Вуліца імя Дзяржынскага з’яўляецца адной са старэйшых у Лепелі

IMG_0385Вуліца імя Дзяржынскага з’яўляецца адной са старэйшых у горадзе, яна пачынаецца ад вытоку ракі Ула, праходзіць па краі цэнтральнага парка, перасякае вуліцу Лабанка і заканчваецца перад ручаём, які цячэ ў возера Лепельскае.

Сучасны Лепель, перанесены канцлерам Вялікага княства Літоўскага Львом Сапегам, пачынаўся менавіта тут, у цэнтральным парку і прылеглых кварталах. Аб гэтым сведчыць копія карты XVIІ стагоддзя, вывешаная пры ўваходзе ў парк. Аднак на ёй не пазначаны назвы вуліц, толькі абазначаны асобныя будынкі. Аўтара ж гэтых радкоў зацікавіла, як называлася вуліца Дзяржынскага да яе перайменавання, ці жывуць яшчэ старажылы, якія памятаюць тыя даўнія падзеі.
Бабуля Рая
IMG_0384Іду ў пачатак вуліцы. На беразе Улы стаіць вялікі дом. Падмурак і сцены, звернутыя ў бок ракі, цагляныя, а з боку горада — драўляныя. Відаць, што дом дабудоўваўся. Ён з той катэгорыі будынкаў, якія зараз называюць баракамі. Такія дамы будаваліся ў канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў. Размясціўшы ў адным бараку па некалькі кватэр, улады спрабавалі вырашыць жыллёвае пытанне. Жылля катастрафічна не хапала, таму кватэры ў першую чаргу выдзяляліся вайскоўцам, адказным партыйным работнікам і чыноўнікам.
Пастукаўся ў першую кватэру — адчыніла маладая жанчына. Яна сказала, што пасялілася ў гэтым доме нядаўна, таму пра гісторыю будынка і вуліцу нічога распавесці не можа. Аднак параіла звярнуцца да бабулі Раі, якая жыве ў кватэры на супрацьлеглым баку дома ўжо даўно і можа расказаць вельмі шмат.
У пакоі з нізкай столлю мяне сустрэла немаладая жвавая жанчына. Яе сівыя валасы былі акуратна завязаны хустачкай. Напрацаваныя рукі з вузлаватымі пальцамі то спакойна ляжалі на стале, то жэстыкулявалі, раз-пораз папраўлялі хустачку.
— Добрага дня! Як вас зваць?
— Раіса Антонаўна Бекшта.
— Не лепельскае прозвішча. Адкуль вы родам?
— Па пашпарце мне 77 гадоў. Мяркую ўсё ж, што ў дакументах мне дату нараджэння запісалі няправільна, я на год ці два старэйшая, бо многае памятаю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя мяне, былі яшчэ брат Лука і сястра Ніна. Бацька Антон Якаўлевіч прайшоў савецка-фінляндскую вайну, потым вярнуўся, а з пачаткам Вялікай Айчыннай быў зноў мабілізаваны. Там і загінуў. Мама загінула падчас акупацыі.
Пасля вызвалення нас, дзяцей, размеркавалі па дзіцячых дамах. Я з сястрой трапіла ў дзіцячы дом у Багушэўску, брат — у іншы. З-за таго, што доўгі час мы выхоўваліся паасобку, моцнай сувязі з братам і яго сям’ёй наладзіць не ўдалося, затое з сястрой мы былі вельмі блізкія. Калі яна паступіла, скончыла Лепельскае педвучылішча і засталася працаваць тут, то і мяне перацягнула. У Лепелі я жыву з 1959 года, а ў гэтым доме атрымала кватэру ў 1966-ым.
— Раскажыце падрабязней пра гэты дом.
— Дом быў пабудаваны ў 1929 годзе, так у дакументах напісана. Скляпенні былі цагляныя, а сцены — драўляныя. Па дакументах у доме налічваецца шэсць кватэр: тры — наверсе, тры — у паўскляпенні. Фактычна ж у цяперашні час жылыя толькі чатыры: тры — наверсе і адна — наша, у паўскляпенні, астатнія дзве выкарыстоўваюцца як кладоўкі. У гэтым доме жылі галоўным чынам вайскоўцы, афіцэры, вядома, на вышэйшым паверсе. Доўгі час тут жыў начальнік міліцыі Мікалай Каленчыц.
— А ці памятаеце вы старажылаў вуліцы і ці чулі ад іх, як раней яна называлася?
— У дамах далей жылі, помніцца, людзі з прозвішчамі Амхір, Ароніны, быў афіцэр, служачы ваенкамата Піратараў. Калі я пасялілася, у 1966 годзе, вуліца ўжо насіла імя Дзяржынскага, а як яна называлася раней, не даведвалася.
Пошук адказаў
Наступным я наведаў дом №3, суразмоўцам стаў гаспадар Алег Бродка.
— Ваш дом, бачу, вельмі стары, але яшчэ трывалы. Напэўна, гэта ваша бацькаўшчына? — звяртаюся да яго.
— Не бацькаўшчына — дзедаўшчына. Мой дзед Сяргей Якаўлевіч Шпак да вайны працаваў загадчыкам гаспадаркі ў ваенным шпіталі. Пасля вайны сям’я засталася без жылля. Дзед звярнуўся да раённай улады, яму выдзелілі гэты ўчастак. Хату не будаваў з нуля, набыў дом на вуліцы Валадарскага і перавёз сюды, тут сымшыў нанава. Маці і бацька таксама шмат зрабілі, каб падтрымліваць дом у добрым стане, рабілі прыбудовы да яго. Пра спрадвечную назву вуліцы нічога не магу сказаць. Старэйшыя казалі, што яна мела назву Дзяржынскага яшчэ да вайны. Паспрабуйце прайсці крыху далей, у доме №13 жыве старэйшая жыхарка, баба Галя. Магчыма, яна вам раскажа больш. Хаця яна, чуў, вельмі хворая і слабая.
