Здароўе — неацэнны скарб

Сёлета пасля заканчэння сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў штат медыцынскіх работнікаў раёна папоўніла каля дваццаці спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна. Маладыя работнікі ахвотна засвойваюць практычныя веды, пераймаючы вопыт у сваіх старэйшых калег. Аб буднях установы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з галоўным урачом Ільёй Шандалесавым.
— Ілья Юр’евіч, як вядома, надзейную будучыню кожнай установы заяспечваюць маладыя спецыялісты…
— Несумненна. Сёлета на працу размеркаванні да нас прыехала дзевяць выпускнікоў Віцебскага і Гомельскага дзяржаўных медыцынскіх універсітэтаў. Сярод іх трое хірургаў, адзін урач-інфекцыяніст і пяць участковых тэрапеўтаў. Да нас размеркавана таксама дзесяць спецыялістаў сярэдняга звяна: фельчар-лабарант, два фельчара, фельчар-акушэр і шэсць медсясцёр. На 31 ліпеня бягучага года укамплектаванасць установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” медыцынскім спецыялістамі вышэйшага звяна склала 96, 7 працэнта (86 работнікаў), а сярэдняга — 99 працэнтаў (320 чалавек). У цяперашні час бальніцы патрэбны няўролаг, эндакрынолаг, урач ультрагукавой дыягностыкі, псіхіятр і нарколаг. Мяркую, што з цягам часу гэта пытанне будзе вырашана. Як урачы, так і медсёстры пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю. Так, на сённяшні дзень кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 70 працэнтаў урачоў і 77 працэнтаў медсясцёр.
У сваю чаргу мы робім усё магчымае для таго, каб замацаваць спецыялістаў на працоўных месцах. Работнікаў пры падтрымцы райвыканкама мы забяспечваем арэндным жыллём.
— Безумоўна, якасць работы медыцынскіх спецыялістаў у многім залежыць ад умоў работы, паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Гэта сапраўды так. У студзені бягучага года завершаны бягучыя рамонты ў жаночай кансультацыі і хірургічным блоку раённай паліклінікі, плануем давесці да ладу дах у дзіцячым аддзяленні. Летась за сродкі рэспубліканскага бюджэту для жаночай кансультацыі набыты кальпаскоп, для аперацыйнай — генератар электрахірургічны. Дзякуючы спонсарскай дапамозе сёлета адрамантаваны Сушанскі фельчарска-акушэрскі пункт.
— Вядома, што галоўным паказчыкам дзейнасці медыцынскай установы з’яўляецца павелічэнне нараджальнасці і змяншэнне смяротнасці насельніцтва.
— Прыемна адзначыць, што за шэсць месяцаў бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года нараджальнасць у раёне павысілася, а колькасць смяротных выпадкаў зменшылася. За першае паўгоддзе сёлета ў раёне нарадзілася 190 дзяцей — на 21 дзіця больш, чым за шэсць мінулагодніх месяцаў. Рост нараджальнасці склаў 12, 4 працэнта.
Вялікі плён прынесла і мэтанакіраваная работа па прафілактыцы абортаў. Нашы спецыялісты пастаянна праводзяць санітарна-асветніцкія гутаркі ў сем’ях, выступаюць з лекцыямі ў працоўных калектывах, перад маладымі спецыялістамі, расказваюць аб планаванні сям’і, метадах кантрацэпцыі. Да гэтай работы далучаюцца работнікі адукацыі, свяшчэннікі. За першае паўгоддзе бягучага года колькасць абортаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года скарацілася на 40 працэнтаў.
Зменшылася сёлета і колькасць памерлых. Калі сёлета за шэсць месяцаў пайшло з жыцця 260 чалавек, то за гэты ж перыяд мінулага года — 275.
— Ілья Юр’евіч, па якіх прычынах людзі паміраюць?
— Самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца захворванні сістэмы кровазвароту. На другім месцы — анкалагічныя хваробы, а на трэцім — знешнія прычыны (самазабойства, атручванне алкаголем, дарожна-транспартныя здарэнні і траўмы. Сярод 260 памерлых сёлета 52 чалавекі працаздольнага ўзросту, у мінулым годзе іх было 56.
— Мяркую, што сярод вашых работнікаў нямала высокакваліфікаваных спеццыялістаў, шматгадовая праца якіх стала прыкладам для маладых пакаленняў…
— Лепшых спецыялістаў мы штогод узнагароджваем Ганаровымі граматамі. Намеснік галоўнага ўрача Кацярына Шабунько атрымала Падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую плённую працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё аховы здароўя.
Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце мы ўдзяляем прафілактыцы захворванняў, фарміраванню ў насельніцтва здаровага ладу жыцця. Вельмі важна заўсёды памятаць аб тым, што здароўе — неацэнны скарб, які нельга купіць за грошы.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>