Ліст з Омска

У раённы аддзел адукацыі прыйшоў ліст з Омска ад пенсіянеркі Ларысы Карнюшынай. Вось што яна піша:
“Ад усяе душы хачу выказаць удзячнасць настаўніку гісторыі, краязнаўцу са Слабадской СШ Лепельскага раёна Віцебскай вобласці Валерыю Уладзіміравічу Тухту за дапамогу ў пошуку магілы майго бацькі, партызана брыгады “Чэкіст”, Есіповіча Мікалая Альфонсавіча, які загінуў

14/ІІ 1943 года і пахаваны жыхарамі в. Слабада, былая Свяда, куды яго прывезлі партызаны.
Валерый Уладзіміравіч — чалавек неабыякавы, дапамагае людзям у пошуку родных, дапамагае ім усталяваць спакой у душы. У школе абсталяваны гістарычны музей, дзе захоўваюцца экспанаты і дакументы эпохі Вялікай Айчыннай вайны, маецца альбом з фотаздымкамі ўдзельнікаў ваенных падзей.
Вялікі яму за гэта дзякуй!
З павагай дачка Карнюшына-Есіповіч Ларыса Мікалаеўна”.
Прыгадваю мінулагодні прыезд Ларысы Карнюшынай на Лепельшчыну. Праз дзесяцігоддзі пасля вайны немаладая жанчына, даведаўшыся месца пахавання яе бацькі, вырашыла наведаць магілу. І вось мы разам едзем у Слабадскую школу. Валерый Тухта паказвае дачцэ партызана фактычны матэрыял пра яе бацьку, які ўдалося здабыць, расказвае сведчанні відавочцаў тых падзей. Затым мы разглядваем экспанаты школьнага музея. Пасля сустракаемся з жывымі сведкамі часін вайны ў Слабадзе. І нарэшце едзем на вясковыя могілкі, дзе, па звестках, пахаваны партызан Мікалай Есіповіч.
На яго магіле — драўляная пафарбаваная тумбачка і самаробная бляшаная таблічка. Жанчына доўга стаіць у скрусе над бацькавай магілай, пасля набірае ў мяшэчак зямлі, каб завезці яе ў Омск, на пахаванні сваіх родных.
Ад’язджаючы дадому, Ларыса Мікалаеўна прасіла Валерыя паспрыяць устаноўцы на бацькавай магіле хоць якога помніка ці памятнага знака, абяцала ўнесці свой матэрыяльны ўклад у гэтую справу.
Неўзабаве ў нашай газеце з’явіўся нарыс пра падзеі мінулыя і сённяшнія, звязаныя з партызанам Мікалаем Есіповічам і яго дачкой Ларысай.
Тым часам працягвалася перапіска паміж Валерыем Тухтам і Ларысай Карнюшынай. А Валерый Уладзіміравіч выступіў з ініцыятывай устаноўкі падобнага помніка альбо памятнага знака. Ліст з Омска на Лепельшчыну змусіў мяне зноў прыгадаць і той прыезд расійскай госці, і нашу публікацыю, з часу якой мінула амаль паўтара года. Што зроблена?
Пра гэта я вырашыў даведацца ў старшыні раённага Савета ветэранаў Паўла Ханяка. Павел Леанідавіч адказаў, што ў Савеце ветэранаў ведаюць сутнасць справы і трымаюць яе на кантролі. Па яго словах, устанавіць помнік на магіле партызана Мікалая Есіповіча мяркуецца наступнай вясною, бліжэй да Дня Перамогі. Магчыма, гэта можна было б зрабіць і раней, але патрэбен час — адшукаць сродкі, аформіць дакументацыю і г. д.
Што ж, магчыма, яго аргументацыя і абгрунтаваная, тым больш, што наперадзе зіма. Ды і не абавязкова добрыя справы прымяркоўваць менавіта да пэўных памятных датаў. Трэба спяшацца, бо няўмольна сыходзяць апошнія сведкі ваенных падзей, а вахту памяці працягваць нам, маладзейшым.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>