У доме №13 жыве Галіна Антонаўна Зінкевіч. Яе дачка, Соф’я Мікалаеўна, распавяла, што маці нарадзілася і вырасла на Ушаччыне, а ў Лепелі пасялілася ў 1950 годзе. Усё жыццё адпрацавала вартаўніком. Некалькі гадоў таму здарыўся няшчасны выпадак — жанчына зламала нагу. Косці з-за ўзросту не зрасліся, таму Галіна Антонаўна не падымаецца з ложка. Узрост дае аб сабе ведаць — слых і зрок ужо не тыя. Соф’я Мікалаеўна, як і належыць дачцэ, акружае старэнькую матулю клопатам і ўвагай.
Пра гісторыю вуліцы Галіна Антонаўна не змагла расказаць нічога. Аднак Соф’я Мікалаеўна падняла іншае пытанне, важнае для жыхароў. Насупраць іх дома заканчваецца асфальтавае пакрыццё, далей да канца вуліцы ідзе жвіроўка. Калі некалькі гадоў таму на ўчастку вуліцы Дзяржынскага, ад скрыжавання з вуліцай Лабанка да прымыкання да вуліцы Герцэна, укладвалі асфальт, далей справу прыпынілі, бо да дамоў падводзілі водаправод, газ. Зараз земляныя работы завершаны, можна было б укласці і асфальт.
Гістарычны цэнтр
Скрыжаванне вуліц Дзяржынскага і Ленінская можна было б назваць гістарычна-сімвалічным цэнтрам Лепеля. Не так даўно да чарговага Дня горада ўчастак дарогі выклалі тратуарнай пліткай, абнавілі асфальт. Будынкі рэстарана “Хваля” і гарадской лазні рэгулярна паднаўляюцца, падфарбоўваюцца. Што ўжо казаць пра касцёл святога Казіміра і яго гаспадарчыя пабудовы. Нядаўна яны былі ўпрыгожаны. Акрамя ўзгаданай вышэй рэпрадукцыі старажытнай карты Лепеля XVIІ стагоддзя на ўваходзе ў цэнтральны парк вывешаны некалькі фатаграфій мясцін горада пачатку ХХ стагоддзя. Цікавай знаходкай стала размяшчэнне побач з кожнай адпаведнага сучаснага фотаздымка.
І, безумоўна, адной з візітных картак і памятным месцам Лепеля стаў помнік канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу. Помнік быў устаноўлены некалькі гадоў таму. У інтэрнэце часта сустракаю фотаздымкі людзей, якія жывуць вельмі далёка ад Беларусі, побач з лепельскімі помнікамі і скульптурамі: Львом Сапегам, Пятачком, Русалкай, Цмокам Лепельскім.
Наступным на шляху аўтара будынкам стала гарадская гасцініца. На момант прыходу карэспандэнта рабочыя рад за радам мацавалі плітку да сцяны на дзюбелі і мантажную пену, вокны і дзверы акантоўвалі спецыяльным фрызам. Хлопцы расказалі, што калі хопіць грошай, спадзяюцца да маразоў завяршыць аддзелку звонку. Пасля гэтага можна будзе весці ўнутраныя аздобныя работы: разводку электрыкі, тынкаванне сцен і столі, мантаж сістэмы ацяплення.
Яслі-сад №9
IMG_0392У яслі-садзе №9 дзеткі з некалькіх груп гулялі на свежым паветры. Папрасіў іх сабрацца разам для агульнага фота. Малышы ахвотна пагадзіліся, сышліся. Кожны прыхапіў сваю любімую цацку. Побач сталі і выхавальнікі.
Загадчыца яслі-сада Святлана Шкіндзер расказала пра гісторыю ўстановы:
— У нас захоўваюцца кнігі загадаў з часу заснавання ўстановы. Разгортваем першую. Чытаем: “Першага кастрычніка 1962 года. Прызначыць Саламонаву Ніну Барысаўну загадчыцай дзіцячага сада-ясляў №9 з акладам згодна са штатам”. Старэйшы за нашу ўстанову толькі яслі-сад на вуліцы Савецкая, ля крамы. У свой час у нас працавалі Валянціна Сутанько, Тамара Булай, Людміла Локіс. Я ў іх вучылася, пераймала педагагічны вопыт. Зараз у садзе выхоўваецца 83 дзіцяці, з іх 21 восенню пойдзе ў школу.
— Якімі бачацца дзень сённяшні і будучыня?
— З надзеяй і перспектывай. Летась, напрыклад, закончылі абласны праект, у якім, акрамя нашага, удзельнічалі яшчэ некалькі яслі-садоў вобласці. Выхавальнік Вера Лейчанка вяла групу, дзе выкарыстоўваліся гульнявыя дапаможнікі пры навучанні дзяцей матэматыцы. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама былі закуплены дапаможныя сродкі. Потым абагульнілі вопыт, прааналізавалі вынікі, карэкціравалі пры патрэбе. Настаўніцы школ, якія прысутнічалі на апошніх занятках, адзначылі поспехі дзетак у матэматыцы.
— Каго з маладых выхавальнікаў можаце адзначыць?
— Цяжка вызначыць асабіста кагосьці з 24 работнікаў, кожны ўносіць свой уклад. Усё ж такі хацелася б адзначыць Марыю Ротаву і Яну Шамрыла. Апошняя калісьці выхоўвалася ў нас, бацькі яе за ручку прыводзілі сюды. Потым Яна скончыла школу, атрымала прафесію і вярнулася ў свой дзіцячы сад.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>