“Шчаслівыя сем’і ўсе падобныя адна на адну”, — сцвярджаў Леў Талстой

IMG_3259  “Шчаслівыя сем’і ўсе падобныя адна на адну”, — сцвярджаў Леў Талстой. Цяжка не пагадзіцца са знакамітым пісьменнікам. Сапраўды, на выставе “Сямейны партрэт”, якая адкрылася ў мастацкім салоне “Скарбонка”, ёсць нейкае падабенства. Гэта сем’і, у якіх пануе лад, каханне і ўзаемаразуменне.

— Творчы праект “Сямейны альбом” — наша ініцыятыва, — распавядае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тамара Бароха. — Вялікую падтрымку аказалі раённыя ад­дзяленні Беларускага фонду міру і “Белай Русі”, раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Фотавыстава — толькі першы этап. Наведвальнікі мастацкага салона “Скарбонка” ўбачаць шмат сямейных дынастый, якія праслаўлялі і праслаўляюць родную Лепельшчыну. Раённы музей прадставіў гістарычныя фотаздымкі. Партрэтныя калажы зрабіла творчы супрацоўнік раённай бібліятэкі Іна Юшко.

На выставе — сорак фотаальбомаў. Сярод іх дынастыі творцаў, спартсменаў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, медыкаў. Кожны з яркіх і цікавых фотаздымкаў мае сваю гісторыю.

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна. Закончыў аддзяленне журна­лістыкі БДУ. Працаваў у рэдакцыях раённых газет у Давыд-Гарадку, Камянцы, Клімавічах, Рагачове. Быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Іван Мікалаевіч Будзіч — педагог, знакаміты разьбяр па дрэве. Дзеці Дзмітрый і Ганна таксама звязалі сваё жыццё з творчасцю. Работы творчай суполкі можна ўбачыць не толькі ў Беларусі, але і ў Даніі, Германіі, Малдове, Расіі.

Спартыўная сям’я Паповых праславіла родную Лепельшчыну на ўвесь свет. Георгій і Галіна — майстры спорту, трэнеры барацьбы самба і дзюдо. Самбіст  Сцяпан Папоў — чэмпіён свету і Еўропы, пераможца Першых Еўрапейскіх ігр у Баку. Аляксей Папоў — знакаміты трэнер.

Сям’я Анікей жыве ў вёсцы Слабада. Маргарыта Васільеўна — настаўніца гісторыі, краязнаўца. Сумесна з пошукавым клубам “Нашчадкі” правяла вялікую работу па перапахаванні ўдзельніка вайны, лётчыка-земляка Мікалая Пшонкі. Гаспадар Мікалай Аляксандравіч трыццаць год адпрацаваў ляснічым у Слабадскім лясніцтве. Узнагароджаны граматай Міністэрства лясной гаспадаркі. Сям’я Анікей выхоўвае двух дзяцей і чатырох унукаў.

Радзіма шматдзетнай сям’і Крыцкіх — вёска Аношкі. У 2009 годзе Валянціна Крыцкая стала жанчынай года Беларусі за значны ўклад па духоўна-маральным адра­джэнні народных традыцый у Рэспубліцы Беларусь. Адзін з галоўных захавальнікаў старажытнага аўтэнтычнага свята “Жаніцьба Цярэшкі”. Выхавала дзевяць дзяцей.

Аляксандр Гінель — урач-хірург, намеснік галоўнага ўрача па АПР. Жонка Ірына Аляксандраўна — дзіцячы стаматолаг. Расце сын. Сям’я Гінель актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх і спартыўных святах.

Адзначаныя сем’і — толькі маленькая частка вялікага фотаальбома.  І  няма сумненняў у тым, што скарбонка фотаздымкаў будзе паступова папаўняцца.

Я. МІКАЛАЕЎ.   

 На здымку: сям’я Будзічаў каля свайго сямейнага фотаальбома.

IMG_3283 IMG_3267 IMG_3251 IMG_3249 IMG_3248

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>