістая інфармацыя становіцца даступнай іншым? Мы і так з паяўленнем камп’ютара сталі жыць, нібы ў празрыстым акварыуме…
— Я заўсёды дзецям кажу: ведайце, калі ваш камп’ютар падключаны да інтэрнэту, вас лёгка могуць вылічыць, бо кожны камп’ютар мае свой ІР-адрас.
— Што такое праграма Scratch?
— Асяроддзе Scratch — гэта праграмаванне для ўсіх узростаў у цікавай гульнявой творчай форме.
— А як гэта выглядае на практыцы? Прынамсі, з чаго вы пачынаеце ў гуртку, скажам, з навічкамі?
— Пачынаем працу з вучнямі дзесьці трэціх-чацвёртых класаў. Спачатку знаёмімся з праграмай, ствараем свае міні-праекты. Ну, напрыклад, “гаваркі кот”. Трэба прымусіць віртуальнага ката, каб ён хадзіў направа-налева, вітаўся і казаў: “Мяне завуць Мурзік”.
gurtok-2Ужо на першых занятках дзеці без цяжкасцяў прымушаюць ката гаварыць, мы ідзем далей — ствараем аніміраваныя паштоўкі, дзе героі размаўляюць. Наступны крок — прымусіць ката хадзіць. Ёсць блокі, якія называюцца “рух”. Кот пайшоў. Цяпер задача, каб ён прайшоў дзесяць крокаў, адштурхнуўся і вярнуўся назад. Затым вырашаем, што ён будзе казаць, пасля гэтага — дзе ён ходзіць і г.д.
— Якая мэта такіх заняткаў?
— Я стаўлю мэту, каб вучань ствараў гульню сам і развіваўся, а не гуляў у гатовую. Важна ажывіць творчы пачатак у дзіцяці, разбудзіць яго фантазію, прымусіць лагічна думаць, будаваць сэнсавыя ланцужкі і г.д.
— Да вас ходзяць толькі малодшыя школьнікі?
— Не, зараз працуем ужо і са старшакласнікамі, якія калісьці прыйшлі ў аб’яднанне ў малодшым школьным узросце.
— А што вы робіце са старэйшымі?
— Ствараем прадметныя віктарыны для пазашкольных мерапрыемстваў, прымаем удзел у сеткавых навучальных праектах “На адукацыйнай галактык-інтэл”, “Scratch — метад спроб, памылак няма” і г.д.
Афіцыйна займаецца чалавек пятнаццаць, аднак прыходзяць і іншыя, хто пажадае, месцы за камп’ютарамі ніколі не пустуюць.
— Вы не выкладчык інфарматыкі, а настаўнік пачатковых класаў. Як авалодалі камп’ютарнай граматай?
— Жыццё прымусіла. Я самавучка. У дачкі былі праблемы з вывучэннем англійскай, а муж служыў, не меў часу ўстанавіць патрэбныя праграмы. Давялося самой. Чытала часопісы “Камп’ютар-біт”, “Чып”, “Камп’ютарную газету”. Гурток працуе з 2012-га. У той час яшчэ сама многага не ведала, вучылася разам з дзецьмі.
— А на ўроках таксама карыстаецеся камп’ютарнымі тэхналогіямі?
— Безумоўна. А з мінулага года вырашыла прыахвоціць да гэтай справы і бацькоў, каб яны карысталіся сеткавымі рэсурсамі. Бацькі адгукнуліся з ахвотаю. Праўда, у кожнага свой узровень валодання камп’ютарам. У інтэрнэце шмат карыснай пазнавальнай інфармацыі. Ёсць сайты з праграмамі розных алімпіяд для дзяцей, у тым ліку і анлайн. Скажам, зараз праходзяць алімпіяды “Юны прадпрымальнік”. “Руская мова з Пушкіным” і іншыя. Ёсць праграма па матэматыцы для пачатковых класаў для самастойнага навучання.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>