У актавай зале раённага Дома культуры адбыўся раённы сход па выбарах дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу ад Лепельскага раёна

IMG_2937 У актавай зале раённага Дома культуры адбыўся раённы сход па выбарах дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу ад Лепельскага раёна. З прывітальным словам да ўдзельнікаў сходу звярнуўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан. У склад рабочага прэзідыума ўвайшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шыкшнян, старшыня Лепельскага раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Мілы, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Севярын і дырэктар ДБУ-34 Аляксандр Балтрушэвіч.

На шэраг важных аспектаў указаў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. У прыватнасці, Барыс Сяргеевіч адзначыў, што права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы стала патрабаваннем часу. Адной з яго важнейшых формаў у рэспубліцы з’яўляецца Усебеларускі народны сход.
Такая форма народаўладдзя арганічна ўваходзіць у палітычную сістэму беларускай дзяржавы, паколькі галоўнае яе прызначэнне — вызначэнне асноўных накірункаў і параметраў развіцця дзяржавы, выпрацоўка плана эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны на наступны пяцігадовы тэрмін. Такая форма ўпраўлення з’яўляецца гарантыяй сацыяльна-палітычнай стабільнасці краіны.
На пятым Усебеларускім народным сходзе будзе распрацавана сумесная агульнанацыянальная праграма дзейнасці ўсёй краіны на 2016 — 2020 гады. Аднак перш чым зазірнуць у будучыню, неабходна даць адзнаку зробленаму, прааналізаваць, што здзейснена ў раёне, над чым яшчэ трэба папрацаваць. У 2011 — 2015 гадах захавана станоўчая дынаміка развіцця асноўных галін эканомікі, забяспечана стабільная сітуацыя на рынку працы.
У цэлым за мінулую пяцігодку аб’ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах выраслі ў пяць разоў, па індэксе фізічнага аб’ёму — у 1,3 раза. Рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі вырас у 1,3 раза, экспарт тавараў — у 1,2, а экспарт паслуг — у 1,2 раза.
Асвоена звыш 1,3 трыльёна інвестыцый у асноўны капітал. Рэалізаваны важнейшыя інвестыцыйныя праекты: мадэрнізацыя энергетычнай гаспадаркі ААТ “Лепельскі МКК”, будаўніцтва малочнатаварнай фермы “Цаліна”. Вядуцца работы па будаўніцтве водазабеспячэння г. Лепеля (карэкціроўка №2), другая чарга будаўніцтва, палігона цвёрдых бытавых адходаў, па будаўніцтве свідравіны па здабычы мінеральнай вады з падводкай да лячэбнага корпуса і будаўніцтва бювета на тэрыторыі КУП ДРАЦ “Жамчужына”.
На ААТ “Лепельскі электрамеханічны завод” і ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” праведзена тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці. Філіялам “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” працягваецца мадэрнізацыя камбікормавай вытворчасці, пабудаваны склад гатовай прадукцыі. У 2012 годзе ўведзены ў эксплуатацыю племрэпрадуктар на чатыры тысячы галоў свіней у вёсцы Забалацце. Закуплена абсталяванне і ўведзена ў эксплуатацыю лінія лушчэння збожжа.
Уведзена ў эксплуатацыю 72,4 тысячы квадратных метраў жылля. Пабудавана дванаццаць шматкватэрных жылых дамоў, добраўпарадкаваны вуліцы мікрараёна “Садовы”. Пабудавана 48,1 кіламетра газаправодаў, а таксама 12,5 кіламетра сетак водаправода.
Перад абраннем дэлегатаў на пяты Усебеларускі народны сход прадстаўнікі працоўных калектываў далі характарыстыкі сваіх калег, расказалі аб іх працоўных дасягненнях. Шляхам адкрытага галасавання адзінагалосна было абрана дзесяць дэлегатаў на пяты Усебеларускі народны сход. Гэта намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай рабоце — начальнік ідэалагічнага аддзялення в/ч 71327 Дзмітрый Глінскі, аператар машыннага даення КУВСГП “Лепельскае” Марыя Гарбаўская, старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў, дырэктар КУП “ДРАЦ “Жамчужына” Вера Закрэўская, дырэктар ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” Міхаіл Кісялевіч. Дэлегатамі пятага Усебеларускага народнага сходу таксама сталі камандзір цяжкага гаўбічнага артылерыйскага ўзвода — старшы афіцэр на цяжкай гаўбічнай артылерыйскай батарэі в/ч 22313 Алег Макейчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Севярын. Дэлегатамі абраны таксама загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Скорба і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шыкшнян.
Пасля завяршэння раённага сходу ўвазе гледачоў быў прадстаўлены канцэрт творцаў Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў і раённага Дома культуры.
Пяты Усебеларускі народны сход і выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — важнейшыя палітычныя падзеі ў жыцці нашай дзяржавы ў бягучым годзе. І менавіта ад нас, ад нашай пазіцыі будзе залежаць будучыня краіны.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: дэлегаты пятага Усебеларускага народнага сходу ад Лепельскага раёна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>