Перыяд нарыхтоўкі яблыкаў у прысядзібных садах насельніцтва, дзікарастучых ягад і грыбоў у лесе — гэта магчымасць зарабіць “жывыя” грошы

Перыяд нарыхтоўкі яблыкаў у прысядзібных садах насельніцтва, дзікарастучых ягад і грыбоў у лесе — гэта магчымасць зарабіць “жывыя” грошы як пастаўшчыкам гэтай вельмі запатрабаванай прадукцыі, так і тым, хто яе закупляе і потым накіроўвае на перапрацоўку, захоўванне і рэалізацыю. Аб гэтым гутарым з начальнікам аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці раённага спажывецкага таварыства Віктарам Авяр’янавым.
— У жніўні пачаўся сезон закупкі яблыкаў (апад) у насельніцтва — яны прымаюцца ўсімі магазінамі спажывецкай кааперацыі ў сельскай мясцовасці і гарадскімі нарыхтоўчымі пунктамі, размешчанымі на рынку, на вуліцах Савецкая і Чуйкова, — паведаміў Віктар Іванавіч. — Сёлета ўжо назапашана 356 тон яблыкаў, за што людзям выплачана 18,8 тысячы рублёў.
— А калі ў вёсцы няма гандлёвай кропкі?
— Можна патэлефанаваць нам у раённае спажывецкае таварыства і па заяўцы выедзем у любы населены пункт раёна, дзе ўрадзілі яблыкі і людзі гатовыя іх нам прадаць з разлікам прама на месцы. Дарэчы, аб’яву аб гэтым мы змясцілі ў раённай газеце “Лепельскі край” за 23 жніўня 2016 года з указаннем канкрэтных тэлефонаў, па якіх да нас можна звяртацца. Прынамсі, сёлета ўжо выязджалі, закупалі яблыкі ў Замошшы, Заслаўках, Макараўшчыне, Губіне, Усавіках, Заньках, Забалацці і іншых вёсках.
— Якая закупачная цана?
— З пачатку нарыхтоўчага сезона за адзін кілаграм плацілі тры капейкі, а з 24 жніўня 2016 года паднялі закупачную цану да чатырох капеек за адзін кілаграм.
— Куды рэалізуеце яблыкі?
— На Шаркаўшчынскі кансервава-гароднінасушыльны завод і на прыватнае прадпрыемства ў Вядрэнь Чашніцкага раёна. Для транспарціроўкі выкарыстоўваем дзве грузавыя аўтамашыны МАЗ і два самазвалы.
— Як ідзе нарыхтоўка дзікарастучых ягад і грыбоў?
— Закуплена 45,3 тоны чарніц, што дазволіла іх зборшчыкам папоўніць сямейны бюджэт на 112,2 тысячы рублёў. Толькі ў жніўні 2016 года насельніцтвам сабрана і здадзена спажывецкай кааперацыі 2,4 тоны грыбоў лісічак, за што аматарам “ціхага” палявання выплачана восем тысяч рублёў.
Назапашванне лісічак працягваецца. Хутка пачнецца сезон нарыхтоўкі спелых журавін.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>