У рытме лета

Пасля некалькіх тыдняў дажджу і ліўняў надвор’е нарэшце парадавала сонейкам і цяплом. У Лепель зноў вярнулася спякотнае лета, адметнае няспешным, павольным рытмам. Такім жа павольным, нават разамлелым ад цеплыні і сонца, падаўся аўтару базар у мінулую нядзелю. Наведвальнікаў было не дужа шмат, гэта відаць хаця б па тым, што месца для паркоўкі машыны ў цэнтры горада знайшоў даволі хутка.
У першую чаргу пайшоў “у жалеза” — месца, дзе традыцыйна прадаюцца ўсялякія патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: інструмент, прылады, запчасткі і г.д. Аднак у мінулую нядзелю такіх прадаўцоў было няшмат. Магчыма, многія былі занятыя па гаспадарцы.
Сельгаспляцоўка парадавала разнастайнасцю асартыменту прадукцыі з мясцовых садоў і агародаў. Да бульбы і капусты на прылаўках далучаюцца буракі, морква, цыбуля, кабачкі, часнок. Маладую бульбу прапануюць па цане каля пяці рублёў за вядро, многія прадаўцы прапануюць яе яшчэ кілаграмамі. Самым дарагім таварам быў часнок — па сем рублёў за кілаграм.
Самай значнай разбежкай характарызавалася цана на сталовыя буракі, іх можна было знайсці і за 40 капеек, і за 80. Самымі ж таннымі былі кабачкі — па 40 капеек за кілаграм.
Акрамя гародніны ўбачыў і ягады. Адна жанчына прадавала агрэст, літровае вядзерца ягад каштавала паўтара рубля.
Акрамя мясцовых тавараў было вельмі шмат і прывазных. Лепяльчане ўжо могуць купіць і пакаштаваць кавуны і дыні. Першыя прадаваліся па 80 капеек за кілаграм, другія — па два рублі. Прычым кавуны карысталіся большай папулярнасцю, да канца гандлёвага дня амаль усе былі распрададзеныя. Памідоры з Брэсцкай вобласці ляжалі на прылаўках побач з памідорамі з Украіны. Прычым цана на іх не надта адрознівалася. Беларускія каштавалі 2,2 рубля, украінскія — 2,3. Апельсіны каштавалі 2,5 рубля за кілаграм, баклажаны — 1,8, вінаград — шэсць рублёў.
А вось агуркі з Брэсцкай вобласці карысталіся меншым попытам. Расказвае прадавец:
— На Лепельшчыне ўжо вырастаюць і паспяваюць свае агуркі, іх гаспадыні ахвотней марынуюць, соляць, кансервуюць. Брэсцкія ж набываць сталі радзей, больш каб дадаць у салаты.
Паколькі пачаўся сезон нарыхтовак, звярнуў увагу на посуд для марынавання — шкляныя слоікі. На адной кропцы жанчына прапаноўвала слоікі самых розных аб’ёмаў і формаў. Акрамя традыцыйных слоікаў прадаваліся фігурныя, нібы бочачкі, выцягнутыя, з розным дыяметрам горла. Самымі таннымі былі слоікі паўлітровага аб’ёму — па 35 капеек за штуку. 1,5-літровыя прапаноўваліся па 70 капеек, двухлітровыя — па 1,2 рубля, трохлітровыя — па 1,5. Заўважым, што слоікі пад звычайную накрыўку і пад закрутку цаной не адрозніваліся. Чатырохлітровыя слоікі былі толькі пад закручванне, каштавалі 2,5 рубля.
Там жа можна было купіць і накрыўкі. Напрыклад, звычайныя бляшаныя накрыўкі для нарыхтовак каштавалі ад чатырох да шасці рублёў за 50 штук — у залежнасці ад завода-вытворцы. Самая танная, поліэтыленавая, накрыўка каштавала дзесяць капеек. Упакоўка з дзесяці накрывак з закруткай каштавала 1,5 рубля, удвая большая — тры рублі.
Адным словам, апошні базар стаў цалкам летні як па напаўненні таварамі, так і па няспешным рытме.
Б. САНЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>