Ярка, змястоўна і захапляльна

294Скончыўся навучальны год — і надышла светлая, заўсёды радасная пара школьных канікулаў. Каб дзеці цікава і змястоўна правялі вольны час, многія бацькі клапоцяцца загадзя. Часта аддаюць перавагу дзіцячым аздараўленчым лагерам. Аб арганізацыі работы летнікаў на базе ўстаноў адукацыі пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам.
— Віктар Уладзіміравіч, на базе якіх канкрэтна ўстаноў адукацыі будуць працаваць аздараўленчыя лагеры і колькі дзяцей плануецца аздаравіць у іх сёлета?
— У лагерах з дзённым знаходжаннем на базе сямнаццаці дзяржаўных устаноў адукацыі запланавана аздаравіць 600 дзяцей. Дзевяць чалавек пройдуць аздараўленне ў дзяржаўнай установе спецыяльнай адукацыі “Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г. Лепеля”. Усе аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем пачалі працаваць з першага чэрвеня.
На базе спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы “Дзяржаўная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Лепельскага раёна” пройдзе аздараўленне 90 выхаванцаў. У кругласутачным аздараўленчым лагеры “Бароўка” плануецца аздаравіць 300 дзяцей. На базе Заслонаўскай сярэдняй школы, Матырынскай дзіцячы сад-сярэдняй школы, раённага цэнтра дзяцей і моладзі адпачне 50 дзяцей.
— Як вядома, аздараўленчыя лагеры раздзяляюцца на некалькі профіляў. Па якіх канкрэтна накірунках тут будзе весціся выхаванне?
— Акрамя адпачынку падлеткі атрымаюць магчымасць і папрацаваць. У лагерах працы і адпачынку на базе гімназіі імя І.М.Ерашова, сярэдняй школы №1, СШ №3 будзе занята 40 чалавек. Хлопцы і дзяўчаты будуць займацца пасільнай працай у гарадскіх арганізацыях і прадпрыемствах. У чэрвені дзесяць выхаванцаў лагера на базе гімназіі імя І.М.Ерашова будуць даглядаць кветнікі ў ЛКУВП ЖКГ “Лепель”. Васямнаццаць выхаванцаў летніка сярэдняй школы №1 будуць працаваць з маладымі ляснымі культурамі ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, а дванаццаць хлопцаў і дзяўчат з лагера на базе СШ №3 будуць даглядаць кветнікі на тэрыторыі ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”.
— Колькі каштуе пуцёўка?
— У аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён кошт пуцёўкі складае 660 тысяч рублёў, у аздараўленчы лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем (18 дзён) — 740 тысяч рублёў. Адпачынак у аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей тэрмінам не менш за дзевяць дзён каштуе 680 тысяч рублёў.
Кошт пуцёўкі ў кругласутачным аздараўленчым лагеры “Бароўка” залежыць ад узросту дзіцяці. Для дзяцей шасці — дзесяці год — тры мільёны 200 тысяч рублёў, адзінаццаці — трынаццаці год — тры мільёны 320 тысяч рублёў, а 14 — 17 гадоў — тры мільёны 400 тысяч рублёў. У аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён на змяншэнне кошту адной пуцёўкі выдзелена дзяржавай адзін мільён 600 тысяч рублёў. Таму аплата для бацькоў дзяцей шасці — дзесяці гадоў складае адзін мільён 600 тысяч рублёў, адзінаццаці — трынаццаці гадоў — адзін мільён 720 тысяч рублёў і 14 — 17 гадоў — адзін мільён 800 тысяч рублёў.
260Рашэннем райвыканкама “Аб арганізацыі аздараўлення, выхаваўчага працэсу і занятасці дзяцей у аздараўленчых лагерах у летні перыяд бягучага года” для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, незалежна ад формы іх устройства на выхаванне, устаноўлена даплата да поўнага кошту пуцёўкі не больш за два разы за год. Для дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей з недахопамі ў псіхафізічным развіцці работнікаў бюджэтных устаноў, якія фінансуюцца з раённага бюджэту, даплата да поўнага кошту пуцёвак складае не больш за адзін раз за год.
Шасці дзецям з названых катэгорый сем’яў, якія будуць адпачываць на базе Бароўскай сярэдняй школы, аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 951500 рублёў. На аднаго дзіцяці, што будзе адпачываць на базе Баброўскай СШ-сада, памер дапамогі склаў адзін мільён рублёў. Памер матэрыяльнай дапамогі для шасці дзяцей, што будуць адпачываць у лагеры на базе Заслонаўскай сярэдняй школы, склаў 630 тысяч рублёў. Дапамога ў памеры адзін мільён 50 тысяч рублёў выдзелена для дзяцей, якія будуць адпачываць на базе Домжарыцкай СШ. Матэрыяльная дапамога ў памеры адзін мільён выдзелена для аднаго дзіцяці з адпаведнай катэгорыі сем’яў, якое будзе аздараўляцца ў летніку на базе Каменскай сярэдняй школы-сада, і г. д.
Выдатнае харчаванне, фізічная загартоўка, культурна-масавыя мерапрыемствы, конкурсы, выставы, гульні на ўлонні прыроды — усё гэта дапаможа зрабіць адпачынак дзяцей яркім, змястоўным і захапляльным.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>