Зялёны Востраў. На вуліцы стаіць нясцерпная задушлівая спёка

27 чэрвеня 028 Зялёны Востраў. На вуліцы стаіць нясцерпная задушлівая спёка. Патыхае навальніцаю, на небе пакрысе згушчаюцца хмары і ўжо дзесьці далёка-далёка пагрымлівае. Не прыляцела б чарговая бура! На падворку завіхаецца гаспадар. Твар у яго надзвычай маладжавы, так што яго гадоў Івану Скрабнеўскаму і на дасі. Ніводнай зморшчыны на шчаках, на падбародку, хіба што на пераноссі штосьці незразумелае.

— Гэта ад гранаты, не звяртайце ўвагі, — махае рукою гаспадар, як быццам распавёў пра ўкус авадня.
Ну і аваднёў жа тут, у балацяным Зялёным Востраве! Даймаюць, толькі адмахвайся, не даюць і пагаварыць. Схаваліся ад іх і ад назойлівага сонца ў гаражы — і там няма спакою.
…Бацька ў той час працаваў брыгадзірам на цагельным заводзе. Быў такі ў Зялёным Востраве. І млын тут быў. І завод, і млын спалілі ў вайну партызаны, каб не працавалі на ворага. Партызаны Стаялі ў Стайску, у Весялове, але і сюды захаджвалі.
Маці пякла партызанам хлеб, і тыя прыходзілі да іх у хату, забіралі. І вось аднойчы іх двое ў хаце, людзі капаюць бульбу на агародах. Бачаць: пяць ці шэсць фурманак едуць — немцы ці паліцаі. Павярнулі да іх хаты. Немец толькі дзверы прачыніў, а адтуль крык: “Ванька, ратуйся!” Выскачылі на задні двор, адзін кінуўся наўцёкі агародамі, другі пабег па вуліцы. Гэтага, што вуліцай бег, куля і дагнала. Гітлераўцы загадалі выходзіць з хаты. Ніхто не выйшаў. Кінулі ў акно гранату, а затым абстралялі з аўтаматаў.
Іван кажа, што хвілін пятнаццаць стралялі. Сястра ляжала ў калысцы, і калі б не падушка, забілі б яе. У падушцы восем асколкаў гранаты знайшлі. А яму, Ваньку, асколак трапіў у пераноссе.
— Крыві было мора. Я сагнуўся, а кроў цячэ. Немец мяне за падбародак узяў, а я яго лап зубамі за палец. Той як гакне ў сківіцу. Я ад удару аж паваліўся, бегаў пасля са скрыўленым ротам. Той пісталет схапіў і хацеў застрэліць, а другі яму кажа: “Найн!”
З сям’і нікога не зачапілі, аднак загадалі бацьку, каб назаўтра з’явіўся ў Лепель у камендатуру.
Бацька пайшоў у партызанскі атрад.
— Дуб, як на Тадуліна ісці сцежкаю, першы справа, да гэтага часу партызанскім завуць, — распавядае Іван Іванавіч. — Астанкі пахаванага пад дубам партызана, кажуць, выкопвалі, кудысьці перазахоўвалі.
У вайну Зялёны Востраў спалілі. Скрабнеўскія ўцякалі ў Тадуліна на фурманцы. Чулі тры стрэлы, адна куля трапіла ў аглоблю. У Тадуліне сядзелі гадзіны мо тры ці чатыры, чулі, як патыхае дымам. А ўвечары вярталіся і ўбачылі што вёска гарыць. Мужчын, жанчын, дзяцей — усіх пагналі на Лепель. А раней — шасцярых “прыпіснікоў” (так звалі чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне і прыблукалі ў вёску). З мужчын засталіся жывымі толькі Несцер Гузянок і Яфім Скрабнеўскі. Сорак два чалавекі загналі ў турму, трымалі там, а пасля расстралялі невядома дзе. Хто кажа, што ля Верабак, хто — ля запраўкі…
Пасля вайны Іван Скрабнеўскі павандраваў па свеце. Вучыўся ў мараходцы ў Кранштаце. Мог трапіць служыць гадоў на пяць у падводнікі, аднак трапіў у пагранічнікі. Служыў у Мурманскай вобласці. Два гады вучыўся ў фінскім горадзе Сарвалі. Вярнуўся з арміі ў Казахстан, куды на той час пераехалі бацькі. Пасля выконваў спецзаданні на Байкануры, быў у спецкамандзіроўках у В’етнаме, Камбоджы, Анголе. Пра той свой перыяд распавядае не надта ахвотна, як-ніяк даваў падпіску аб невыдаванні. Хіба што пра экзотыку. Кажа, што спякота стаяла куды мацнейшая, чым сёння. Расказвае пра “вясёлыя хаўтуры”, на якіх тубыльцы ў набедраных павязках скакалі ля агню і радаваліся, што нябожчык трапіў у іншы свет. Прасілі Бога, каб і іх забраў таксама.
Жонку Іван прывёз з Казахстана, а сама яна родам з Украіны. Вярнуўшыся ў Беларусь, васямнаццаць гадоў адпрацаваў на трактары. У яго і зараз на падворку трактар стаіць. Кажа, што яшчэ рабочы. Хоць агарод у Скрабнеўскіх ужо не такі вялікі, абрабляць на трактары няма чаго.
Вырасцілі траіх дзяцей, займелі шасцёра ўнукаў, дачакаліся праўнучкі, якой зараз два месяцы. Жывуць, як усе.
Старыя бярозы, што растуць на падворку, трывожаць Івана Скрабнеўскага. Дрэвы нашэптваюць яму пра вогненнае маленства, палохаюць бураю. Не шуміце, бярозы…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Іван Іванавіч Скрабнеўскі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>